Спаборніцтвы працягваюцца

- 12:35Спартыўныя падзеі

На XXX Сусветнай летняй універсіядзе ў Неапалі працягваюцца спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы.

На 8-й пазіцыі завяршыў сваё выступленне скакун увышыню студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Андрэй Скабейка. У фінале  яму пакарылася вышыня 2,18 м.

На п’едэстале ў гэтай дысцыпліне замацаваліся балгарын Ціхамір Іваноў (2,30 м), прадстаўнік Турцыі Альпер Асет (2,24 м) і спартсмен з Літвы Адрыджус Глебаўкас (2,24 м).

У заключным падыходзе Ціхамір Іваноў спрабаваў пераадолець вышыню 2,33 м, якая з’яўляецца алімпійскім нарматывам. На жаль, ні адна са спроб не ўвянчалася поспехам. Рэкорд універсіяды ў гэтай дысцыпліне быў усталяваны ў 1985 годзе атлетам з Кыргызстана Ігарам Пакліным — 2,41 м.

У кіданні кап’я студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Вікторыя Ермакова заняла 11-е месца з вынікам 51,54 м.

У лідарах гэтай дысцыпліны — Лівета Ясунайтэ з вынікам 60,36 м. Сярэбраны медаль заваявала прадстаўніца Японіі Харукі Кітагучы  —  60,15 м. “Бронза” ў спартсменкі з Турцыі Ежы Гугзус — 59,75 м.

Наталля АЛЁХІНА.