Спаборнічалі юныя баксёры

- 15:01Нам пішуць

На базе ўніверсальнага спартыўнага цэнтра “Жамчужына” Маларыты ўпершыню прайшоў двухдзённы абласны турнір па боксе сярод дзяцей і моладзі “Здаровая моладзь — здаровая нацыя”. Ініцыятарам і арганізатарам спаборніцтва выступіла прыватная школа бокса Маларыты пры падтрымцы Маларыцкага райвыканкама, Маларыцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба і ДЮСШ Маларыцкага раёна. Спонсар турніру — СТАА “Раскорм”.

На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтва яго ўдзельнікаў віталі кіраўніцтва Маларыцкага райвыканкама, чэмпіёны Беларусі і Еўропы па боксе, удзельнікі Алімпійскіх гульняў, трэнеры і майстры спорту па гэтым відзе спорту.

На рынг выйшлі прадстаўнікі 4 узроставых і 16 вагавых катэгорый, каб не толькі вызначыць лепшага, але і паказаць тэхніку бою, апрабаваць навыкі, атрыманыя падчас трэніровак, паглядзець на паядынкі і атрымаць задавальненне ад бокса. За званне самага моцнага змагаўся 71 юны баксёр з 7 гарадоў Брэстчыны: Маларыты, Брэста, Пінска, Баранавіч, Кобрына, Жабінкі і Белаазёрска. Падтрымаць спартсменаў сабраліся аднакласнікі, бацькі і знаёмыя. Многія паядынкі выклікалі вялікую цікавасць у прысутных, бо былі яркімі, відовішчнымі і запамінальнымі. Самым напружаным, насычаным і хвалюючым стаў, безумоўна, фінальны дзень турніру, які сабраў наймацнейшых удзельнікаў.

З прыватнай школы бокса Маларыты ў турніры ўдзельнічалі 20 юных спартсменаў. Некаторыя з іх паказалі выдатную фізічную форму, правялі ўдалыя баі і ўзняліся на п’едэстал гонару. Сярод маларытчан дыпломамі I ступені былі адзначаны Мікалай Ганчарук, Кірыл Старасотнікаў, Данііл Крывіч і Яраслаў Крывіч. Лепшым баксёрам турніру прызнаны Данііл Крывіч, які атрымаў кубак спаборніцтва.

— Баксёрскі паядынак — гэта незвычайны спектакль, дзе галоўнымі героямі становяцца мужнасць, трываласць, загартоўка і сіла, — гаворыць трэнер школы бокса Віталь Касцючык. — Поспех у баксёраў вызначае не толькі фізічная, але і псіхалагічная падрыхтоўка. Гэты від спорту прымушае чалавека імгненна прымаць правільныя рашэнні з некалькіх магчымых камбінацый. Баксёру трэба не проста наносіць удары па саперніку, а пільна адсочваць ход бою, бачыць усё, што адбываецца вакол. Толькі ў такім выпадку будзе вынік.

— У Маларыце ўпершыню адбылося сапраўднае свята бокса, — адзначае заснавальнік і кіраўнік школы бокса Павел Дзячук. — Упэўнены, што турнір паспрыяе папулярызацыі бокса сярод моладзі і далучыць яе да актыўных заняткаў спортам.

Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.