Спаборніцтвы атрымаюць дастойнае асвятленне ў СМІ

Інфармацыйнае забеспячэнне падрыхтоўкі і правядзення II Еўрапейскіх гульняў будзе актывізавана, паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі.

Адпаведныя даручэнні органам дзяржаўнага кіравання і арганізацыям па актывізацыі асвятлення II Еўрапейскіх гульняў, у тым ліку за мяжой, дадзены па выніках пашыранага пасяджэння падкамітэта па пытаннях інфармацыйна-рэкламнага забеспячэння і работы СМІ Рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года, якое прайшло ў Міністэрстве інфармацыі пад старшынствам кіраўніка ведамства Аляксандра Карлюкевіча.

У пасяджэнні ўдзельнічалі прадстаўнікі вядучых рэспубліканскіх СМІ, НАК, дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў, шэрага міністэрстваў і ведамстваў.

На пасяджэнні разгледжаны пытанні актывізацыі інфармацыйнага забеспячэння падрыхтоўкі і правядзення II Еўрапейскіх гульняў у Мінску, рэалізацыі праграмы ўключэння жыхароў Беларусі ў мерапрыемствы, звязаныя з падрыхтоўкай і правядзеннем II Еўрагульняў, арганізацыі і забеспячэння работы прэс-цэнтраў, якія размяшчаюцца ў спартыўных аб’ектах, дзе будуць праходзіць спаборніцтвы, арганізацыі акрэдытацыі журналістаў для асвятлення мерапрыемстваў II Еўрапейскіх гульняў і многае іншае.