Спаборніцтвы на робатах

Другі абласны турнір па робататэхніцы ROBOQUEST не толькі вызначыў лепшых, каму давядзецца прадстаўляць Гомельскую вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JuniorSkills Belarus у кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка”, але і дазволіў многім дзецям і падлеткам паспрабаваць свае сілы ў адным з папулярных сёння напрамкаў.

Галоўная мэта такога турніру — папулярызацыя робататэхнікі і прыцягненне да заняткаў у гэтым кірунку як мага больш навучэнцаў устаноў сярэдняй і дадатковай адукацыі вобласці. Але ж, назіраючы за колькасцю канкурсантаў і дзяцей, якія прыйшлі паназіраць за імі, можна рабіць высновы, што зацікаўленых робататэхнікай хлопчыкаў і дзяўчынак у вобласці многа. Свае веды і талент яны ўзбагачаюць і развіваюць у цэнтрах дадатковай адукацыі, школьных аб’яднаннях па інтарэсах, прыватных школах і клубах.

Конкурсам JuniorSkills прадугледжваецца ўдзел у спаборніцтве дзяцей ва ўзросце ад 9 да 17 гадоў. Аднак арганізатар рэгіянальнага этапу — Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі — дазволіў паспрабаваць свае сілы і малодшым школьнікам, якія займаюцца робататэхнікай на пачатковым этапе. Так, у турнір былі ўключаны каманды ва ўзроставай групе ад 6 да 9 гадоў. Спаборніцтвы для іх праходзілі на робатах LEGO © WeDo ў дысцыпліне “Свет WeDo”. Гэта вельмі правільны падыход. Сёння малыя толькі асвойваюць азы робататэхнікі, а заўтра яны таксама будуць у ліку тых, хто паспрабуе даказаць сваё права на тое, каб прадстаўляць Гомельшчыну на рэспубліканскім узроўні.

Назіраючы за дзеяннямі маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, многія з якіх яшчэ нагадваюць дашкалят, разумееш, што падрастае добрая змена старэйшым тэхнікам. Як хутка яны ўсё робяць, спрачаюцца, раяцца і, нягледзячы на дапытлівы ўзрост, зусім не звяртаюць увагу на тое, што адбываецца вакол — яны захоплены працай.

У старэйшых задачы больш складаныя, для іх спаборніцтвы праводзяцца на робатах LEGO © MINDSTORMS © EV3 у дысцыплінах “Мабільная робататэхніка” і “Робататэхнічная алімпіяда”. Канечне, у іх асаблівае хваляванне, кожны ўдзельнік марыць быць лепшым, бо ведае, што пераможцы турніру стануць членамі абласной каманды і прымуць удзел у Рэспубліканскім конкурсе па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JuniorSkills Belarus.

Пераможцы вызначаліся па выніках кожнай дысцыпліны, абсалютныя пераможцы — па суме балаў у абедзвюх дысцыплінах. Вельмі добрыя вынікі паказалі на спаборніцтве навучэнцы дзяржаўных устаноў адукацыі “Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі” і “Камп’ютарны цэнтр дзяцей і моладзі Светлагорска”, прыватных адукацыйных кампаній “АйЦіТэхнаСтар” і “АйЦі Крок Глобал”.

У цэлым жа канкурсанты паказалі дастаткова высокі ўзровень, а розніца ў балах была зусім нязначная. Усе пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, а прызы — гульнявая гарнітура, гульнявая мыш, бесправадная калонка, партатыўная зарадная прылада, наборы перыферыі — прадаставілі кампаніі “ЗеонПлюс” і “Зест Дэвэлапмент”.

Варта сказаць, што правядзенне такога турніру на належным узроўні патрабавала значных грашовых сродкаў, таму падрыхтоўчы этап мерапрыемства арганізатары пачыналі з пошуку спонсараў. Вельмі парадавала, што адгукнуліся буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы: Гомельскі хімічны завод, Беларускі металургічны завод, Гомельскі домабудаўнічы камбінат і інш. Нязменна падтрымалі інавацыйную моладзь і ІТ-кампаніі Epam Systems, “АйЦіТэхнаСтарт”. Не застаўся ўбаку і Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, накіраваўшы ў якасці валанцёраў і журы конкурсу лепшых студэнтаў.

— Турнір — гэта магчымасць для нашых дзяцей раскрыць творчыя здольнасці, рэалізаваць навуковыя і пазнавальныя інтарэсы, закласці падмурак для будучай вучобы ва ўстановах вышэйшай адукацыі і працоўнай дзейнасці, — гаворыць дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Наталля Алейнік. — Таму я вельмі ўдзячна спонсарам гэтага мерапрыемства. Яны падтрымалі канкурсантаў, а значыць, падтрымалі тых, хто ў будучыні можа стаць выдатным спецыялістам на іх прад-прыемствах і ў арганізацыях.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.