“Сонечная палітра” творчасці

- 12:13Навіны рэгіёнаў

У Магілёўскім абласным цэнтры творчасці зноў адбылася штогадовая абласная выстава выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Сонечная палітра”.

Як расказала метадыст Цэнтра Наталля Філімонава, “Сонечная палітра” выступае своеасаблівай справаздачай дзейнасці творчых аб’яднанняў па інтарэсах.

Фота да матэрыяла: “Сонечная палітра” творчасці.— Удзел у нашай выставе прымаюць таленавітыя дзеці і падлеткі з усёй вобласці. Усяго сёлета на выставе было прадстаўлена каля 600 работ, аўтарамі якіх выступаюць сотні навучэнцаў з устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, а таксама школ мастацтваў, — адзначыла Наталля Сяргееўна.

Юныя таленты прывезлі на выставу малюнкі і работы дэкаратыўна-прыкладной творчасці на розныя тэмы і ў розных тэхніках. Так, пачынаючыя мастакі прадставілі малюнкі ў жывапісе і графіцы. Яны малявалі партрэты, нацюрморты, пейзажы. Усю разнастайнасць сваёй творчасці і крэатыву паказалі таксама навучэнцы гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога напрамку. Работы з бісеру, цестапластыка, вышыўка, разьба па дрэве, фітадызайн, бацік, арыгамі, вітражы, роспіс па шкле… Сталыя ўмельцы Магілёўшчыны выдатна перадаюць сваё майстэрства падрастаючаму пакаленню.

У сукупнасці ўсе вырабы і малюнкі склалі сапраўдную сонечную палітру. Кожная работа перапоўнена дзіцячай непасрэднасцю, якая выклікае ў наведвальнікаў усмешку і сонечны, радасны настрой. Выставу наведалі дзясяткі зацікаўленых.

Пасля заканчэння выставы скарбонкі юных талентаў папоўніліся чарговымі дыпломамі. Самыя лепшыя работы былі адпаведна заахвочаны галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.