Спачатку бяспека, а потым адзнакі

У рамках прафілактычнай акцыі “За бяспеку — разам”, якая праводзіцца ў Рэспубліцы Беларусь з 15 кастрычніка па 2 лістапада, у сярэдняй школе № 7 Смаргоні адбылася сустрэча настаўнікаў са спецыялістамі Смаргонскага РАНС — намеснікам начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнікам унутранай службы Мікалаем Мікалаевічам Шышом і лейтэнантам унутранай службы, інспектарам групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Дар’яй Міхайлаўнай Жураўлёвай.

Падчас сустрэчы расказалі аб прычынах узнікнення пажараў, якія адбыліся на тэрыторыі Смаргонскага раёна за перыяд 2017—2018 гг. Мікалай Мікалаевіч асвятліў таксама пытанні, якія датычацца пажарнай бяспекі ў кватэрах, нагадаў правілы паводзін пры ўзнікненні пажару, распавёў аб мабільным дадатку “МНС Беларусі: дапамога побач”, які можа стаць выратавальным пры ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі.

Напрыканцы педагогі даведаліся, як сабраць ртуць ад разбітага тэрмометра ў хатніх умовах; як пазбавіцца ад вялікай колькасці восаў у прыватным сектары; як вызначыць, ці спраўны аўтаномны пажарны апавяшчальнік; якія віды аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў існуюць і які з іх лепшы…

Сустрэча са спецыялістамі нагадала настаўнікам, што нельга падключаць мабільны тэлефон на падзарадку на ноч, што існуюць не толькі пажарныя апавяшчальнікі, але і аўтаномныя апавяшчальнікі ўгарнага газу. А самае галоўнае — кожны з прысутных яшчэ раз усвядоміў, што чалавечая бяспека і жыццё — самае важнае, аб чым трэба памятаць і клапаціцца ў першую чаргу. І толькі потым — адзнакі за чвэрць…

Марыя ГОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.