Снегу сёлета хапіла ўсім

- 10:00Навіны рэгіёнаў

Каманда галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама прыняла ўдзел у спартыўным свяце “Гомельская лыжня — 2021”. Кіраўнік упраўлення Руслан Смірноў і яго намеснікі ўдзельнічалі ў VIP-забегу. Спаборніцтвы разгарнуліся ў біятлонным комплексе “Сож”, які адкрылі ў Гомелі больш як год назад.

Для ўсіх аматараў пракаціцца на лыжах былі арганізаваны масавыя забегі — асобна сярод мужчын і жанчын у пяці ўзроставых групах. Дыстанцыі розныя: 2000, 1000, 500 метраў — у залежнасці ад этапу і катэгорыі ўдзельнікаў. У гэтых спаборніцтвах таксама прынялі актыўны ўдзел прадстаўнікі сістэмы адукацыі Гомельшчыны. Увогуле ж, абласная лыжня сабрала больш за тысячу спартсменаў-аматараў. Ва ўсіх толькі станоўчыя водгукі пра якасц­ь падрыхтаванай трасы.

За межамі трасы было арганізавана месца для карыснага адпачынку. На пляцоўцы побач з зонай для размінкі размясцілі інтэрактыўныя пляцоўкі для дарослых і дзяцей ад ратавальнікаў. Для тых, у каго на свежым паветры разгуляўся апетыт, была разгорнута палявая кухня з сапраўднай салдацкай кашай.

Пераможцы лыжных гонак атрымалі прызы. Па выніках “Гомельскай лыжні” будзе сфарміравана зборная каманда вобласці, якая прыме ўдзел ва ўсебеларускай лыжні 13 сакавіка.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.