“Снежны снайпер — 2021”: дадатковы ўзрост і анлайн-трансляцыя

12 і 14 лютага прайшлі фінальныя гонкі рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. 196 школьнікаў з усёй краіны сабраліся ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімніх відах спорту “Раўбічы”. Усе яны — аматары біятлона, некаторыя — прафесіяналы ў іншых відах спорту.

Сёлета спаборніцтвы чакала некалькі змяненняў. Па-першае, замест трох узро­ставых катэгорый было чатыры. Летась “Снежны снайпер” не праходзіў (банальна не было снегу), таму “выпаўшых” спартсменаў 2004 года нараджэння паклікалі выступіць зараз. Па-другое, трыбуны пуставалі без гледачоў, чаго нельга сказаць пра YouTube-канал Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. На ім два дні ішла трансляцыя спаборніцтваў, з каментатарам, зменай планаў і праездамі камер. Усё як у дарослым біятлоне. Відэа захаваліся на канале, таму, калі хочацца перагледзець самыя гарачыя моманты ці ўбачыць сябе збоку, усё магчыма.

“Біятлон для Беларусі вельмі важны від спорту. Ён развіваецца ў нашай краіне, — гаво­рыць намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка. — Створаны выдатныя ўмовы для хлопчыкаў і дзяўчынак, усё больш іх прыхо­дзіць займацца. За апошнія 2—3 гады ў Беларусі пабудавалі каля 14 цэнтраў па біятлоне. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы аднавілі выраб уласных лыж, толькі для ўстаноў адукацыі іх закуплена больш за 35 тысяч. Мы самі вырабляем і лыжныя чаравікі, і лыжныя палкі, і матэрыялы для змазкі лыж”.

У першы дзень спаборніцтваў праходзілі спрынтарскія гонкі. Для малодшай групы (2009—2010 г.н.) траса складала 1,8 км, для сярэдняй (2007—2008 г.н.) — 2,4 км, для старэйшых (2005—2006 г.н. і 2004 г.н.) — 3 км. Лідарам па медалях стаў Мінск. Яго спартсмены ўзялі 4 залатыя, 5 сярэбраных і 4 бронзавыя ўзнагароды.

Марыя Гнедчык, навучэнка сярэдняй школы № 85 Мінска, пераможца ў спрынце (2004 г.н.): “Гэта адны з маіх самых любімых спаборніцтваў, адчуваю сябе як сур’ёзная спартсменка на дарослым турніры. Арганізатары пастараліся: траса ідэальная, ёсць моцныя саперніцы. У “Снежным снайперы” ўдзельнічала ўжо 7 разоў, у 6 з іх выйгравала асабі­стыя гонкі”.

Яна Кузьміч, навучэнка гімназіі № 29 Мінска, сярэбраны прызёр у спрынце (2004 г.н.): “Вельмі люблю гэтыя спаборніцтвы, упершыню прыехала сюды ў 2014 го­дзе. Яны сталі ўжо роднымі, праўда, у гэтым годзе не хапае гледачоў. Мы ўжо прызвычаіліся, што ўсе крычаць, балеюць. Гадоў 5 назад я брала прызавое месца ў каманднай гонцы, таму была вельмі рада, калі паказала вынік у асабістай. Гэта было нечакана. Напэўна, сёлета дапамаглі добрыя трэніроўкі на зборах і чыстая стральба”.

Другой па колькасці медалёў стала Магілёўская вобласць, яе спартсмены ўзялі па дзве ўзнагароды кожнай вартасці. Трэцяй — Мінская вобласць з дзвюма залатымі медалямі.

Праз дзень школьнікі вярнуліся на трасу “Раўбіч”, каб прабегчы змешаныя эстафеты. Кіламетраж такі ж для кожнага чалавека, агульны — памножаны на чатыры. Зноў у лідарах была каманда Мінска. Яе прадстаўнікі заваявалі 3 залатыя, 2 сярэбраныя і 2 бронзавыя ўзнагароды. “Калі пазаўчора было ветрана, падаў сняжок, то сёння нам пашчасціла з надвор’ем, — дзеліцца прадстаўнік каманды Мінска загадчык вучэбна-метадычнага кабінета фізкультурна-спартыўнага цэнтра Кастрычніцкага раёна Мінска Уладзімір Кучынскі. — Не хапае гледачоў, з імі заўсёды весялей, дзеці хутчэй гоняць, але і так добра. Тое, што ў мінулым годзе спаборніцтвы не праходзілі, асабліва не паўплывала на форму спартсменаў, у нас было больш часу падрыхтавацца, ды і 2004 году дазволілі выступіць. Ніхто нічога не страціў”.

На другім месцы, як і ў асабістых гонках, — Магілёўская вобласць (1 залаты, 1 сярэбраны і 1 бронзавы медаль). На трэцім — Мінская вобласць, якая папоўніла скарбонку адной бронзавай узнагародай. У старэйшай групе (2004 г.н.) на другі п’едэстал паднялася каманда Гомельскай вобласці.

Вячаслаў Шэпелеў, навучэнец Побалаўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна, удзельнік змешанай эстафеты (2009—2010 г.н.): “На гэтых спаборніцтвах я ўпершыню, і мне вельмі спадабалася! Па-першае, давалі класныя падарункі, па-другое, я знайшоў новых сяброў, па-трэцяе, тут такі святочны дух! Ад маштабу адчуваецца хваляванне. Калі я падышоў да стральбы, яно найбольш праявілася. Але пасля фінішу ў мяне быў святочны настрой, хоць мы і не ўзялі прызавое месца”.

Магчыма, у наступным годзе беларускім школьнікам прыйдзецца спаборнічаць не толькі паміж сабой, але і з расійскімі спартсменамі, гаварыў пра планы пашырэння “Снежнага снайпера” Ігар Петрышэнка. Для ўдзель­нікаў гэта значыць больш адданая праца, затое для гледачоў — яшчэ больш яркае відовішча.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара і БелТА.