Смяяцца, але не высмейваць

- 11:29Прафесіяналы

Заўтра, 1 красавіка, Міжнародны дзень смеху і жартаў. Каб даведацца, як жыць нясумна, як укласці гумар у рамкі, як навучыцца смяяцца, а не высмейваць, я запрашаю вас у Рэчыцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі да мастака Анатоля ШЧОГАЛЕВА. Ён педагог, графік, жывапісец, дызайнер, дэкаратар, карыкатурыст, але найбольш вядомы як шаржыст. Шаржы мастака на знакамітых людзей — артыстаў, спартсменаў, акцёраў, медыйных асоб — знаходзяцца ў галерэях, музеях і прыватных калекцыях больш як 20 краін свету.

Анатоль Шчогалеў намаляваў шарж на Юрыя Куклачова.

Шаржыст-гумарыст

— Колькі сябе памятаю, столькі я з алоўкам. Нас у маці было трое, і яна выхоўвала нас адна. Купіць столькі цацак, колькі нам хацелася, не атрымлівалася. Таму ўсё, чаго нам не хапала, я дамалёўваў. Я быў цікаўным дзіцем: шмат чаго хацеў спытаць і шмат чаго хацеў расказаць. А гэта мне прасцей было зрабіць на малюнку. Таму маляванне для мяне было яшчэ і спосабам зносін: калі хачу даведацца пра нейкую незнаёмую для мяне рэч, мне прасцей яе намаляваць і спытаць, што гэта і для чаго, — успамінае Анатоль.

Ужо ў школе Анатоль часта маляваў карыкатуры (нельга ж любіць усе прадметы аднолькава, таму маляванне ў сшытках на апошняй парце — класіка жанру). Звычайна ў карыкатуры ён прарысоўваў нейкія сітуацыі, а не канкрэтных Васю ці Пецю. Напрыклад, маляваў асілка на прыпынку, які не можа здагадацца дапамагчы жанчыне ўнесці каляску ў транспарт.

У мастацкай школе і мастацкім вучылішчы Анатоль асвоіў і іншыя жанры — ад графікі да жывапісу, займаўся роспісам сцен, лепкай і г.д. І ўсё ж галоўным у яго жыцці сталі шаржы.

Шаржы Анатоля не падобныя на шаржы ў прывычным разуменні, бо задачы вы­смеяць персанажа ці яго знешнасць мастак ніколі перад сабой не ставіў. Галоўная яго задача — пацешыць чалавека. Сапраўды, без усмешкі на гэтыя шаржы глядзець немагчыма.

Пачалася гэтая гісторыя з выставы ў Гомелі гадоў 7 назад. Канстанцін Цярэшчанка, ён жа дыджэй Кастафей і знакамітая асоба ў горадзе, іграў на адкрыцці адной з выстаў Анатоля, і ў знак удзячнасці мастак намаляваў яму яго шарж. Гэта стала прыемным сюрпрызам як для самога Канстанціна,так і для гараджан, бо яны мелі магчымасць убачыць шарж на вядомага ў горадзе чалавека. З таго часу Анатоль пачаў маляваць усіх, да каго “рукі дацягваліся”. Так пашыралася геаграфія яго шаржаў.

Дзмітрый Калдун.

Калі першыя разы Анатоль тлумачыў, хто ён і чаго хоча ад артыстаў, якія прыязджалі ў Беларусь, то потым у гэтым ужо не было неабходнасці, амаль кожны з іх атрымліваў у падарунак шарж ад знакамітага мастака. Такіх шаржаў ён падарыў больш за сотню. Утрая больш зроблена на заказ, а больш простых шаржаў налічваецца пад тысячу.

— Гумар — міжнародная мова. Яе разумеюць усе. Гэта антыдэпрэсант, бо любую праблему можна абсмяяць і яна ўжо не такая страшная, — расказвае пра прызначэнне сваіх шаржаў мастак. — Для мяне важная сама персона таго, каго я малюю. Неабавязкова гэта чалавек, чыёй творчасцю я захапляюся (густы ж розныя), але мне прынцыпова, каб гэты чалавек радаваў іншых сваім існаваннем, сваёй творчасцю. У мяне былі выпадкі, калі я адмаўляўся маляваць некаторых артыстаў. Напрыклад, выканаўцаў, якія мацюгаюцца, абражаюць іншых і ўзводзяць амаральны лад жыцця ў норму. Мне такія людзі і іх творчасць нецікавыя, таму маляваць іх я не бяруся.

Цяпер у серыі шаржаў на вядомых людзей “Героі майго часу” больш за 100 работ: “БІ-2”, “Акіян Эльзы”, “БандЭрас”, Дзіма Білан, Дзіяна Арбеніна, Валерый Кіпелаў, Максім Аверын, Вера Брэжнева, Яўгеній Петрасян, доктар Камароўскі, бізнес-трэнер Ра­дзіслаў Гандапас… Шаржы з Рэчыцы ёсць у брытанскага гурта Smokie, у “Касты”, “Бумбокса” і іншых.

Брытанскі гурт Smokie.

Аўтар адзначае, што ў пачатку шаржавай эпапеі даводзілася тлумачыць арганізатарам канцэртаў, навошта яму трэба за кулісы і што ён хоча падарыць артысту. Але літаральна за першы год сфарміравалася велізарнае кола знаёмстваў з дырэктарамі канцэртных пляцовак, прадзюсарамі, агенцтвамі. Цяпер яны часта тэлефануюць самі, расказваюць пра канцэртныя планы і прапануюць зрабіць падарунак артысту.

Можа здацца, што Анатоль — альтруіст. Насамрэч для яго гэта магчымасць праз сваё мастацтва спазнаваць штосьці іншае:

— Свет — гэта каталог. Ты туды зайшоў, аддана і шчыра папрацаваў і ўзяў тое, што табе трэба. Атрымліваецца, мастацтва аб’ядноўвае, — гаворыць Анатоль. — Я за апошнія гады быў больш як на 50 канцэртах, фэстах і г.д. Так, я не бяру грошы за свае шаржы, але ад “праходкі” і магчымасці наведваць не толькі канцэрты, але і прэс-канферэнцыі я не адмаўляюся. Яшчэ вельмі люблю матацыклы, але ў мяне матацыкла няма, затое ёсць серыя карцін на гэтую тэму, якія ведаюць усе байкеры. Таму мяне запрашаюць на рэспубліканскія і міжнародныя мота- і аўтафэсты, такія як мотафэст “Кола часу” і найбуйнейшы аўтафестываль краіны SunDay.

Анатоля Шчогалева жартам назы­ваюць серыйным мастаком, бо з 2002 года ён прадставіў больш за 30 сваіх выстаў, у аснове якіх розныя серыі карцін. Самая вядомая серыя “Каты-профі”, дзе ўсе магчымыя прафесіі аўтар прымераў да катоў, намаляваўшы па некалькі малюнкаў на кожнае прафесійнае свята з календара. З гэтай серыяй яго запрашалі выставіцца ў многіх гарадах Беларусі. Час ад часу яна працягвае развівацца: для чэмпіянату свету па хакеі Анатоль намаляваў 16 катоў-хакеістаў па колькасці краін-удзельніц. Людзі пазычаюць яго катоў-профі і пераносяць малюнкі на свае сувеніры — ад маек да кубкаў. Не менш вядомая і серыя “Гарады” — гэта архітэктурныя помнікі і славутасці гарадоў Беларусі і яе краін-суседак. Працягвае развівацца вялікая байкерская серыя. У планах мастака — завяршыць распачатую серыю “Душа поспеху”, у аснове якой будуць матывацыйныя фразы Генры Форда, Чэрчыля, Рычарда Брэнсана і інш.

Інтэлектуальнае маляванне

Увесь свет складаецца з каробак і пакецікаў. Гэта вельмі сціслы пераказ таго, чаму вучыць Анатоль на сваіх занятках хлопчыкаў і дзяўчынак у Рэчыцкім цэнтры творчасці. Яго практычныя заняткі — мастацкае адточванне вышэйзгаданага прынцыпу.

— Мы бачым розныя рэчы: камп’ютар, клавіятуру, кубак — але, калі размяркоўваеш на аркушы святло, бачыш, што ў кожнага прадмета, як і ў каробкі, тры плоскасці: левая, правая і верх. У трохвымернай прасторы любы прадмет будуеш менавіта так, а ўжо потым счэсваеш вуглы і атрымліваецца красоўка, прас ці нават галава — нездарма ж кажуць “чарапная каробка”, — тлумачыць сваю нечаканую тэорыю мастак. — А сцвярджэнне, што ўсё ў свеце пакрыта пакетамі, дапамагае тлума­чыць дзецям паняцце планавасці. Мае выхаванцы думаюць, што паветра не блакітнае, а празрыстае, таму ўсе планы: і першы, і другі, і задні — яны аднолькава прарысоўваюць. Я ж ім прапаную ўзяць паштоўку і накрыць яе пакетам — усё відаць добра. А калі скласці пакецік удвая, выява мутнее. Калі ў 16, 32 разы — нават абрысаў паштоўкі не будзе відаць, прычым у залежнасці ад колеру пакета мяняецца і колер паштоўкі. Дык вось паветра як пакет. Зблізу відаць добра, а чым далей ад вачэй, тым больш паміж вокам і прадметам паветра — слаёў пакета. Так, напрыклад, зблізу дом бачны добра, а калі ён на гарызонце, то становіцца мутным і блакітным — гэта і ёсць эфект пакетаў. Канечне, кампаноўка, сюжэт і г.д. не менш важныя, але ўсё гэта другаснае. Пакуль ты не навучыўся маляваць прадмет, выбудоўваць сюжэт не мае сэнсу.

Самі заняткі Анатоль Анатольевіч будуе адмысловым чынам, не падстройваючыся пад праграму. Ён не аб’яўляе адну тэму на ўсіх — у кожнага яна свая, прычым дзеці самі выбіраюць яе для сябе. Толькі так, упэўнены педагог, можна зацікавіць падрастаючае пакаленне мастацтвам, тым больш што працуе ён толькі са старшакласнікамі:

— Я ў дзяцінстве займаўся ў мастацкай школе па 3—4 гадзіны 4 разы на тыдзень (супраць іх двухгадзінных заняткаў па 2 разы на тыдзень), плюс у маім дзяцінстве не было інтэрнэту. Таму мы ставілі пастаноўку і, як належала па праграме, малявалі яе 12 гадзін. Сённяшнія дзеці з іх кліпавым успрыманнем рэчаіснасці не могуць столькі часу маляваць адну кампазіцыю. Яны хочуць на кожных занятках маляваць нешта новае. Калі ласка!

Яшчэ адным адкрыццём для маіх навучэнцаў было тое, што маляванне — гэта мысленне. Праз пару месяцаў яны мне ка­жуць: “А! Дык у вас тут пастаянна трэба думаць! Мы меркавалі, што маляванне — гэта магчымасць адпачыць, расслабіцца”. Не. Расслабіцца можна, малюючы мандалы і іх раслінны арнамент. А як толькі вы пачынаеце маля­ваць нейкую форму, уключаецца прасторавае мысленне, і вы маеце справу з матэматыкай, чарчэннем, развіццём вакамера, перадачай планавасці. Вось як дом намаляваць? Трэба ж і вокны разлічыць, пад’езды. Да таго ж мастак павінен хоць трохі разбірацца ў тым, што ён малюе, каб яго дом не высмеяў будаўнік, каб механік не сказаў, што такой машына быць не можа і г.д. Маляванне — гэта і аналіз, самаразвіццё.

Пляцоўка для старту

Аналіз і самаразвіццё склалі аснову яшчэ аднаго праекта Анатоля Шчогалева — “STARt-пляцоўка”. Яго сутнасць у тым, каб перадаваць жаданне рэалізоўваць сябе маладым людзям, як правіла, студэнтам і навучэнцам. Не менш важнай часткай праекта стала навучанне таму, як арганізаваць эфектнае культурна-масавае мерапрыемства — уласную выставу, прэзентацыю, канцэрт, фестываль або творчы вечар у сферы культуры, спорту, бізнесу ці шоу-індустрыі. Сярэдняя школа ў Ровенскай Слабадзе, дзе мастак пачынаў свой шлях настаўнікам малявання, Рэчыцкі педкаледж, Гомельскі мастацкі тэхнікум, Гомельскі ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і іншыя ўстановы не раз станавіліся “STARt-пляцоўкамі”.

Нік Вучыч.

За плячыма Анатоля — арганізацыя і ўд зел у шматлікіх мерапрыемствах. Ён упэўнены: ёсць універсальныя прыёмы, якія можа прымяняць кожны, хто рыхтуе ўласную арт-падзею. Пасля кожнага мерапрыемства Анатоль аналізаваў, што атрымалася ўдала, а што можна было зрабіць лепш. Потым пачаў сістэматызаваць гэтыя назіранні па пунктах і блоках. Атрымалася цэлая метадычка. Анатоля часта запрашаюць у мастацкія каледжы, універсітэты расказаць, як падысці да сваёй першай выставы. Рыхтуючыся да гэтых выступленняў, мастак кожны раз пісаў тэксты. Яны складваліся ў стосы аркушаў, якія пастаянна раслі. І сёння гэтых матэрыялаў сабралася на цэлую кнігу.

— Гэта не толькі мой вопыт. Каб намаляваць шаржы, я кожны раз паглыбляўся у гісторыі іх герояў — вывучаў іх біяграфіі, гісторыі поспеху, аналізаваў іх і рабіў высновы. Калі знайду талковага карэктара, пастараюся выдаць гэта адной кнігай, — гаворыць Анатоль.

Паралельна ён запусціў YouTube-канал “Шчогалеў-live”, які сам вядзе, здымае відэа, манціруе, рэдагуе. Гэта вялікія інтэрв’ю з вядомымі кампетэнтнымі людзьмі, так ці інакш звязанымі з мастацтвам.

— У свеце пануе абыякавасць, многія думаюць, што ўсё вызначаюць грошы, роўна як і поспех, славу і г.д., а мае героі даказваюць, што толькі жаданне рухацца наперад і развівацца вядуць да поспеху, — расказвае Анатоль.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Анатоля ШЧОГАЛЕВА.