Спаборнічаць і сябраваць

Спорт яднае. Гэта з 14 па 19 кастрычніка даказвалі маладыя спартсмены на трэцім этапе спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва — спартакіядзе школьнікаў Беларусі і Расіі, якія жывуць у сельскай мясцовасці. Маладзечна радасна сустрэла больш за 200 чалавек і стала месцам па-летняму гарачай барацьбы.

На спартакіяду прыехалі 32 каманды. Беларусь прадстаўлялі навучэнцы Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, Расію — Пензенскай, Чэлябінскай, Растоўскай абласцей, Чувашскай Рэспублікі і Рэспублікі Паўночная Асеція — Аланія. Асаблівасць гэтага этапу ў тым, што ўсе яго ўдзельнікі — дзеці з сельскай мясцовасці.

“Ідэя спаборніцтваў цудоўная, — кажа галоўны суддзя спартакіяды Мікалай Шрымф, — таму што гэтая катэгорыя навучэнцаў і ў Беларусі, і ў Расіі ў большай масе не ахоплена сістэмай дзіцячых спартыўных школ. Тут у іх была рэальная магчымасць сябе паказаць. Некаторыя дзеці ўпершыню дакрануліся да такога ўзроўню спаборніцтваў. Я ўпэўнены, што гэта застанецца з імі на ўсё жыццё, многія захопяцца якім-небудзь відам спорту і звяжуць з ім сваё дзяцінства, юнацтва, а можа, і дарослае жыццё”.

Праграма складалася са спаборніцтваў па трох відах спорту: баскетболе 3х3, настольным тэнісе і плаванні. У баскетболе 3х3 сярод дзяўчынак пераможцам стала каманда Рэспублікі Паўночная Асеція — Аланія, 2-е месца — у Чэлябінскай вобласці, а 3-е — у Брэсцкай. У хлопчыкаў сітуацыя адваротная: два прызавыя месцы ўзялі беларусы і адно — расіяне. “Золата” павезлі з сабой баскетбалісты Растоўскай вобласці, “серабро” — удзельнікі з Мінскай вобласці, а “бронза” дасталася спартсменам Гродзенскай вобласці.

На спаборніцтвах па плаванні чэмпіёнам спартакіяды стала каманда Чувашскай Рэспублікі, за імі размясціліся прадстаўнікі Пензенскай вобласці, замкнулі тройку пераможцаў спартсмены Растоўскай вобласці. У настольным тэнісе растаўчане сваёй упартасцю і майстэрствам заваявалі залатыя медалі, сярэбраныя ўзнагароды заваявалі спартсмены Брэсцкай вобласці, а бронзавыя — Гродзенскай.

Удзельнікі спартакіяды атрымалі не толькі памятныя кубкі, медалі, граматы, але і каштоўныя падарункі.

“Калі дзеці даведаліся, што яны едуц­ь на міжнародныя спаборніцтвы ў іншую краіну, каб абараніць гонар Расійскай Федэрацыі, то былі вельмі задаволены. Я думаю, яны ганарацца тым, што менавіта іх адабралі, — адзначыла прадстаўнік Міністэрства спорту Расійскай Федэрацыі Вольга Кныш. — Асабіста я была прыемна здзіўлена вынікамі: усюды мы ўзялі залатыя медалі. Але нельга не адзначыць выступленне беларускіх спартсменаў. Дзеці вельмі стараліся”.

У вольны час школьнікам прапаноўвалася шырокая культурна-забаўляльная праграма. Яны былі на аглядных экскурсіях па Мінску і Маладзечне, у гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна”, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Таксама навучэнцы наведалі лядовую арэну, аквапарк, пагулялі ў боўлінг, правялі вечар сяброўства, паспаборнічалі ў лазер-ране.

Арганізатары адзначылі, што спартакіяда дапамагла многім знайсці сяброў.

Плануецца, што ў 2020 годзе этапы гэтага спаборніцтва пройдуць у Оршы, Гомелі, Валгаградзе і Разані.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.