Сонца свеціць усім

- 9:31Інклюзія, Сацыяльны ракурс

Пытанні сацыяльнай інклюзіі і талерантнасці сталі аднымі з ключавых на ХІІ Абласным інклюзіўным фестывалі “Разам мы зможам больш”, што прайшоў у Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. Мерапрыемства сабрала больш за 400 дзяцей.

— Штогадовае мерапрыемства даўно даказала сваю запатрабаванасць і мэтазгоднасць, бо адыгрывае важную ролю ў фарміраванні інклюзіўнай культуры ў грамадстве, пазітыўнага іміджу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзяцей з інваліднасцю, — расказала дырэктар Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Т.В.Жук. — Фестываль дапамагае пераадолець псіхалагічны бар’ер у зносінах асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак і іх здаровых равеснікаў, навучыць талерантнасці, у тым ліку дарослых, раскрыць творчыя здольнасці, выхаваць важныя маральныя якасці: добразычлівасць, калектывізм, узаемавыручку.  

Удзельнікі фестывалю атрымалі маршрутныя лісты, з якімі адправіліся ў вясёлае і захапляючае падарожжа па станцыях — інтэрактыўных пляцоўках і майстар-класах, арганізаваных валанцёрамі БрДУ імя А.С.Пушкіна, БрДТУ і абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, а таксама партнёрамі мерапрыемства — цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А.С.Пушкіна, Брэсцкім дзяржаўным прафесійным ліцэем лёгкай прамысловасці, Баранавіцкім дзяржаўным ПТК сферы абслугоўвання, рэгіянальнымі ЦКРНіР, абласным цэнтрам алімпійскага рэзерву па конным спорце і інш. 

Шмат радасці і ўсмешак падарыў тэатралізаваны канцэрт з удзелам Мядзведзя, Машы і Бабы-Ягі. Маша звярнулася да дзяцей па дапамогу: разам зняць чары з лета і вызваліць сонейка з палону злой Бабы Ягі. Для гэтага патрабавалася сабраць як мага больш смайлікаў і падрыхтаваць цікавыя танцавальныя і музычныя нумары, дзе выхаванцы ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійнай, дадатковай і спецыяльнай адукацыі прызнаваліся ў любові да роднага краю, дзяліліся вясёлым настроем і заклікалі да дружбы. У выніку хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі вызвалілі ад чараў лета і выратавалі сонейка, але нават пасябравалі з Бабай Ягой, якую пераканалі ў тым, што яно павінна свяціць усім. 

— Адметнасць творчых нумароў — у іх сацыяльнай інклюзіі, — заўважыла Т.В.Жук. — Кожны нумар рыхтавалі асаблівыя дзеці і іх здаровыя равеснікі, паказваючы, што для дружбы і творчасці няма ні фізічных, ні псіхалагічных перашкод.

Удзельнікі фестывалю не засталіся без падарункаў ад спонсараў: СП ААТ “Брэстгазаапарат”, СП “Санта Брэмар”, Беларускага дзіцячага фонду, Беларускага саюза жанчын і інш.   

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.