Сонца, мама і кветкі

Абласны фларыстычны конкурс з такой назвай напярэдадні 8 Сакавіка традыцыйна праводзіць Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі. Удзельнікі конкурсу займаюцца ва ўстановах дадатковай адукацыі Гродзенскай вобласці.

За адну гадзіну трэба было стварыць святочны букет. І хоць узрост удзельнікаў зусім юны — ад 11 да 14 гадоў, яны прадставілі сябе як прафесійныя фларысты і за 60 хвілін стварылі сапраўдныя святочныя кампазіцыі ў намінацыі “Вясновая фантазія”.
— Мы трэці раз праводзім конкурс “Сонца, мама і кветкі” і кожны раз мяняем намінацыі, ствараем новыя ўмовы для рэалізацыі творчых задумак дзяцей і іх настаўнікаў, — расказвае дырэктар Гродзенскага эколага-біялагічнага цэнтра Святлана Зязюля. — У гэтым годзе конкурс праводзіўся ў два туры — завочны і вочны. Падчас завочнага тура ўдзельнікі выконвалі заданні трох намінацый: рабілі інтэр’ерную насценную кампазіцыю “Подых вясны”, афармлялі фларыстычны дэкор люстэрка, які прызначаны для падарунка, а таксама прадстаўлялі рэдкія і арыгінальна аформленыя гаршковыя расліны ў намінацыі “Ёсць на свеце кветка…”.
Аб папулярнасці конкурсу і цікавасці да яго сведчаць наступныя лічбы: у намінацыі “Подых вясны” было прадстаўлена 36 работ, у намінацыі “Фларыстычны дэкор люстра” — 21 работа, у намінацыі “Ёсць на свеце кветка…” — 11 раслін.
У вочным туры ўдзельнічалі навучэнцы і іх настаўнікі. Малодшыя стварылі “Вясновыя фантазіі”, а дарослыя — “Цуд у кошыку”. Па ўмовах конкурсу, букет выконваўся двума юнымі ўдзельнікамі ў адвольнай тэхніцы. Трэба было не толькі стварыць кампазіцыю, але і прыдумаць ёй назву, расказаць, каму можна падарыць букет. “Букет для мамы”, “Пажаданне”, “Вясновае зачараванне”, “Сонечны падарунак”, “Вясновая казка для мамы” — паэтычныя назвы, пяшчотныя колеры цюльпанаў, руж, гербер, нарцысаў стваралі ўзнёслы настрой напярэдадні жаночага свята. Свае букеты ўдзельнікі конкурсу прысвячалі любімым матулям, бабулям, настаўніцам.
Раман Дрэма і Руслан Русакевіч займаюцца ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. На конкурсе яны прадставілі кампазіцыю “Водар сакавіка” і прысвяцілі свой прыгожы букет мамам, а яшчэ прачыталі вершы — дарэчы, паэтычныя радкі часта гучалі падчас абароны кветкавых кампазіцый. Менавіта Раман і Руслан сталі пераможцамі ў намінацыі “Вясновая фантазія”. Падрыхтавала хлопцаў да ўдзелу ў конкурсе педагог Аляксандра Букель.
Пераможцам мог стаць кожны ўдзельнік гэтага святочнага прыгожага спаборніцтва, але конкурс прадугледжвае выбар лепшых. За стварэнне кветкавай кампазіцыі “Цуд у кошыку” дыпломамі І ступені былі адзначаны Вера Мельнік са Слонімскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі і Наталля Бортнік з эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна. За фларыстычны калаж у намінацыі “Подых вясны” за 1 месца ўручаны дыпломы прадстаўнікам Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Настассі Пракашка, Іне Токінай і Дар’і Крыльцовай. Лепшы фларыстычны дэкор люстра выканала Ілона Сасна з Астрынскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Самую цікавую расліну у намінацыі “Ёсць на свеце кветка…” прадставілі Аляксандра Смыслова і Алеся Кацуба з эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна.
Пры стварэнні букетаў не была выкарыстана ні адна штучная кветка.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юрыя ІВАНЮКА.