“Сонцаград” для дашкольнікаў

Адзін з найстарэйшых у Ашмянах яслі-сад № 3 некалькі месяцаў назад адкрыўся пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй. Як змянілася ўстанова дашкольнай адукацыі, расказала загадчыца Таццяна Бізукойць.

—Год назад Ашмянскі райвыканкам падтрымаў праект “Укараненне мерапрыемстваў па энергаэфектыўнасці для ўстойлівага энергетычнага развіцця Ашмянскага раёна Беларусі”. Праект быў рэалізаваны ў межах праграмы Еўрапейскага саюза “Пагадненне мэраў — дэманстрацыйныя праекты” (CoM-DeP). У рамках праекта  і былі праведзены работы па мадэрнізацыі ясляў-сада. На час будаўнічых работ яго закрылі, а выхаванцы і педагогі перайшлі ў іншыя ўстановы дашкольнай адукацыі горада. Бацькі да сітуацыі паставіліся з разуменнем.

Сёння яслі-сад № 3 Ашмян — гэта новы дзіцячы сад са светлымі, прасторнымі пакоямі, аформленымі ў спакойнай колеравай гаме, з сучасным дызайнам. У групах ёсць усё неабходнае для развіцця дзяцей: мэблевыя комплексы для гульнявых зон, разнастайныя модулі для сюжэтна-ролевых гульняў “Бальніца”, “Цырульня”, “Супермаркет”, “Міні-кафэ”, “Паркінг” і іншых, цацкі, абсталяванне, метадычныя дапаможнікі і матэрыялы. З густам аформлены спальні. Цяпер хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць асалоду ад паўнавартаснага адпачынку ва ўтульных ложках, стылізаваных пад матылькоў, машынкі, караблікі, ялінкі. У абноўленай спартыўнай зале ёсць разнастайнае абсталяванне, трэнажоры для дзяцей. А інтэр’ер прасторнай музычнай залы са стыльнай сцэнай, аформленай новымі жалюзі, спрыяе развіццю музычных і творчых здольнасцей выхаванцаў.

Дзякуючы перапланіроўцы на першым паверсе з’явіліся пакой адпачынку для персаналу і рэсурсныя пакоі для педагогаў, абсталяваныя камп’ютарамі і мэбляй для метадычных дапаможнікаў і іншай літаратуры.

Мадэрнізавана тэхналагічнае абсталяванне на харчаблоку. Раней ён складаўся з гарачага цэха і невялікага памяшкання для захоўвання прадуктаў. Цяпер тут з’явіліся цэх гатовай прадукцыі і для агародніны, халадзільная камера для захоўвання агародніны і садавіны. Устаноўлена сучасная сістэма вентыляцыі. У меню змены не ўносіліся: дзіцячы рацыён насычаны дастатковай колькасцю бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, уключае садавіну і сокі.

Ад ранейшага будынка тут засталіся толькі сцены: падчас рамонту быў заменены дах, устаноўлены шклопакеты з запорным механізмам. Абнавіўся фасад. Ва ўстанове цалкам замянілі ўсе інжынерныя сістэмы: ацяпленне, вентыляцыю, вода- і электразабеспячэнне. Сцены, столі — усё набыло сучасны выгляд. На падлозе — паркетная дошка, якая, дарэчы, адпавядае ўсім патрабаванням пажарнай бяспекі. На першым паверсе, дзе размешчаны малодшыя групы, прадугледжаны падлогі з падагрэвам.

Іскрынкай дзіцячага сада з’яўляюцца цеплавыя помпы, якія даюць цяпло і гарачую ваду, а таксама сонечныя панэлі, што выпрацоўваюць электрычную энергію. Усё гэта зрабіла дзіцячы сад № 3 Ашмян адным з самых насычаных сучасным энергаэфектыўным абсталяваннем.

Паклапаціліся тут і пра бяспеку дзяцей: па перыметры дзіцячага сада і ўнутры будынка ўстаноўлены 27 камер відэаназірання.

Кардынальна змянілася і тэрыторыя вакол будынка: зроблены ценявыя навесы, абсталяваны новыя гульнявыя пляцоўкі з горкамі, хаткамі, пясочніцамі. З’явіліся новыя фізкультурныя пляцоўкі з прагумаваным пакрыццём і неабходным абсталяваннем для правядзення заняткаў. Таксама на тэрыторыі дзіцячага сада ёсць гарадок для вывучэння правілаў дарожнага руху і шмат зялёных насаджэнняў.

Яслі-сад № 3 Ашмян прыняў 110 дашкалят. На базе ўстановы аказваецца шэраг дадатковых адукацыйных паслуг на платнай аснове.

Тут створаны камфортныя ўмовы для знаходжання дзяцей, у тым ліку з пункта гледжання прафілактыкі распаўсюджвання COVID-19. А гарманічнае развіццё выхаванцаў забяспечваюць таленавітыя педагогі, большасць з якіх мае вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю і працуе ва ўстанове ўжо не першы год.

У яслях-садзе абноўлена практычна ўсё. Адчуваецца, што тут папрацавалі якасна і з душой. У такім прыгожым, абноўленым дзіцячым садзе хочацца працаваць з яшчэ большым натхненнем. Нездарма яго назва гучыць горда і гучна — “Сонцаград”. 

Педагогі разам з выхаванцамі плануюць вучыцца эканоміць рэсурсы, прымаць удзел у шматлікіх “энергаэфектыўных” мерапрыемствах і конкурсах, арганізоўваць творчыя выставы і экскурсіі. Значнай падзеяй для дзяцей і выхавальнікаў стане ­ўдзел у мерапрыемстве па энергаэфектыўнасці ў рамках тыдня ўстойлівай энергіі Еўрасаюза.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена дзіцячым садам № 3 Ашмян.