Сноўская жамчужына

- 16:58Культура

Захаванне і прымнажэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей мае выключна важнае значэнне для развіцця нацыянальнай культуры. Мы задаліся пытаннем: “А што канкрэтна можам зрабіць мы, навучэнцы і педагогі Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна, для захавання культурнай спадчыны нашай малой радзімы?” І прыйшлі да высновы, што ў нашых сілах дэталёва вывучыць гісторыю родных мясцін, правесці рэканструкцыю палаца Рдултоўскіх шляхам стварэння макета яго знешняга выгляду ў ХIХ стагоддзі, а таксама распрацаваць новы турыстычны маршрут для навучэнскай моладзі.

Для рэканструкцыі палацава-паркавага ансамбля Рдултоўскіх у ХIХ стагоддзі і стварэння макета яго знешняга выгляду ў гэты перыяд мы даследавалі матэрыялы гістарычнага музея Сноўскай сярэдняй школы, літаратурныя крыніцы, якія змяшчаюць яго апісанне, копію літаграфіі Напалеона Орды другой паловы ХIХ стагоддзя “Палац Рдултоўскіх у Снове”, што захоўваецца ў школьным гістарычным музеі, фотаздымкі палацава-паркавага ансамбля ў розныя гады з прыватных калекцый, а таксама правялі візуальныя назіранні і неабходныя для маштабавання замеры непасрэдна на аб’екце. Заняліся гэтай працай навучэнцы 11 “А” класа Вікторыя Рацкевіч, Андрэй Сырыца і іх кіраўнікі — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Платонаўна Табачка, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Умелец” Валерый Мікалаевіч Раковіч, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Умелыя рукі” Таццяна Леанідаўна Глінская.

На шчасце, у цяперашні час палацава-паркавы ансамбль Рдултоўскіх у Снове знаходзіцца ў нядрэнным стане. Яго непаўторнасць і выразнасць адлюстроўваюцца ў архітэктурных і ландшафтных асаблівасцях. У прасторы першага паверха дамінуе парадная зала, аформленая нішамі, каланадай. У зале захаваліся аўтэнтычныя паркет і ляпніна. У бакавых крылах і павільёнах былі службовыя і гаспадарчыя памяшканні, на другім паверсе — жылыя і спальныя пакоі. Асаблівасцю ўнутранай планіроўкі палаца з’яўляецца тое, што ў ім больш за 100 памяшканняў.

Парк размяшчаецца на плошчы 4,5 га. Палац, што знаходзіцца ў цэнтры паркавай кампазіцыі, дзеліць яе на дзве часткі: перад галоўным фасадам палаца размясціўся партэр з кветнікам плошчай каля 2 га, а з боку палацавага фасада — пейзажная частка з пасадкамі дрэў. У розных крыніцах згадваецца, што межы парку акрэсліваюць магутныя алеі граба, елак і арэшніку. Да самога палаца вяла пад’язная ясенева-ліпавая алея. Цэнтрам паркавай кампазіцыі з’яўляецца ўнікальная водная сістэма з астраўкамі, якія звязаны паміж сабой пешаходнымі масткамі. Вада паступае з падземных крыніц і з ручая-прытоку ракі Сноўкі. Можна меркаваць, што ў мінулым у парку і на берагах вадаёмаў размяшчаліся малыя архітэктурныя формы. Намі былі вывучаны і асаблівасці флоры і фаўны парку.

Наступны этап правядзення рэкан­струкцыі — вывучэнне і аналіз яго малюнка на копіі літаграфіі Напалеона Орды другой паловы ХIХ стагоддзя. Потым мы параўналі гэты малюнак з фотаздымкамі палацава-паркавага ансамбля Рдултоўскіх, зробленымі ў 1911, 1918, 1930, 1970 годзе, а таксама з вынікамі візуальнага агляду палаца, праведзенага намі ў лютым 2019 года. Параўнальны аналіз малюнкаў і фота­здымкаў з сучасным выглядам дазваляюць зрабіць выснову, што знешні выгляд палаца Рдултоўскіх практычна не змяніўся з дня будаўніцтва, нягледзячы на амаль 200-гадовую гісторыю.

Наступным этапам нашай працы стала прарысоўка эскізаў будынкаў. За аснову быў узяты матэрыял — фанера, паколькі ён досыць просты ў выразанні, лёгкі і адначасова трывалы. Па зробленых эскізах мы апісалі контуры, якія пасля былі выразаны электралобзікам. Далей усе бакавіны “зашкурылі”. З гатовых дэталей склеілі макет палаца. Расліннасць зрабілі з дроту, афарбаванай губкі, шышак елкі і паперы. Асновай стаў ліст фанеры, на якім мы намалявалі акрылавымі фарбамі фон, дарогу, таксама выклалі абрыс сажалкі. Калі былі гатовы ўсе дэталі, злучылі ўсё гэта на адной тэрыторыі, дадалі раслін­насць. У выніку рэканструкцыі мы стварылі макет палаца Рдултоўскіх ХIХ стагоддзя, скарыстаўшыся данымі інвентароў фондаў школьнага гістарычнага музея, копіяй літаграфіі Напалеона Орды другой паловы ХIХ стагоддзя, фотаздымкамі, зробленымі ў розныя перыяды, назіраннем.

Макет палацава-паркавага ан­самб­ля Рдултоўскіх размешчаны ў гістарычным музеі Сноўскай сярэдняй школы і выкарыстоўваецца ў якасці важнага экспаната пры правядзенні экскурсій. Таксама на аснове макета можна расказваць пра характэрныя рысы архітэктуры палацавых комплексаў ХIХ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі. У нашай працы будзе працяг. Мы плануем стварыць віртуальную 3D-мадэль палацава-паркавага ансамбля з гукавым суправаджэннем, з вобразамі яго былых уладальнікаў. Намі распрацаваны і экскурсійны маршрут “Архітэктурныя помнікі аграгарадка Сноў” з прадстаўленнем макета палаца. У гэты экскурсійны маршрут, акрамя палацава-паркавага ансамбля Рдултоўскіх, увайшлі таксама касцёл Іаана Хрысціцеля (1760 г.), царква Казьмы і Даміяна (1836 г.), палац Гарцінгаў (1913 г.).

Наталля ТАБАЧКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна.
Фота аўтара.