Сонца павінна свяціць

- 11:45Культура

Яшчэ Сакрат казаў: “У кожным чалавеку ёсць сонца, толькі дайце яму свяціць”. І сапраўды, талент, як той агеньчык, спачатку кволы, ледзь гарыць, але падзьмухай на яго — і ён ператворыцца ў вогнішча, запалае тысячамі такіх агеньчыкаў, адорыць цяплом цэлы свет.

Безумоўна, сучасная сістэма адукацыі накіравана на ўсебаковае развіццё асобы сучаснага школьніка, раскрывае перад таленавітай моладдзю перспектыву быць пачутай і ацэненай, але пры адной умове: трэба быць лепшым сярод іншых, нават выключным, асаблівым. А што ж застаецца тым, хто яшчэ ў пошуку свайго месца, хто толькі пачынае развіваць свае здольнасці? Як вядома, адоранасць не забяспечвае поспех у якой-небудзь дзейнасці, а толькі дае магчымасць дасягнуць пэўных вяршынь. Як у такім выпадку заявіць пра сябе, паспрабаваць свае сілы і не баяцца аказацца не самым здольным сярод іншых?

Кожны вырашае падобныя пытанні па-свойму. У настаўнікаў маладзечанскай гімназіі № 6 на гэтую праблему ёсць свой погляд. Тут ужо стала традыцыяй кожны год у трэцяй чвэрці ажыццяўляць праект “Запалі сваю зорку”. У рамках праекта адбываюцца выставы творчых работ навучэнцаў, канцэрты. Я з вялікім задавальненнем ужо не першы год прымаю ўдзел у гэтых мерапрыемствах. Прычым радасць прыносіць мне не толькі ўласнае выступленне. Захапляе сама атмасфера: лёгкае хваляванне ўдзельнікаў перад выхадам на сцэну, здзіўленне на тварах бацькоў і аднакласнікаў, добразычлівыя ўсмешкі сяброў і нават іх слёзы радасці…

— Праект дапамог мне адчуць сябе больш упэўненай. Гэтая атмасфера, якая панавала ў зале, погляды гледачоў, апладысменты… Я не магу дакладна апісаць усе свае эмоцыі, але хачу падзякаваць людзям, якія ладзяць такое мерапрыемства. Гэта матывуе і падштурхоўвае да ўдасканалення ўласных магчымасцей, — прызнаецца навучэнка 9 “А” класса Вера Розіна.

— Надоечы мне патэлефанавалі з дзіцячай школы мастацтваў Маладзечна і парэкамендавалі арганізаваць выставу работ Алы Несцяровіч, вучаніцы 9 “Б” класа. Пасля прэзентацыі малюнкаў многія проста па-новаму адкрылі для сябе гэтую таленавітую дзяўчынку. І я ўпэўнена, што за кожнай асобай дзіцяці хаваецца цэлы свет, непаўторны і цікавы, убачыць які і дапамагчы паказаць іншым — галоўная задача ў першую чаргу нас, настаўнікаў, — лічыць псіхолаг гімназіі Ніна Сяргееўна Ганусевіч.

Кожны з нас абавязкова таленавіты, але ў гэтым свеце так лёгка згубіцца і страціць сябе сярод шэрых будняў. Не спыняйцеся на дасягнутым і дапамажыце іншым адчуць сваю значнасць і патрэбнасць. Падтрымлівайце маленькіх геніяў — у іх руках наша будучыня.

Арына КУРСАВА,
навучэнка 9 “А” класа гімназіі № 6 Маладзечна.