Соты першы званок у дзясятай сталічнай школе

- 10:29Адукацыйная прастора

Пасля летніх канікул школьныя класы ўсёй краіны зноў запрашаюць за парты. Учора ва ўтульным, папрыгажэлым за летнія месяцы дворыку сярэдняй школы № 10 Мінска прайшла ўрачыстая лінейка. Пачатак новага навучальнага года абвясціў школьны званок. Гэты званок ужо ўвайшоў у гісторыю — ён стаў юбілейным, 100-м па ліку. Павіншаваць вучняў са святам прыйшлі кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Дзяніс Васільевіч Аўсяннікаў, начальнік упраўлення адукацыі спорту і турызму Людміла Анатольеўна Філіповіч, святар царквы святога Аляксандра Неўскага айцец Сергій і інш.

Ужо а палове дзясятай гадзіны ў школьным двары пачалі збірацца вучні з бацькамі. У самых юных школьнікаў, для якіх гэты дзень асабліва хвалюючы і адказны, — у руках кветкі большыя за іх саміх. Малодшыя школьнікі, здаецца, падняліся непрывычна рана, калі-нікалі пазяхаюць і тут жа з нецярпеннем прыўзнімаюцца на пальчыках, выцягваюць шыі і глядзяць у чаканні на школьны ганак, перашэптваюцца пра штосьці са сваімі суседзямі. Бацькі стаяць побач, таксама ўсхваляваныя і заклапочаныя, мараць пра тое, каб на шляху іх малых сустрэўся сапраўдны настаўнік, які зразумее іх дзіця, які ўсё ведае і ўмее, на ўроках якога няма ні хвіліны суму і руціннай работы. Урачыстая лінейка пачалася з віншаванняў гасцей. Нечаканай для малых стала сустрэча з летапісцам і перанясенне ў гісторыю навучальнай установы. Першакласнікі паўдзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні, паразгадвалі загадкі. Сёлетнія выпускнікі школы — адзінаццацікласнікі — шчаслівыя ад сустрэчы з роднымі настаўнікамі і аднакласнікамі, але крыху засмучаныя ад усведамлення таго, што гэта іх апошні першы вераснёвы званок у школе, віталі малых і ўручалі ім падарункі, нібы перадаючы эстафетную палачку ў цудоўны свет ведаў. У сваю чаргу маленькія школьнікі запэўнілі сваіх старэйшых таварышаў, настаўнікаў і бацькоў, што будуць вучыцца на выдатна, папаўняць скарбонку школы новымі дасягненнямі. Першы школьны званок абвясціў аб пачатку навучальнага года. Рознакаляровыя паветраныя шары, выпушчаныя выпускнікамі, расквецілі блакітнае сонечнае неба. А музычныя нумары — вакальныя і танцавальныя — сталі сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных.
І вось самы адказны момант: першакласнікі ўпершыню пераступілі парог школы. У тым, што навучальная ўстанова хутка стане для іх роднай, тут упэўнены. Сёлета ў школе адкрыты два першыя класы. У свет ведаў шасцігодак павядуць вопытныя педагогі Алена Аляксандраўна Мажайская і Галіна Уладзіміраўна Верхавец. І хаця педагогі вельмі розныя па тэмпераменце, па адносінах да дзяцей — адна энергічная, актыўная, эмацыянальная, другая спакойная, стрыманая, ураўнаважаная — абедзве яны — творчыя настаўнікі, якія прымяняюць у сваёй рабоце інавацыйныя педагагічныя тэхналогіі.
— Сто гадоў — гэта многа ці мала? У жыцці чалавека гэта, мабыць, блізкасць зыходу жыцця, для школы такая лічба толькі знак пацвярджэння яе даўгавечнасці, правільнасці выбранага шляху і прызнання неабходнасці існавання, — адзначае дырэктар школы Ала Уладзіміраўна Насевіч. — У кастрычніку школа адзначыць стагадовы юбілей. Яна была заснавана ў 1915 годзе як яўрэйская мужчынская гімназія № 10 С.Г.Фельдштэйна. Змяніўшы назвы і адрасы, установа з 1951 года — а тады яна была дзясятай жаночай рускай школай — знаходзіцца на Бранявым завулку. За ўсе гады існавання школы яна была нязменна дзясятай. І на працягу гэтага часу школа падтрымлівацца ў добрым стане.
Да свайго юбілею ўстанова атрымала цудоўны падарунак: ад кіраўніка адміністрацыі раёна з рэзервовага фонду былі выдзелены грашовыя сродкі на замену акон, абсталяванне актавай залы, сучаснага кабінета фізікі. За кошт пазабюджэтнай дзейнасці і бацькоўскіх сродкаў у яркія колеры перафарбаваны калідоры, праведзены рамонтныя работы ў кабінетах, набыты новыя інфармацыйныя стэнды.
Сярод шматлікіх гімназій, якія знаходзяцца ў цэнтры горада, дзясятая сярэдняя вытрымлівае сур’ёзную канкурэнцыю і не адчувае недахопу вучняў. Навучальная ўстанова прываблівае бацькоў і дзяцей тым, што разам з англійскай мовай навучэнцы вывучаюць кітайскую, таму ў інтэр’еры школы можна бачыць кітайскія матывы. У школе таксама абсталяваны кабінет кітайскай мовы, і ўжо з першага класа ў вучняў ёсць магчымасць наведваць факультатыў па гэтым прадмеце. На старшай ступені тут па запытах бацькоў і дзяцей сёлета адкрываецца профіль з вывучэннем на павышаным узроўні англійскай, рускай мовы і біялогіі.
Ды і слава аб поспехах вучняў таксама крочыць побач. Штогод на ўсіх этапах алімпіяды па біялогіі вучні школы становяцца пераможцамі. У скарбонцы ўстановы дыпломы І і ІІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды (Рыгор Міронаў, Канстанцін Норд), ІІ ступені на гарадскім этапе (Кірыл Савін, Дар’я Нікітчанка). Такія вынікі ў многім сталі магчымымі дзякуючы настаўніцы біялогіі Тамары Георгіеўне Вераценнікавай. Выніковы і ўдзел навучэнцаў у алімпіядзе і конкурсе даследчых работ па кітайскай мове. Варвара Сапрыкіна — уладальніца дыплома І ступені на IV Рэспубліканскім конкурсе даследчага характару па замежных мовах, ІІІ ступені — на гарадскім этапе рэспубліканскай алімпіяды. Гэтыя перамогі дасягнуты дзякуючы цьютарскаму суправаджэнню маладых педагогаў А.П.Лазаковіч, Т.І.Кузьмянковай.
“У нашай установе працуюць актыўныя, творчыя настаўнікі, як вопытныя з вялікім стажам работы, так і зусім маладыя, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аксана Віктараўна Салавей. — У пачатковай школе педагогі выкарыстоўваюць новыя адукацыйныя тэхналогіі: лега-канструяванне (Алена Анатольеўна Навіцкая), мультымедыя (Людміла Пятроўна Палявая, Ірына Сцяпанаўна Літоўчанка), вучэбна-даследчую дзейнасць (Ганна Барысаўна Ляўковіч), гульнявыя тэхналогіі (Вольга Дзмітрыеўна Казлоўская). Вялікім аўтарытэтам у бацькоў карыстаюцца Ірына Сцяпанаўна Літоўчанка, Алена Аляксандраўна Мажайская. У 2013/2014 навучальным годзе настаўніца пачатковых класаў А.А.Навіцкая стала пераможцай раённага конкурсу “Сучасны ўрок беларускай мовы”, а ў мінулым навучальным годзе яна перамагла ў раённым этапе конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Мы — маладыя”, стала лаўрэатам гарадскога этапу. За апошнія два гады гранты Мінгарвыканкама атрымалі А.У.Насевіч, Н.М.Сіндзеева за праект “Арганізацыя работы па фарміраванні прафесійнай кампетэнцыі маладых спецыялістаў”, А.В.Салавей, Г.Б.Ляўковіч за работу па тэме “Гендарнае выхаванне як аснова сацыялізацыі малодшых школьнікаў”. Дарэчы, сёлета школа заняла трэцяе месца па рэйтынгу ўстаноў адукацыі ў раёне.
Летапіс школы працягваецца. Наперадзе ўстанову чакае работа па павышэнні якасці адукацыйнага працэсу, адраджэнні традыцый матэматычнай адукацыі, узняцці прэстыжу на новы ўзровень.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.