“Сонейка” зноў узышло

- 12:44Навіны рэгіёнаў

Да святкаванняў Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь прымеркавана адкрыццё цалкам абноўленага будынка ясляў-сада № 5 у Петрыкаве. Амаль 200 яго выхаванцаў справілі наваселле разам са старшынёй Гомельскага аблвыканкама Генадзем Салаўём і начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Русланам Смірновым.

На цырымоніі адкрыцця старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей адзначыў, што ў Беларусі стала добрай традыцыяй напярэдадні Дня Незалежнасці дарыць падарункі грамадзянам — адкрываць розныя аб’екты:

— Дзіцячы сад, які літаральна пачаў другое жыццё, стаў добрым падарункам для юных жыхароў Петрыкава. Дашкольная ўстанова арганічна ўпісваецца ў новае аблічча, якое горад набыў пасля леташняга комплекснага добраўпарадкавання.

Старшыня аблвыканкама адрасаваў словы падзякі за работу ўсім, хто браў удзел у будаўніцтве і падрыхтоўцы да адкрыцця дзіцячага сада, і выказаў упэўненасць, што педагагічны калектыў створыць у ім неабходную камфортную атмасферу і на высокім узроўні арганізуе адукацыйны працэс. Для ўмацавання матэрыяльнай базы кіраўнік Гомельскай вобласці перадаў установе сертыфікат на Br80 тысяч.

Яслі-сад № 5 у Петрыкаве — самая буйная ўстанова дашкольнай адукацыі ў раёне, якая існуе з 1979 года і размешчана ў тыпавым будынку з карыснай плошчай амаль 2000 квадратных метраў. Са жніўня 2018 года тут праводзіўся капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі, бо па выніках абследавання высветлілася, што ў будынку праблемы з апорнымі канструкцыямі. Падчас абнаўлення памяшканняў згодна з праектам узмацнілі ўсе  будаўнічыя канструкцыі. Акрамя таго, зрабілі тэрмарэінавацыю фасадаў, замянілі аконныя і знешнія дзвярныя блокі. Новыя і ўсе ўнутраныя інжынерныя сеткі: электрычная, ацяпленне, водаправод, каналізацыя. Да таго ж устаноўлена аўтаматычная пажарная сігналізацыя і зроблены рамонт харчаблока. Са сродкаў абласнога бюджэту на ўсе работы па капітальным рамонце было выкарыстана амаль Br1,7 млн і яшчэ Br80 тысяч пайшло на новую гульнявую і спальную мэблю.

— У нас працуюць спецыяльныя групы — інтэграваная і дзве лагапедычныя, — расказвае загадчык ясляў-сада № 5 Петрыкава Валянціна Зярнова. — Да гэтага часу ва ўстанове не было прыстасаваных памяшканняў для работы лагапедаў. Цяпер у спецыялістаў асобныя пакоі для заняткаў. У гаспадарчай частцы ёсць памяшканне для пашыву дзіцячых касцюмаў для правядзення свят. Зрабілі вельмі зручны медыцынскі блок. Цяпер ёсць прыстасаваны ізалятар для дзетак, якія раптам захварэлі. Пры рэканструкцыі памяшканняў харчаблока вылучылі асобныя цэхі для сырой і гатовай прадукцыі. 

Да таго ж значна абноўлена і добраўпарадкавана тэрыторыя навокал: заасфальтаваны дарожкі, заменены ўязныя вароты і брамкі, зроблены адмосткі і водаадвядзенне, прывабныя ценявыя навесы, новыя гульнявыя комплексы, элементы малых архітэктурных форм. Цікавае рашэнне будаўнікі прымянілі да афаброўкі і ўпрыгожвання малюнкамі фасадаў будынка.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Сяргея ХАЛАДЗІЛІНА, БелТА.