“Сонейка” над Нёманам

- 12:49Выхаванне

Кожны дзень аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Сонейка” Нёманскай сярэдняй школы імя І.Д.Гурскага Уздзенскага раёна Мінскай вобласці пачынаецца з першымі промнямі сонейка, якое ўзыходзіць над Нёманам.

Маленькім “сонейкам” дзяўчынкам і “сонейкам” хлопчыкам падабаецца не толькі такая гульня слоў, але і гульня ў футбол, шахматы, любяць яны падарожнічаць, удзельнічаць у віктарынах, уроках мужнасці, сустракацца з ветэранамі, цікавымі людзьмі. “Хачу ўсё ведаць”, “Кола сяброў”, “Дзень цікаўных”, “Дзень кветак”, “Свет музыкі”, “Я памятаю! Я ганаруся!” — кожны з 18 дзён “сонейкавай” змены насычаны, тэматычны. Па словах дырэктара лагера Алены Іванаўны Каладзінскай, асабліва запомнілася вучням падарожжа па малой радзіме Якуба Коласа. Вучні пабывалі ў Акінчыцах, Смольні, наведалі Ліпава — поле, пра якое гаворыцца ў “Новай зямлі”, прайшліся па любімых сцежках пісьменніка.
Адметнасць “сонейкавай” змены не толькі ў вялікай колькасці мерапрыемстваў, але і ў магчымасці адпачываць у летніку гасцям хоць з райцэнтра, хоць са сталіцы. Справа ў тым, што Нёманская сярэдняя школа знаходзіцца ў маляўнічых мясцінах, амаль на самым беразе славутай ракі, таму сюды часта наведваюцца з экскурсіямі педагогі і навучэнцы з устаноў адукацыі раёна, вобласці, сталіцы. Нёманскае сонейка вітае кожнага, кожнаму яно дорыць сваю цеплыню і пяшчоту.Нёманскае сонейка_4(сайт) Нёманскае сонейка_1(сайт) Нёманскае сонейка_2(сайт)

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.