Сонечная палітра

- 10:34Людзі адукацыі

Наталлю Леанідаўну Хлопатаву добра ведаюць у Салігорску: яна выхавала не адно пакаленне юных мастакоў і майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дала старт іх творчаму развіццю. Педагог ужо не памятае, калі прыходзілася хвалявацца аб наборы выхаванцаў: дзякуючы “сарафаннаму радыё” бацькі прыводзяць да яе дзяцей самі, кабінет часам проста не можа ўмясціць усіх жадаючых. І гэта таму, што яна ў кожным дзіцяці бачыць асобу, кожнаму дапамагае праявіць сябе і верыць у тое, што кожны вучань таленавіты. Яна проста любіць дзяцей, і яны гэта адчуваюць і таксама цягнуцца да яе, выказваючы сваю любоў у малюнках і творчых работах.

Свой педагагічны стаж Наталля Леанідаўна пачала ў Цэнтры творчасці дзяцей і мола­дзі Салігорскага раёна, дзе працуе і сёння. У Цэнтры творчасці яна кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Сонечная палітра” народнай студыі “Лянок”. Аб’яднанне нездарма мае такую наз­ву: у кабінеце Наталлі Леанідаўны заўсёды пануе сонечны душэўны настрой, амаль не змаўкаюць дзіцячыя галасы і смех. Там не бывае пуста: адна група змяняе другую, за другой прыходзіць трэцяя — і так кожны дзень. А навучэнцаў у гэтага цудоўнага педагога многа: 8 груп, 90 чалавек. Самыя маленькія вучні прыхо­дзяць ва ўзросце 5—6 гадоў, потым пераходзяць у групу больш сталага ўзросту, а самыя таленавітыя застаюцца да моманту паступлення ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы і ў працэсе навучання спрабуюць сябе ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Педагог лічыць, што выхаванне тонкага апарату творчага ўспрымання прыроды, жыцця, мастацтва на­дзяляе дзяцей здольнасцю адчуваць гармонію вакол сябе, ствараць яе ў любой сітуацыі — не толькі ў працэсе малявання і стварэння творчых работ, але і ў любой жыццёвай сферы, нават у адносінах з людзьмі і навакольным светам. У рабоце з дзецьмі практыкуе змену дзейнасці, каб ім не надакучыла аднастайнасць. Педагог ставіць задачу не толькі навучыць іх асновам майстэрства і прывіць працоўныя навыкі, але і развіць у іх мастацкі густ, навучыць бачыць прыгажосць і адрозніваць яе ад падробкі.

Наталля Леанідаўна Хлопатава з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Асноўны напрамак яе дзейнасці — выяўленчае мастацтва (жывапіс, графіка, асновы кампазіцыі), але, акрамя гэтага, яна ўключае ў праграму навучання асновы сучаснага роспісу па тканіне — бацік і цестапластыку. Навучэнцы асвойваюць тэхніку “халоднага” і “гарачага” баціку, а таксама “свабодны роспіс” з выкарыстаннем розных эфектаў. Цестапластыка — лепка з салёнага цеста — асабліва карысная для дзяцей малодшага ўзросту, бо развівае дробную маторыку. Кіраўнік аб’яднання адраджае традыцыйныя тэхнікі беларускай народнай творчасці па ткацтве паясоў і маляванку. Тканыя паясы — арыгінальны сувенір, дапаўненне да традыцыйнага касцюма. Ткацтва развівае ўвагу, выхоўвае ўседлівасць і мэтанакіраванасць. Размаляваныя беларускія дываны, ці маляванкі, — гэта палотны вялікага памеру, размаляваныя фарбамі з дапамогай пэндзля ці трафарэта, якімі раней упрыгожвалі сцены. Адраджэнне забытых рамёстваў спрыяе выхаванню патрыятызму ў юных мастакоў.

Творчыя работы Наталлі Леанідаўны пастаянна дэманструюцца не толькі ў Беларусі (Рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Вясновы букет”, Міжнародны фестываль “Вянок сяброўства” ў Бабруйску, выстава Беларускага саюза майстроў народнай твочасці “Калядныя ўзоры”, Міжнародны фестываль “Славянскі базар у Віцебску”), але і на міжнародных фестывалях народнай творчасці ў Турцыі, Узбекістане, Украіне, Польшчы.

Навучэнцы Наталлі Леанідаўны — пастаянныя ўдзельнікі і пераможцы конкурсаў выяўленчага мастацтва “АрхНавацыя”, “Мы розныя — мы разам”, міжнародных конкурсаў выяўленчага мастацтва “Лідзіцэ” (Чэхія), “На сваёй зямлі”, “Сябруюць дзеці на планеце”, “Іншым поглядам” (Польшча) і іншых. Мноства ўзнагарод атрымана і ў конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!”, “Спрадвечнае заўтра”, “Салют Перамогі”, беларуска-японскай акцыі “За мір і сумленны спорт” і многіх іншых.

Вялікую ўвагу педагог удзяляе рабоце з бацькамі. Індывідуальныя сустрэчы, гутаркі, сямейныя гасцёўні, дзе выхаванцы ства­раюць прыгажосць разам з баць­камі, — найбольш эфектыўныя формы работы, якія дапама­гаюць мамам і татам лепш зразумець дзіця, знайсці да яго падыход і выхоўваюць паважлівыя адносіны да захаплення сваіх дзяцей. Кіраўнік аб’яднання дае парады бацькам, паказвае, на што звярнуць увагу, што можна рабіць індывідуальна дома, запрашае на мерапрыемствы ў ЦТДіМ Салігорскага раёна.

У маі 2018 года Наталля Леанідаўна стала пераможцам раённага агляду-конкурсу “Педагог дадатковай адукацыі — 2018”. Яна не пакінула выбару журы, паказаўшы сябе выдатным спецыя­лістам у галіне выкладання выяў­ленчага мастацтва, здольным забяспечыць творчае развіццё ўменняў і навыкаў навучэнцаў. Акрамя гэтага, яна яшчэ і неардынарная асоба. Спалучэнне майстэрства і фантазіі, пачуцця меры і патрабавальнасці, такту і павагі, а таксама душэўная чуласць і пачуццё гумару — асноўныя якасці, якімі валодае гэты педагог.

У аб’яднанні па інтарэсах “Сонечная палітра” склаліся добрыя традыцыі. Гэта пасвячэнне ў “Юныя мастакі”, дні імянінніка, арганізацыя выстаў малюнкаў, прысвечаных Дню маці, Дню абаронцаў Айчыны, Міжнароднаму жаночаму дню 8 Сакавіка з запрашэннем бацькоў, наведванне выстаў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Часта навучэнцы з педагогам выходзяць на прыроду, робяць натурныя замалёўкі, убіраюць у сябе прыга­жосць прыродных фарбаў, каб адлюстраваць іх у сваіх работах.

У гэтым годзе важнай па­дзеяй для педагога і яе выхаванцаў стала выстава “Калядны анёл”, на якой дзеці прадставілі сваё бачанне навагодняга цуду, казачнага настрою ў выглядзе прыгожага анёла, які ўвасабляе дабрыню. Калі разглядаеш наіўныя дзіцячыя малюнкі, разумееш, што толькі з такім душэўным педагогам дзеці могуць стварыць такія добрыя і светлыя творы.

Наталля Леанідаўна давярае дзіцячаму чуццю, прыроджанаму пачуццю гармоніі. Яе метад заключаецца ў тым, каб звярнуць увагу навучэнцаў на ўдалыя моманты ў іх работах і праз іх крышталізаваць індывідуальныя навыкі, аўтарскія прыёмы. Педагог лічыць: “Дзіцячыя работы вельмі інтуітыўныя. Яны даюць магчы­масць больш дэталёва пазнаваць навакольны свет і сябе ў гэтым свеце. Я толькі дапамагаю дзецям раскрыцца. Непасрэднаму ўспрыманню свету мы, дарослыя, павінны вучыцца ў дзяцей. Я імкнуся не расціць будучых мастакоў, а выхаваць чалавека, які ўмее бачыць цудоўнае вакол сябе і ствараць атмасферу прыгожага сваімі рукамі”.

Ірына ДАМАЛАЗАВА,
загадчыца аддзялення народнай творчасці ЦТДіМ Салігорскага раёна.
Фота Мікалая ПРАТАСЕНІ.