Спаборнічаць і вучыцца, перамагаць і самаўдасканальвацца

Cакавік быў надзвычай гарачым месяцам для навучэнцаў Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа, нягледзячы на тое, што  на вуліцы тэмпература нярэдка апускалася да мінусавай. Справа ў тым, што ва ўстанове праходзіць конкурс прафесійнага майстэрства CollegeSkills — супрацьстаянне і напружаная барацьба ўвесь час падагравалі атмасферу. CollegeSkills для навучэнцаў — гэта першы крок па шляху пад назвай WorldSkills. Конкурсны рух стаў важным напрамкам работы ў каледжы, які прыносіць не толькі перамогі, але і карысць установе і яе навучэнцам. 

Новыя старты і новыя гарызонты

Маладзечанскі дзяржаўны каледж удзельнічае ў WorldSkills з самага яго пачатку ў нашай краіне. У 2014 годзе Беларусь афіцыйна стала 68-м членам Міжнароднай арганізацыі WorldSkills International, і каледж адразу ж далучыўся да гэтага руху. У самым першым рэспубліканскім конкурсе прадстаўнікі каледжа ўдзельнічалі ў дзвюх кампетэнцыях — “Сталярная справа” і “Цагляны мур”. І адразу ж былі першыя вынікі: сярэбраны медаль заваяваў Дзмітрый Касінскі ў кампетэнцыі “Сталярная справа”. З кожным годам рух набірае абароты, а каледж узмацняе свае пазіцыі ў ім. У 2016-м удзельнічалі на рэспубліканскім узроўні ў трох кампетэнцыях: акрамя тых, што былі раней, паспрабавалі сябе ў кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Яшчэ адной кампетэнцыяй прыраслі праз два гады, а ў 2020 годзе навучэнцы каледжа спаборнічалі ўжо ў пяці кампетэнцыях: “Кандытарскае мастацтва”, “Хлебапячэнне”, “Сантэхніка і ацяпленне”, “Сталярная справа”, “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы”. Удзельнікамі рэспубліканскага фінальнага мерапрыемства сталі Яўген Гайбута, Дзмітрый Крот, Ганна Набагез, Ягор Янкоўскі і Вадзім Міхалоўскі. У выніку канкурсанты паказалі высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі і ва ўсіх кампетэнцыях справіліся з конкурснымі заданнямі. Яўген Гайбута заваяваў чаканае “золата” — стаў лепшым у кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне”. Дзмітрый Крот у кампетэнцыі “Хлебапячэнне” ўдастоены “бронзы” конкурсу. Шэраг майстроў вытворчага навучання каледжа выступалі на рэспубліканскім конкурсе ў якасці экспертаў. Гэта В.Р.Сафонаў, М.Я.Цалко, В.А.Лычова, М.М.Нічыпарэнка, Н.А.Замара, К.І.Стрэж.

Актыўны ўдзел у конкурсным руху дырэктар каледжа Дзмітрый Леанідавіч Богдан тлумачыць тым, што гэта не проста магчымасць для навучэнцаў праявіць сябе, але і новыя магчымасці для развіцця ўстановы. 

— Галоўная задача, якая стаіць перад каледжам, — выхаваць годнага чалавека — прафесіянала і грамадзяніна, — адзначае Д.Л.Богдан. — Мы ўвесь час працуем над павышэннем якасці падрыхтоўкі навучэнцаў. Бо чым вышэйшая якасць падрыхтоўкі, тым больш запатрабаванымі і канкурэнтаздольнымі спецыялістамі будуць нашы выпускнікі. І адзін са сродкаў павышэння якасці падрыхтоўкі — удзел у прафесійных конкурсах, у тым ліку WorldSkills. У 2015 годзе мы распрацавалі свой праект CollegeSkills. Сёння ў каледжы вядзецца падрыхтоўка па 4 спецыяльнасцях на ўзроўні ССА і 29 кваліфікацыях на ўзроўні ПТА. І конкурс CollegeSkills праводзіцца па ўсіх спецыяльнасцях і кваліфікацыях. Такім чынам, мы ахопліваем практычна ўсіх навучэнцаў каледжа, падаграваем іх цікавасць да прафесій, якія яны атрымліваюць. Навучэнцы адкрываюць для сябе новыя грані сваёй справы, яны з энтузіязмам і жаданнем дэманструюць свае ўменні. І ўсё гэта вядзе да павышэння якасці падрыхтоўкі. Аб тым, што мы рухаемся ў правільным кірунку, сведчыць запатрабаванасць нашых выпускнікоў на рынку працы: арганізацыі і прадпрыемствы з задавальненнем бяруць іх на работу. Штогод 100 працэнтаў выпускнікоў забяспечваюцца працоўнымі месцамі, больш за 80 працэнтаў атрымліваюць павышаныя разрады. 

У каледжы склалася свая сістэма работы па падрыхтоўцы навучэнцаў да ўдзелу ў конкурсе. Вызначыць будучых чэмпіёнаў дапамагае конкурс прафмайстэрства CollegeSkills. Заданні на конкурсах прапануюцца з элементамі стандартаў WorldSkills. З тымі навучэнцамі, хто лепш за ўсіх праявіў сябе, пачынаюць работу па падрыхтоўцы да наступных этапаў. Для гэтага складаецца план індывідуальнай работы. Ствараюцца творчыя групы майстроў вытворчага навучання, якія працуюць з пэўнай кампетэнцыяй. Падключаюцца да работы і выкладчыкі спецдысцыплін і агульнаадукацыйных прадметаў. Такім чынам, у падрыхтоўцы да конкурсу задзейнічаны, па сутнасці, увесь каледж. 

Планам работы прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў. У першую чаргу гэта, канечне, вывучэнне спецыфікі стандартаў WorldSkills і адпрацоўка тэхналогіі выканання работ. У каледжы створаны ўсе ўмовы для якаснай арганізацыі вытворчага навучання. Ёсць вучэбна-вытворчыя майстэрні, вучэбныя лабараторыі, аснашчаныя неабходным абсталяваннем. Дзякуючы ўдзелу ў WorldSkills, было набыта новае абсталяванне. Прычым гэта не проста абсталяванне для падрыхтоўкі да конкурсу — гэта менавіта тое абсталяванне, якое актуальна зараз для работы па пэўнай прафесіі. На конкурсных пляцоўках рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню прадстаўлена самае перадавое абсталяванне ў розных вытворчых галінах, і ўдзельнікі знаёмяцца з інавацыямі і імкнуцца ўкараняць іх у працэс падрыхтоўкі кадраў. Такім чынам, конкурс дае стымул для развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы. У каледжы вялікія сродкі, у тым ліку пазабюджэтныя, выдзяляюцца для набыцця расходных матэрыялаў, інструментаў, сыравіны для правядзення трэніровак.

Удзельнікі конкурсаў павінны валодаць, акрамя высокай прафесійнай падрыхтоўкі, яшчэ і высокай ступенню стрэсаўстойлівасці, уменнем сканцэнтравацца і працаваць пры любых умовах, пераадольваць няўдачы. Таму план падрыхтоўкі да конкурсу ўключае забеспячэнне псіхолага-педагагічнага суправаджэння, агульнакультурнага развіцця ўдзельнікаў конкурсу, пашырэнне іх кругагляду і ўмацаванне камунікацыйных кампетэнцый.

Рэсурсны цэнтр — цэнтр падрыхтоўкі

У Маладзечанскім дзяржаўным каледжы з 2009 года дзейнічае рэсурсны цэнтр будаўнічага напрамку. У склад цэнтра ўваходзяць вучэбна-вытворчыя майстэрні санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, каменных работ, аддзелачных работ, вучэбны цэнтр Ceresit. Тут ажыццяўляецца рэалізацыя асноўных адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых, арганізоўваецца вучэбная практыка для навучэнцаў, якія атрымліваюць ССА, праводзяцца вучэбныя семінары, майстар-класы.

У рэсурсным цэнтры сканцэнтравана сучаснае абсталяванне, матэрыяльна-тэхнічная база пастаянна аднаўляецца ў адпаведнасці з развіццём будаўнічай галіны. Многія вучэбныя мерапрыемствы ў цэнтры ладзяцца з удзелам прадстаўнікоў прадпрыемстваў-партнёраў, на іх актыўна абмяркоўваюцца і дэманструюцца сучасныя тэхналагічныя прыёмы работы.

Зразумела, такія ўмовы спрыяльныя для падрыхтоўкі да конкурсу. Таму рэсурсны цэнтр — гэта яшчэ і цэнтр падрыхтоўкі да прафесійных конкурсаў, у тым ліку WorldSkills. Тут праходзяць заняткі навучэнцаў, якія выступаюць у кампетэнцыях будаўнічага кірунку. Тут жа ладзяцца адборачныя ўнутрыкаледжныя спаборніцтвы. Таксама рэсурсны цэнтр у 2019 годзе прымаў абласны этап WorldSkills па кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне”.

— У вучэбна-вытворчых майстэрнях рэсурснага цэнтра канкурсанты маюць магчымасць трэніравацца на сучасным будаўнічым абсталяванні, — расказвае Валянціна Феліксаўна Міхайлоўская, загадчык рэсурснага цэнтра. — Так, напрыклад, будучыя мантажнікі сантэхнічнага абсталявання працуюць з тэлескапічным трубарэзам, фасказнімальнікам, ручным гідраўлічным трубагібам. У вучэбна-вытворчай майстэрні ёсць дзеючая мадэль цеплавой помпы, наборы абсталявання для прадухілення працёкаў і для вывучэння тэхналогіі стварэння ледзяных пробак у трубах, аўтаматычны сэнсарны душ з тэрмастатам, гелеасістэма і інш. Для каменных работ ёсць бетоназмешвальнік, тарцовая піла, каменярэзны станок. Варта адзначыць, што на вучэбных занятках, а таксама падчас падрыхтоўкі да конкурсаў у рэсурсным цэнтры выкарыстоўваюцца сучасныя будаўнічыя матэрыялы. Напрыклад, палімерныя і медныя трубы, газасілікатныя і керамічныя дэкаратыўныя блокі, керамічная цэгла, інавацыйныя будаўнічыя сумесі — сілікатныя, сіліконавыя, мінеральныя і г.д. 

WorldSkills дазваляе ўстановам прафесійнай адукацыі звярнуць увагу на новыя актуальныя прафесіі. Вось і ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы ў хуткім часе адкрыецца набор па новай кваліфікацыі, чаму паспрыяў удзел у конкурсным руху. Справа ў тым, што ў кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы” ўдзел ад каледжа бралі навучэнцы, якія вучыліся на тынкоўшчыкаў. Будучыя спецыялісты вывучалі тэхналогіі сухога будаўніцтва падчас вытворчага навучання, і адводзілася на гэта ўсяго 48 гадзін, што вельмі мала для асваення на належным узроўні названай кампетэнцыі. І ўдзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства па названай кампетэнцыі — ужо вялікі поспех. Дзякуючы конкурснаму руху, кампетэнцыя апынулася ў цэнтры ўвагі, аналіз паказаў яе актуальнасць і запатрабаванасць. Таму было вырашана, што ў каледжы неабходна пачаць падрыхтоўку па такой кваліфікацыі. Тым больш што і майстры вытворчага навучання, гатовыя да гэтага, ёсць: для падрыхтоўкі канкурсантаў майстры былі накіраваны на стажыроўку ў вучэбны цэнтр “КНАУФ”, дзе сталі ўдзельнікамі семінара-практыкуму па спецыяльнасці “Аддзелачныя будаўнічыя работы” па прафесійнай кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы”. І ўжо ў 2021 годзе ўпершыню Маладзечанскі дзяржаўны каледж будзе прымаць на навучанне на ўзровень ПТА па кваліфікацыі “мантажнік каркасна-абшыўных канструкцый сухога будаўніцтва”.

Дапамагаюць сябры і партнёры

Удзел у руху WorldSkills стымулюе і да ўмацавання ўзаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі. Падрыхтоўка да конкурсу становіцца адным з важных кірункаў супрацоўніцтва. Так, напрыклад, арганізацыі — заказчыкі кадраў ладзяць падрыхтоўку да конкурсу на сваёй базе. Такім чынам, навучэнцы адточваюць свае навыкі не толькі ў майстэрнях каледжа, але і ва ўмовах рэальнай вытворчасці. Так, яны маюць магчымасць папрацаваць на пэўным абсталяванні, калі такога няма ў каледжы, і скарыстацца парадамі вопытных прафесіяналаў-практыкаў. Такая падрыхтоўка вядзецца на базе прадпрыемстваў “Малрэмналадкасэрвіс”, “Забудова-буд”, “Рэмбудплюс”, “Маладзечанскі хлебазавод” і інш. Таксама майстры вытворчага навучання каледжа перыядычна праходзяць стажыроўкі ў арганізацыях, якія маюць перадавыя тэхналогіі і значны вопыт работы. 

Спецыялісты вядучых прадпрыемстваў Маладзечна прыцягваюцца ў ролі экспертаў падчас прафесійных конкурсаў у каледжы. 

Прадпрыемствы і арганізацыі гатовы дапамагаць, калі разумеюць, што іх уклад у падрыхтоўку да конкурсаў прафмайстэрства — гэта, па сутнасці, уклад у развіццё прадпрыемстваў і арганізацый. Бо перадавы вопыт, набыты ў рамках конкурсу навучэнцамі, майстрамі, увогуле ўстановай, будзе пранікаць у штодзённую работу каледжа і ўвасобіцца ў высокім узроўні падрыхтоўкі навучэнцаў, якія потым стануць работнікамі прадпрыемстваў і арганізацый і будуць развіваць іх. Безумоўна, такое разуменне не заўсёды прыходзіць само па сабе, таму кіраўніцтва каледжа актыўна вядзе работу ў гэтым напрамку. 

Усё пачынаецца з майстра

Безумоўна, выключнае значэнне ў падрыхтоўцы да конкурсу мае асоба майстра вытворчага навучання, які працуе з канкурсантамі. Акрамя выбітных прафесійных навыкаў, ён павінен умець знайсці падыход да чалавека, заўважыць яго моцныя, а таксама слабыя бакі, дапамагчы ўмацаваць першыя і справіцца з другімі. Гэта чалавек, які можа падтрымаць і стымуляваць, накіраваць і падштурхнуць. І ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы такіх людзей працуе многа. Гэта, напрыклад, Мікалай Яўгенавіч Цалко, які рыхтуе канкурсантаў у кампетэнцыі “Сталярная справа”, самы першы медаль быў атрыманы дзякуючы яму. Віктар Рыгоравіч Сафонаў, пад чыім кіраўніцтвам заваявана першае “золата”, зараз ён рыхтуе навучэнца Яўгена Гайбуту да сусветнага чэмпіянату. Паспяхова працуе з дзецьмі Валянціна Аляксандраўна Лычова — яе навучэнцы выступаюць у кампетэнцыі “Хлебапячэнне”. Гэты спіс папаўняецца маладымі спецыялістамі, такімі, напрыклад, як Марыя Міхайлаўна Нічыпарэнка.  

— У нашым каледжы працуюць цудоўныя людзі, майстры сваёй справы, — лічыць дырэктар каледжа Д.Л.Богдан. — Іх адданасць справе, ініцыятыўнасць, талент дапамагаюць дасягаць новых вяршынь. Яны прынеслі нашай установе многа ўзнагарод. Аднак не гэтыя ўзнагароды мы лічым скарбам. Сапраўдны скарб — гэта людзі, наша каманда. Я ўдзячны кожнаму з іх, што яны матывуюць дзяцей спаборнічаць і вучыцца, перамагаць і самаўдасканальвацца. Педагогі і майстры вытворчага навучання каледжа — гэта магутная сіла, якая рухае ўстанову наперад. 

Дар’я РЭВА.