Сонечная электрастанцыя ў гімназіі

У Касцюковіцкай раённай гімназіі рэалізавалі праект “Будаўніцтва фотаэлектрычнай сістэмы. Дэцэнтралізаванае энергазабеспячэнне гімназіі з экалагічнага пункта гледжання”.

Як паведаміла ды­рэктар навучальнай установы А.І.Максімава, праект ініцыіраваны і цалкам фінансаваўся нямецкім горадам Дзітценбах.

— Мы даўно і плённа ўзаемадзейнічаем з гэтым горадам праз грамадскую арганізацыю “Кола сяброў Касцюковічы-Дзітценбах”. Наша супрацоўніцтва доўжыцца звыш дзесяці гадоў. За гэты час сумеснымі намаганнямі было рэалізавана шмат карысных праектаў у адукацыйнай і сацыяльнай сферах. Сёлета партнёры з Дзітценбаха дапамаглі нам з ажыццяўленнем экалагічнага праекта, — расказала Антаніна Іванаўна.

У ходзе рэалізацыі праекта на даху гімназіі былі ўсталяваны 164 фотаэлектрычныя панэлі агульнай магутнасцю звыш 36 кВт. Прадугледжана таксама сістэма маніторынгу для адсочвання выпрацоўкі электраэнергіі, збору і захоўвання даных аб рабоце станцыі.

Па словах А.І.Максімавай, наяўнасць сонечнай электрастанцыі дасць магчымасць не толькі эканоміць энергарэсурсы, але і павысіць якасць адукацыйнага працэсу.

— Нашы навучэнцы цяпер на практыцы вывучаюць праблемы экалогіі, знаёмяцца з альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі. З дапамогай спецыялізаванага дысплэя яны вучацца кантраляваць, аналізаваць і ацэньваць аб’ёмы сонечнай энергіі, якая выпрацоўваецца, зніжэнне выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу. Наяўнасць электрастанцыі паспрыяла пашырэнню даследчай дзейнасці гімназістаў. Такім чынам яны істотна павышаюць свой узровень экалагічных ведаў, набываюць навыкі эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў, імкнуцца да аховы навакольнага асяроддзя, — падкрэсліла дырэктар гімназіі.


Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.