Сны манежа

Напэўна, кожны з дзяцінства памятае чароўную цацку, імя якой “калейдаскоп”. Яе дзівосныя ўзоры нікога не пакідалі абыякавым і прымушалі задумацца, як жа яны ўтвараюцца. Аднак, разабраўшы цацку, большасць была крыху расчаравана, бо складалася яна ўсяго толькі з люстэрка і рознакаляровага шкла або пластмасак. Гэтымі днямі Белдзяржцырк прапаноўвае зазірнуць у свой “Цыркавы калейдаскоп”, які складаецца з дзевяці адметных карцінак-нумароў, і, паверце, нават даведаўшыся пра ўсе тонкасці іх стварэння, расчараваны не будзе ніхто.

Як думаеце, з якіх сюжэтаў мог бы складацца цыркавы калейдаскоп? Наўрад ці яго можна ўявіць без вясёлых клоўнаў, віртуозных жывёлак-трукачоў і волатаў-асілкаў, а ў нашым выпадку яшчэ і без неверагодных паветраных гімнастаў і коннікаў-джыгуноў. Але давайце пра ўсё і ўсіх па парадку.

Як расказаў мастацкі кіраўнік цырка Вітаўтас Грыгалюнас, новая праграма пераносіць гледачоў у казачны свет старажытных паданняў, легенд і міфаў, якія артыс­ты распавядаюць праз прызму сноў манежа. “Сабралі праграму за месяц, хоць некаторыя нумары рыхтаваліся не адзін год. У ёй задзейнічаны толькі артысты нашага цырка — 28 чалавек плюс аркестр і балет, што з-за па­стаянных гастроляў вялікая рэдкасць, — патлумачыў ён. — Звычайна мы падбіраем нумары пад ідэю. Гэтым разам усё інакш: пад тыя нумары, якія былі, мы прадумвалі ідэю. Крыніцай натхнення для стварэння сюжэта сталі беларускія гісторыя і фальклор, таму ў паказе можна пабачыць лесавікоў, вадзянікоў і русалак, князя з прыдворнымі. А ідэя акунуць галоўных герояў — непаслухмяных і цікаўных брата і сястру, ролі якіх выканалі клоўны Наталля Суворава і Данііл Мінке­віч, — у начны свет цырка ўзнікла, калі я прыгадаў гады сваёй тэатральнай дзейнасці, дзе ёсць па­вер’і пра духаў і прывідаў, якія нібыта лунаюць ноччу ў апусцелым тэатры. Так нарадзілася ідэя пра сны манежа. У цырку галоўнае — змест. Можна запоўніць пляцоўку спецэфектамі, але пасля выступлення чалавек, хутчэй за ўсё, пра гэта забудзецца. Нам жа хацелася, каб як мага даўжэй заставаўся шлейф ад зносін з артыстамі і жывёламі. Здзіўляць трэба май­стэрствам, шчырасцю, тым чалавечым і душэўным, што ідзе да гледача”.

Уявіць, што манеж ноччу, як і мы, бачыць сны, прычым незвычайныя, а чароўныя, дапамагаюць артысты і мноства жывёл. Так, у “Цыркавым калейдаскопе” мож­на пабачыць спрытных мядзве­дзяў на самакаце, гіраскутары і веласіпедзе, сабачак-акрабатаў, беласнежных тыграў, прыгожых коней, а таксама адзіную ў свеце малпачку-жанглёра на восліку. “Жанглёрства з малпай увогуле раней не было ў гісторыі цырка. Таму наш макак-лапундар — адзі­ны ў свеце, які на роўных жангліруе з чалавекам і ўмее ска­каць на вос­ліку, — падкрэсліў дрэсі­роўшчык Айдын Ісрафілаў. — Вель­мі рэдкая з’ява, калі малпа выступае паўнавартасным партнёрам чалавека. Дарэчы, нумар, які мы зараз паказваем, рыхтавалі па 2 гадзіны што­дня на працягу паўгода, бо трэба было, каб жывёлы пасябравалі. Большасць трукаў наш макак Кузя прыдумвае сам, а мая задача як дрэсіроўшчыка — удасканаліць і замацаваць іх. І менавіта так на добраахвотных пачатках і працуе сапраўдная дрэсура”.

Добра разнастайвае праграму і нумар з дрэсіраванымі бе­лымі тыграмі, якія, як свойскія кошкі, поўзаюць па падлозе, куляюцца і лашчацца да дрэсіроў­шчыка. “Дрэсура дырыжорскай палачкай заслужанага артыста Расіі Сяргея Несцерава пакарыла ўвесь свет, — адзначыў дырэктар цырка Уладзі­мір Шабан. — Яго партнёрскія адно­сіны з тыграмі будуюцца выключна на даверы”. А сам дрэ­сіроўшчык патлумачыў, што дзікіх жывёл для выступленняў у цырку браць забаронена. “Гэта павінны быць жывёлы, выгадаваныя ў трэцім пакаленні ў няволі, напрыклад, у гадавальніку. У нашым цырку таксама нараджаюцца жывёлы, у маіх тыграў ужо ёсць унукі. Ніякіх жорсткіх дзеянняў да звяроў мы не прымяняем. І нават калі яны праяўляюць агрэсію, то дрэсіроў­шчык павінен перш за ўсё супакоіцца сам і затым супакоіць па­дапечнага, напрыклад, строга паглядзеўшы яму ў вочы”, — расказаў С.Несцераў.

Акрамя братоў нашых мен­шых, сваё майстэрства ў новай праграме дэманструюць паветраныя гімнасты: Валянцін і Ганна Шаў­чэнка — на рамянях, Наталля Нарышкіна — у сетцы, Валерыя Шопік — на палотнах, а каманда Яўгена Канановіча зачароўвае “Паветраным палётам” пад самым купалам. Менавіта работа на вышыні больш за ўсё здзіўляе ўяўлен­не гледачоў і прымушае самых уразлівых вохкаць і нават заплю­шчваць вочы. Але на прыгожых і грацыёзных артыстаў хочацца глядзець зноў і зноў.

Не менш уражвае і нумар любімчыкаў публікі — сілавых атле­таў Багдана і Дзмітрыя Казаковых, якія па-ранейшаму здзіўляюць неверагоднай сілай і постац­цю волатаў: адзін згінае жалезныя пруты, другі ўтрымлівае на сабе трох дзяўчат, а ўдваіх яны ўмудраюцца катаць чатырох прыгажунь на арэлях, што прыцэплены да канструкцыі з бярвення, якую пасля з цяжкасцю выносіць з манежа цэлая брыгада ўніфармістаў.

Яркую кропку ў новай цыркавой праграме ставяць “Беларускія наезнікі” пад кіраўніцтвам Руслана Лазарова. Аматары цырка веда­юць: майстэрства артыстаў гэтага нумара заўсёды на вышыні, а пабачыць іх на роднай арэне вельмі складана, бо яны пастаянна на гастролях. Іх гадаванцы — жвавыя коні, якія паказваюць свой далёка не рахманы нораў, аднак гэта не перашкаджае наезнікам праехацца на іх стоячы і лежачы і нават заскокваць на іх спіны на хаду. Нумар атрымаўся яркім, цікавым і вясёлым, як і ўвесь паўтарагадзінны паказ, які праглядаецца на адным дыханні, таму час пралятае незаўважна.

Вось так, як карцінкі ў калейдаскопе, змяняюцца нумары ў новай аўтарскай цыркавой праграме. Што ж яшчэ сніцца манежу?.. Канечне, зала, запоўненая ўдзячнымі гледачамі, якія без стомы апла­дзіруюць артыстам, дзякуючы ім за атрыманыя станоўчыя эмоцыі. А зазірнуць у беларускі “Цыркавы калейдаскоп” можна да 6 снежня.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.