“Сонечныя” дзеці

- 10:51Сацыяльны ракурс

У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі ў нядзелю адбыўся вясновы сонечны фестываль, прысвечаны Міжнароднаму дню чалавека с сіндромам Даўна. Свята праводзілася дзявяты раз. Удзельнікамі мерапрыемства сталі 230 дзяцей і маладых людзей з сіндромам, якія прыехалі з усіх рэгіёнаў краіны, каб са сцэны палаца прадэманстраваць свае таленты. Арганізатары мерапрыемства — камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, Мінскі гарадскі ЦКРНіР і маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Даўн-сіндром”.

Міжнародны дзень чалавека с сіндромам Даўна адзначаецца 21 сакавіка. Дата была абрана невыпадкова. Сакавік — гэта трэці месяц, а людзі са згаданым сіндромам адрозніваюцца наяўнасцю трысаміі (трайной храмасомы) у 21-й храмасоме.

Праграма фестывалю была насычанай: прайшоў канцэрт “сонечных” дзяцей, моладзі, выступілі зоркі беларускай эстрады, артысты з жывёламі, адбыліся майстар-класы, фотавыстава, шоу мыльных бурбалак, гульні з казачнымі персанажамі, флэшмобы, запуск шароў.

Дырэктар маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Даўн-сіндром” Вольга Шалкоўская пра гэтую праблему ведае не па чутках. Яна мама дзвюх “сонечных” дзяўчынак. “Ідэя стварыць такі фестываль прыйшла пасля таго, як пачаў дзейнічаць першы ў краіне тэатр для хлопчыкаў і дзяўчынак з сіндромам Даўна “Сонечныя дзеці”. Мы ўжо выступалі не толькі ў нашай краіне, але ездзілі і ў Славакію, Украіну. Плануем паехаць у Аўстрыю”, — дадае дырэктар.

На свяце прысутнічала шмат валанцёраў, у прыватнасці аб’яднанне “Роўнасць” БДПУ імя Максіма Танка. Кіраўнік арганізацыі Кацярына Рагель адзначыла, што яны ўжо не першы год удзельнічаюць у мерапрыемстве. Валанцёры — гэта будучыя педагогі-дэфектолагі, якія будуць працаваць з дзецьмі, што маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця.

Дар’я ЦАУНЯ.
Фота Кацярыны РАГЕЛЬ.