Спаборнічалі ў цагляным мураванні

- 14:51World Skills

На базе Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkillsBelarus 2018 па кампетэнцыі «Цаглянае мураванне».

На конкурсе выступілі навучэнцы Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, Дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя А.П.Старовойтава і Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа.

У рамках мерапрыемства маладыя прафесіяналы павінны былі выканаць спецыяльна падрыхтаванае конкурснае заданне, якое складаецца з аднаго модуля (Мадэль Зубр), які прадугледжвае выкананне канструкцыі дэкаратыўна-рэльефнага мура ў адпаведнасці з чарцяжом задання і прымяненнем будаўнічых матэрыялаў. Спаборніцтва праходзіла пад кантролем экспертнай камісіі, у склад якой уваходзілі спецыялісты з усіх навучальных устаноў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе.

Праца над конкурсным заданнем доўжылася каля 6 гадзін. За гэты час канкурсанты прадэманстравалі прафесійныя навыкі і даказалі майстэрства ў прафесіі.

У выніку ацэнкі работ экспертнай камісіяй першае месца было прысуджана прадстаўніку Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа Аляксандру Лукашэнку, пераможцу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkillsBelarus 2016. Менавіта Аляксандру трэба будзе адстойваць гонар Магілёўскай вобласці на рэспубліканскім этапе конкурсу WorldSkills ў маі гэтага года. На другім месцы — Антон Каспяровіч, навучэнец ГПЛ № 9 Магілёва, а трэцяе месца заняў Мікіта Ткачоў з Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

Алена КУДЗІКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце
Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа.