Сонца свеціць усім

- 11:31Адукацыйная прастора

Фарміруем грамадства, дзе пануе міласэрнасць

У Баранавічах прайшло выязное пашыранае пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы з удзелам дэпутатаў камісіі, іншых парламенцкіх камісій і супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі. Выязное пасяджэнне ўзначаліў старшыня профільнай камісіі І.А.Марзалюк. Тэмай абмеркавання стала заканадаўчае рэгуляванне атрымання адукацыі асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах інклюзіі на розных узроўнях адукацыі на прыкладзе ўстаноў адукацыі Баранавіч — спецыяльнага дзіцячага сада № 51, сярэдняй школы № 13 і Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. На пачатку сустрэчы гасцей вітаў старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Ю.А.Грамакоўскі.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама С.В.Пузікаў паведаміў, што ў Брэсцкай вобласці развіццё інклюзіўнай адукацыі пачалося шмат гадоў назад. Ёй ахоплены дзеці з асаблівасцямі ў развіцці рознага ўзросту, выкарыстоўваюцца розныя формы навучання. Аднымі з першых, дзе пачалі адкрывацца класы інтэграванага навучання, сталі ўстановы адукацыі Баранавіч. Інтэграванае навучанне мае на ўвазе навучанне дзяцей з асаблівасцямі разам са звычайнымі дзецьмі, але толькі ў частцы правядзення ўрока пры засваенні пэўных тэм. Астатні час такая катэгорыя дзяцей займаецца са спецыялістамі — настаўнікамі-дэфектолагамі. Акрамя гэтага, ва ўстановах адукацыі адкрыты спецыяльныя класы, дзе займаюцца дзеці з сур’ёзнымі разумовымі асаблівасцямі, і звычайныя класы, дзе вучацца здаровыя дзеці.

Трэба прызнаць, што сёння важнай праблемай у фарміраванні інклюзіўнай прасторы з’яўляецца негатоўнасць большасці бацькоў успрымаць сваіх дзяцей у час навучання побач з дзецьмі, якія маюць асаблівасці ў развіцці. Таму, укараняючы інтэграваную форму навучання, важна сфарміраваць інклюзіўнае мысленне ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, у тым ліку саміх навучэнцаў і іх бацькоў. Разам з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, непасрэдна з Інстытутам інклюзіўнай адукацыі быў пачаты эксперыментальны праект па правядзенні трэнінгаў для бацькоў звычайных дзяцей па фарміраванні ў іх пазітыўнага стаўлення да інтэграванага навучання. І ад гэтых захадаў ёсць істотны плён. Дзеці ў большасці не бачаць розніцы паміж сабой і іншай катэгорыяй сваіх равеснікаў, хутка прывыкаюць адно да аднаго, пачынаюць выбудоўваць узаемаадносіны паміж сабой і тым самым фарміруюць тое грамадства, да якога трэба імкнуцца і дзе кіруюць міласэрнасць і добразычлівасць, спагада і ўзаемапавага.

Менавіта такое асяроддзе адчулі госці, калі наведалі спецыяльны дзіцячы сад № 51 Баранавіч. Яго загадчыца М.І.Русіна адзначыла, што толькі тады можна дасягнуць пэўнага выніку ў навучанні і выхаванні дзяцей, калі для іх і для педагогаў будуць створаны камфортныя ўмовы, калі кожны будзе з радасцю прыходзіць у дзіцячы сад.

Марына Іванаўна расказала, што карэкцыйна-адукацыйная работа ў садку заснавана на індывідуальным падыходзе да кожнага дзіцяці, на творчым развіцці яго асобы, супрацоўніцтве з сям’ёй, стварэнні адаптыўнай прасторы і ўзаемадзеянні са школай у далейшым жыццеўладкаванні такой катэгорыі дзяцей.

— Паспяховасць карэкцыйна-адукацыйнага ўздзеяння вызначаецца наяўнасцю цеснага ўзаемадзеяння і пераемнасці ў рабоце педагогаў дзіцячага сада, — падкрэсліла М.І.Русіна. — Настаўнік-дэфектолаг, выхавальнік, педагог-псіхолаг аб’яднаны адной мэтай і працуюць ва ўнісон. Работа ў садку будуецца з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага дзіцяці. А развіваць іх можна толькі ў працэсе рознабаковай дзейнасці дзяцей, дзе кожнае дзіця будзе адчуваць сябе ўпэўненым і абароненым.

Кіраўнік лічыць, што асноўнымі фактарамі, якія спрыяюць навучанню і выхаванню дзяцей такой катэгорыі, з’яўляюцца спецыяльна аснашчаная база дзіцячай установы, наяўнасць неабходных прыстасаванняў, укараненне самых сучасных методык у адукацыйным працэсе і, безумоўна, педагагічны калектыў, работа якога заснавана на любові да дзяцей і клопаце пра іх, што з’яўляецца асновай для сацыялізацыі такой катэгорыі дзяцей у калектыве і соцыуме.

Дзіцячы сад ужо некалькі гадоў запар рэалізоўвае праект па развіцці звязнага маўлення праз дзіцячую журналістыку, які мае сёння высокія вынікі і вельмі падабаецца дзецям.

— Мы доўга шукалі эфектыўныя спосабы, каб развіваць звязнае маўленне ў нашых выхаванцаў, — паведаміла загадчыца ўстановы. — Асабліва не атрымлівалася развіваць у іх дыялог у штодзённым жыцці. Нарэшце мы атрымалі выдатны вынік, калі нашых дзетак далучылі да дзіцячай журналістыкі. Яны адразу ажылі, ім вельмі спадабалася браць інтэрв’ю і весці дыялог.

Гэта адчулі і самі госці. Юныя інтэрв’юеры кожнаму з іх задавалі самыя розныя пытанні. Журналісту “Настаўніцкай газеты” прыйшлося, бадай, першы раз у жыцці даваць інтэрв’ю сваім юным калегам.

Яшчэ адзін праект сёння рэалізоўваецца ў садку, у які ўключыліся не толькі выхаванцы, але і іх бацькі. Гэта інтэрактыўны подыум-тэатр, які стаў прадукцыйным сродкам развіцця маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту, што маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця.

— Праект стартаваў у нашым садзе нядаўна, — паведамілі педагогі дашкольнай установы. — Мяркуючы па назве, гэта тэатральны паказ, у ходзе якога дзеці прадстаўляюць казачныя касцюмы, у якіх яны выходзяць на подыум. Праект вельмі відовішчны, і дзецям цікава ў ім удзельнічаць.

Сярэдняя школа № 13 Баранавіч з’яўляецца інтэграванай навучальнай установай, дзе разам са здаровымі навучэнцамі вучацца дзеці з асаблівасцямі ў развіцці. Улічваючы гэта, у штаце школы працуюць адпаведныя спецыялісты. Школа знаходзіцца ў дынаміцы развіцця, кожны дзень прыўносіць новыя кірункі, новыя ідэі для таго, каб стварыць і пашырыць інтэгратыўна-адукацыйную прастору па некалькіх напрамках: сацыяльная інтэграцыя, адукацыйная інтэграцыя праз прадметны кампанент і адукацыйная інтэграцыя праз дадатковую адукацыю. На гэты напрамак педагагічны калектыў накіраваў свае намаганні, улічваючы, што гэта найбольш дзейсны сродак у адаптацыі да наваколля дзяцей з асаблівасцямі, а перш за ўсё развіцця іх здольнасцей і творчых памкненняў.

— Дзеці з асаблівасцямі павінны атрымліваць дапамогу не толькі ў працэсе навучання на вучэбных занятках, але і ў час дадатковых заняткаў, — адзначыла дырэктар школы М.Г.Купцова. — У школе працуюць 32 аб’яднанні па інтарэсах: некалькі калектываў мастацкай самадзейнасці і музычных ансамбляў, студыя выяўленчага мастацтва і шэраг іншых гурткоў і секцый.

У час сустрэчы ў школе гасцям былі прадэманстраваны магчымасці мастацтва ў раскрыцці асобы дзяцей з асаблівасцямі для іх паспяховай адаптацыі ў грамадстве. Дзеці гэтай катэгорыі прынялі ўдзел у многіх нумарах мастацкай самадзейнасці разам са звычайнымі дзецьмі. Было вельмі шчымліва назіраць, як у час выступлення здаровыя навучэнцы клапаціліся пра сваіх падапечных, падтрымлівалі іх фізічна і маральна, а ў канцы кожнага нумара ўсе дзеці радасна ўсміхаліся.

Рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта В.І.Качурка расказаў пра практыку ўніверсітэта ў арганізацыі вышэйшай адукацыі для асоб з асаблівасцямі ў развіцці. Для гэтага адаптаваны як адукацыйны працэс, так і асяроддзе. Васіль Іванавіч паказаў, якія спецыяльныя прыстасаванні ўстаноўлены ва ўніверсітэце, у інтэрнаце, каб зрабіць жыццё навучэнцаў безбар’ерным. Ва ўстанове вядзецца падрыхтоўка педагагічных кадраў, а ў адукацыйны працэс уведзены дысцыпліны, у якія ўваходзяць тэмы інклюзіўнага навучання, вывучаюцца метады, якімі павінен валодаць педагог, калі ў навучальнай установе вучацца дзеці з асаблівасцямі ў развіцці.

Р.Б.Венцэль, загадчыца рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, адзначыла, што ва ўстанове назапашаны немалы вопыт у падрыхтоўцы педагогаў (будучых і практыкуючых) да ўмоў інклюзіўнай адукацыі. Па сутнасці, гэтую работу актуалізавала дзяржаўная праграма развіцця спецыяльнай адукацыі, у якой вызначаны вектар развіцця спецыяльнай адукацыі, што прадугледжвае трансфармаванне ў інклюзіўную адукацыю.

Як адзначыла Рэгіна Баляславаўна, безумоўна, цэнтральнай фігурай інклюзіўнай адукацыі з’яўляецца педагог. Ён павінен быць падрыхтаваны да работы з улікам індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў ва ўмовах інклюзіўнай адукацыйнай прасторы.

— У нашым універсітэце вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па 10 педагагічных спецыяльнасцях, — расказала загадчыца цэнтра. — Без сумнення, інклюзіўнай адукацыі мы павінны даць інклюзіўнага педагога. Для гэтага ў навучальнай установе актуалізуецца змест навучання педагагічных работнікаў. Укаранёны новыя дысцыпліны “Асновы інклюзіўнай адукацыі”, “Псіхалогія інклюзіўнай адукацыі”, на другой ступені вышэйшай адукацыі (магістратуры) выкладаецца курс “Тэорыя і практыка інклюзіўнай адукацыі”.

Ва ўсе дысцыпліны ў падрыхтоўцы кадраў па педагагічных спецыяльнасцях уключаны інклюзіўны кампанент. На працягу навучання выкладчыкі дапаўняюць змест сваіх прадметаў новай інфармацыяй па інклюзіі, набываюць новыя формы і метады выкладання для больш глыбокага разумення гэтых тэм. Рэспубліканскі цэнтр інклюзіўнай адукацыі арганізоўвае дадатковую адукацыю студэнтаў па пытаннях інклюзіўнай адукацыі, пры гэтым выкарыстоўваюцца такія актыўныя формы навучання, як трэнінгі, семінары. Ужо распрацавана 20 тэм. Акрамя таго, дадатковая адукацыя праводзіцца і з запрошанымі спецыялістамі іншых краін. Так, расійскія калегі праводзяць са студэнтамі БарДУ шэраг вучэбных мерапрыемстваў. У супрацоўніцтве з Баранавіцкім аддзелам адукацыі, спорту і турызму для педагогаў-практыкаў арганізаваны вучэбныя семінары, а для педагогаў пачатковых класаў распрацавана праграма павышэння кваліфікацыі. У дадатковай адукацыі выкарыстоўваюцца і іншыя формы работы са студэнтамі, што дазваляе ім атрымаць практычныя навыкі суправаджэння дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці.

С.М.Феклістава, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, падкрэсліла, што ўніверсітэт з’яўляецца вядучай установай у галіне педагагічнай адукацыі нашай краіны і базавай арганізацыяй краін СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў у галіне інклюзіўнай адукацыі. Сёння феномен інклюзіўнай адукацыі з’яўляецца прыярытэтам развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі многіх краін свету. Гаворачы пра нашу краіну, трэба сказаць, што гэты працэс сёння рэалізоўваецца ў рамках канцэпцыі інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якая накіравана на стварэнне цэласнай сістэмы такой адукацыі. Пры гэтым дакумент не выключае права выбару ўстановай адукацыі свайго шляху ў арганізацыі адукацыйнага працэсу. Важна стварыць у інтэграваным асяроддзі аднолькавыя ўмовы для навучання і выхавання гэтай катэгорыі дзяцей. У 2016 годзе быў зацверджаны план рэалізацыі мерапрыемстваў у рамках гэтай канцэпцыі.

— Місія нашага інстытута — распрацоўка канцэптуальных асноў і ажыццяўленне адукацыйнай, навуковай, вучэбна-метадычнай, практычнай і асветніцкай дзейнасці ў галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі, — паведаміла Святлана Мікалаеўна. — У структуры інстытута дзейнічае рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі, мэтай якога з’яўляецца забеспячэнне мэтазгоднай і ўзгодненай дзейнасці па сістэматызацыі, абагульненні і трансляцыі вопыту інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі.

З гэтай мэтай рэгулярна праводзяцца семінары па самай рознай тэматыцы. З увядзеннем новых адукацыйных стандартаў плануецца рэалізаваць курс для ўсіх педагогаў па тэмах “Спецыяльныя ўмовы навучання дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці” або “Асновы адаптыўнай дыдактыкі”, таму што асноўнае, чым павінен валодаць педагог агульнай адукацыі, — гэта ўмець адаптаваць, мадыфікаваць вучэбны матэрыял у адпаведнасці з патрэбнасцямі кожнай катэгорыі дзяцей.

Як было заўважана, практычная дзейнасць падрыхтоўкі будучых педагогаў да работы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі апераджае заканадаўчае рэгуляванне працэсу. З улікам гэтага чакаецца замацаванне ў заканадаўстве не толькі паняцця “інклюзіўная адукацыя”, але і зместавага напаўнення інклюзіўнай адукацыі як мадэлі асноўнай і дадатковай адукацыі на ўсіх узроўнях адукацыі. І.А.Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, адзначыў, што на сённяшні дзень праект новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі знаходзіцца ў заключнай стадыі падрыхтоўкі і ў найбліжэйшы час паступіць у ніжнюю палату. Установы Баранавіч з’яўляюцца эксперыментальнымі пляцоўкамі па актуальных праблемах адукацыі, у тым ліку інклюзіі на самых розных узроўнях адукацыі. У адпаведнасці з вынікамі працы Баранавіцкі аддзел адукацыі, спорту і турызму ўжо шмат разоў быў адзначаны на самым высокім узроўні за выдатную арганізацыю работы з асобамі, якія маюць адметнасці ў псіхафізічным развіцці, а па выніках 2016 года атрымаў дыплом І ступені за лепшую сістэму работы ў гэтым кірунку. Гэтым было абумоўлена правядзенне выязнога пасяджэння дэпутатаў і супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі па тэматыцы менавіта ў Баранавічах.

— Сустрэчы, размовы з прадстаўнікамі педагагічных калектываў устаноў адукацыі, якія мы наведалі, абмеркаванне пытанняў развіцця адукацыі, у тым ліку інклюзіўнай, будуць спрыяць якасці падрыхтоўкі праекта Кодэкса аб адукацыі да разгляду ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, — рэзюмаваў Ігар Аляксандравіч Марзалюк.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.