“Спачатку стварыць умовы для поспеху, а потым прад’яўляць патрабаванні”

Па выніках 2020 года Кадзінская сярэдняя школа Магілёўскага раёна прызнана лепшай сельскай навучальнай установай у краіне. Як школе ўдалося дасягнуць такога поспеху, што дазваляе быць сучаснай канкурэнтаздольнай установай адукацыі, нашаму карэспандэнту расказвае яе дырэктар Надзея Канстанцінаўна АРЦЁМЕНКА.

— Сакрэт перамогі вельмі просты — імкненне педагогаў якасна выконваць сваю работу. Усе нашы дасягненні — гэта вялікая і творчая праца педагогаў і навучэнцаў у цесным супрацоўніцтве з бацькамі і нашымі шэфамі  — ААТ “Фірма “Кадзіна”, РУСПП “Магілёўскае Дзяржплемпрадпрыемства”.

Наша навучальная ўстанова размешчана ў сельскай мясцовасці, таму сваю работу прадумваем так, каб ахапіць карыснай справай усіх навучэнцаў. На сёння ў школе адукацыйны працэс арганізаваны для 419 навучэнцаў, адкрыты 21 клас-камплект. У верасні 2020 года школа расчыніла свае дзверы 36-ы раз. За гэтыя гады яна зрабіла 35 выпускаў, падрыхтавала 66 медалістаў. Паказчык паступлення вучняў у ВНУ і ССНУ складае ад 87 да 100%. У алімпіядным руху ўстанова займае лідзіруючыя месцы ў раёне (сёлета было заваявана 19 дыпломаў). На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды на рахунку школы два дыпломы і пахвальны водзыў. Па працоўным навучанні вучаніца 11 класа Лізавета Ганчарова ўдастоена дыплома ІІ ступені, па грамадазнаўстве Ягор Троцкі адзначаны дыпломам ІІІ ступені.

Нашы навучэнцы Вольга Врукала, Кірыл Цярэшчанка, Аляксандра Крукоўская, а таксама педагогі: настаўніца абслуговай працы А.Э.Заблоцкая і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства І.В.Ефрамкова з’яўляюцца лаўрэатамі спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Дарэчы, на базе школы дзейнічаюць два рэсурсныя цэнтры — па геаграфіі і рускай мове і літаратуры, асноўны напрамак дзейнасці якіх — работа з высокаматываванымі навучэнцамі па падрыхтоўцы да алімпіяд.

У аснову пабудовы адукацыйнага працэсу школы пакладзены здароўезберагальныя тэхналогіі. Галоўны прынцып работы педагагічнага калектыву — задавальненне патрэб асобы з улікам індывідуальных магчымасцей, асаблівасцей, схільнасцей і інтарэсаў навучэнцаў.

У 2015/2016 навучальным годзе на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўпершыню быў адкрыты 10 профільны педагагічны клас з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні (філалагічны: руская мова і англійская мова; хіміка-біялагічны: хімія і біялогія). З тых часоў профільнае навучанне стала важнай часткай адукацыйнага працэсу. Самымі запатрабаванымі прадметамі для вывучэння на павышаным узроўні з’яўляюцца “Хімія”, “Біялогія”, “Руская мова”, “Англійская мова”, “Грамадазнаўства”. Другі год у школе для навучэнцаў 5 класа англійская мова выкладаецца на павышаным узроўні. Навучэнцы школы і іх законныя прадстаўнікі зацікаўлены ў профільным навучанні.

У 1994 годзе ў школе быў адкрыты першы ў Магілёўскім раёне пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, які дзейнічае па цяперашні час. Пункт аснашчаны інтэрактыўнай дошкай, мультымедыйным абсталяваннем. У рабоце з навучэнцамі шырока выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, пескатэрапія, эйдатэхніка. Для індывідуальнай работы з дзецьмі з АПФР абсталяваны кабінет карэкцыйнай работы.

Каля 6 гадоў назад школа стала адной з пілотных школ у рэалізацыі міжнароднага праекта Тempus INOVEST “Усходняе партнёрства ў галіне педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі”. У праекце прынялі ўдзел 11 педагогаў. Яго прамоўтар, настаўнік-дэфектолаг В.І.Лугаўская, прадстаўляла вопыт работы школы з дзецьмі з АПФР у межах Міжнароднай канферэнцыі краін—удзельніц праекта па інклюзіўнай адукацыі (Кішынёў, Малдова).

Нягледзячы на тое, што мы пастаянна ўдасканальваемся, імкнёмся захаваць і традыцыі Кадзінскай школы, закладзеныя першым дырэктарам Уладзімірам Іванавічам Гаранінавым. З павагай ставімся да ветэранаў педагагічнай працы, раімся з імі. Аснова нашага поспеху — у цесным супрацоўніцтве моладзі і вопытных педагогаў (самаму старэйшаму педагогу 68 гадоў, самаму малодшаму — усяго 22 гады!).

— Надзея Канстанцінаўна, як вы прыйшлі ў педагогіку? Як даўно кіруеце школай аграгарадка Кадзіна?

— У педагогіку я прыйшла свядома. Маючы дваіх маленькіх дзяцей, паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Практычная псіхалогія ва ўстановах адукацыі”. Значную частку педагагічнага стажу складае работа на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Я ўдзячна дырэктару Вішоўскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна Кацярыне Міхайлаўне Зайцавай, якую лічу сваім настаўнікам у кіраўніцкай дзейнасці.

Кадзінскую школу ўзначальваю ўжо трэці год і кіруюся прынцыпам: стварыць умовы для поспеху, а потым прад’яўляць патрабаванні. Як дырэктар імкнуся стварыць усе ўмовы для камфортнай работы калектыву, маральна і матэрыяльна заахвочваю за вынік.

Для эфектыўнай работы ў школе абсталяваны сучасны камп’ютарны клас з доступам у інтэрнэт (высакахуткасны), кабінет фізікі, ёсць 2 мультымедыйныя праектары, 4 мультыборды (з іх 2 зароблены калектывам за званне “Супершкола-2018”), прынтары (у тым ліку каляровы), брашуратар, сканеры, музычныя цэнтры і магнітафоны, мікрафоны (правадныя і бесправадныя), інтэрактыўныя дошкі, наборы для заняткаў аб’яднання па інтарэсах “Робататэхніка”, 3D-прынтар.

Мой прафесійны дэвіз — “Кадры вырашаюць усё!”. Наш калектыў і раней неаднаразова па выніках работы сістэмы адукацыі з’яўляўся лепшым у Рэспубліцы Беларусь сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сельскай мясцовасці, таму з моманту прызначэння заўсёды хвалявалася, як апраўдаць аказаны мне давер, трымаць высокую планку. Вельмі люблю свой неардынарны, энергічны, творчы калектыў. Педагогі Кадзінскай школы імкнуцца да новага, па­стаянна павышаюць свой прафесійны ўзровень, паспяхова ўдзельнічаюць у інавацыйных праектах, рыхтуюць пераможцаў спартыўных спаборніцтваў, прадметных алімпіяд, выступаюць на канферэнцыях абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

— Якія эфектыўныя методыкі, тэхналогіі выкарыстоўваюць вашы настаўнікі? Як вы ацэньваеце педагагічныя здольнасці і веды па прадмеце маладых педагогаў, што прыходзяць у калектыў?

— Наш педагагічны калектыў — гэта 45 педагогаў, з іх 33 педагогі маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Яны лёгкія на пад’ём, вельмі актыўныя, крэатыўныя. Педагогі актыўна ўключаюцца ў работу па рэалізацыі інавацыйных праектаў, бо не хочуць стаяць на месцы, ім цікава брацца за ўсё новае. Сёння на базе школы рэалізуюцца два інавацыйныя праекты: “Укараненне мадэлі сістэмнай, індывідуальна арыентаванай карэкцыйна-педагагічнай работы з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пры цяжкасцях авалодання імі працэсам чытання” і “Укараненне мадэлі міждысцыплінарнай інтэграцыі пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчанавуковага і сацыяльна-гуманітарнага цыклаў”. У межах рэалізацыі другога праекта педагогі актыўна выкарыстоўваюць тэхналогію праблемнага навучання (настаўніца біялогіі У.С.Суганяка, настаўніца гісторыі І.В.Ефрамкова, настаўніца геаграфіі А.І.Багамаз), гульнявыя тэхналогіі (настаўнікі пачатковых класаў І.А.Крыцкая, А.А.Новікава, настаўнікі англійскай мовы Л.І.Кашырына, Л.У.Калініч), інфармацыйна-каму­нікацыйныя тэхналогіі (настаўніца беларускай мовы і літаратуры М.М.Мяшкова, настаўніца інфарматыкі Н.В.Федчанка). Практыка-арыентаванаму навучанню аддаюць перавагу ў сваёй рабоце настаўнік фізікі В.І.Шушлакоў, настаўніца хіміі Х.А.Лушынская, настаўнікі матэматыкі А.С.Ермаковіч, І.П.Шаблоўская, тэхналогіі рознаўзроўневага навучання — настаўнік рускай мовы і літаратуры Я.А.Даніленка, настаўніца англійскай мовы Т.А.Нядзвецкая, настаўнікі працоўнага навучання В.А.Алесіч, А.Э.Заблоцкая.

Паказальна і тое, што 18 настаўнікаў, якія працуюць у школе, — яе выпускнікі. Пасля заканчэння УВА яны вярнуліся на малую радзіму. Летась, напрыклад, да нас прыйшла выпускніца Таццяна Патапава — зараз настаўніца пачатковых класаў.

Ужо змагла заявіць пра сябе наш малады спецыяліст — настаўніца хіміі і біялогіі Хрысціна Аляксандраўна Лушынская. На абласным конкурсе маладых педагогаў “Прызванне — педагог” яна стала пераможцай у намінацыі “Біялогія. Хімія”, а яе ўрок адзначаны як лепшы ў анлайн-галасаванні.

Кадзінская сярэдняя школа ў цяперашні час здольна рыхтаваць канкурэнтназдольных, сацыялізаваных выпускнікоў. Адчуўшы аднойчы першы поспех, навучэнцы і педагогі імкнуцца пака­рыць новую вяршыню: яны разумеюць, што здольны паспяхова канкурыраваць з вучнямі не толькі гарадскіх школ, але і гімназій, ліцэяў.

На мой погляд, у сельскай школе маладому спецыялісту намнога лягчэй пачынаць свой прафесійны шлях, але, з іншага боку, ты навідавоку ў грамадскасці, цябе ведаюць усе — гэта дысцыплінуе і павышае адказ­насць. Галоўнае — любіць дзяцей, свой прадмет, умець супрацоўнічаць з калегамі і бацькамі, а “не магу працаваць у сельскай школе” — проста адгаворка. Многія педагогі, жывучы ў горадзе, імкнуцца ўладкавацца менавіта ў нашу ўстанову адукацыі.

— Надзея Канстанцінаўна, неаддзельная ад вучэбнага працэсу выхаваўчая дзейнасць. Як арганізавана ў школе работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей?

— У школе рэалізуецца доўгатэрміновы праект “Дарагія мае землякі” ў рамках абласнога праекта #Мая_Зямля_Прыдняпроўе, які ўжо палюбіўся і школьнікам, і настаўнікам. У суботні дзень класныя калектывы запрашаюць у госці цікавых людзей розных прафесій, знакамітых землякоў. Такія сустрэчы набываюць прафарыентацыйную накіраванасць, узбагачаюць унутраны свет дзяцей, выклікаюць жывую цікавасць у школьнікаў.

Наша асаблівая гордасць — школьны музей гісторыі Кадзінскага краю. Ён існуе з 2003 года. Кіруе музеем настаўніца геаграфіі А.І.Багамаз. У музеі аформлены 3 залы: этнаграфіі, Вялікай Айчыннай вайны і зала сучаснасці. Школьны музей — гэта вынік шматгадовай працы педагогаў і навучэнцаў па вывучэнні роднага краю, яго гісторыі і сучаснасці, баявых і працоўных традыцый. Музей з’яўляецца скарбніцай краязнаўчых ведаў.

Цікава праходзіць у школе прыём у акцябраты: арганізуецца квест-гульня “Любі і ведай свой родны край”, а таксама прыём у піянеры, паход у лесапарк “Падарожжа на востраў піянерскіх скарбаў”. Традыцыйнымі справамі школьнікаў сталі акцыі “Букет дабра”, “Дзеці замест кветак”, “Ёлка жаданняў”, “Вам — наш піянерскі клопат”, “Спачуванне”, “Букет ветэрану” і інш.

Школа цесна супрацоўнічае са святарамі Магілёўскай епархіі. Традыцыйна школьнікі рыхтуюць велікодныя і калядныя дабрачынныя выступленні, імянныя падарункі для выхаванцаў Магілёўскага раённага сацыяльнага прытулку, дзяцей-інвалідаў, якія вучацца ў школе і пражываюць на тэрыторыі Кадзін­скага сельсавета. Штогод валанцёры выступаюць перад навучэнцамі школы, іх бацькамі, ветэранамі працы ААТ “Фірма “Кадзіна”, наведваюць Сухарэўскую бальніцу сястрынскага догляду, яслі-сад аграгарадка, запрашаюць у госці навучэнцаў школ Магілёўскага раёна.

У лютым у школе праходзіць месячнік ваенна-патрыятычнага выхавання. З навучэнцамі праводзяцца мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці: дыспуты, конкурс патрыятычнай песні, конкурс строю і песні, пазнавальныя гульні, сустрэчы з вядомымі людзьмі, ветэранамі вайны ў Афганістане.

У школе распрацаваны план спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў у рэжыме шостага школьнага дня. Установа становіцца пляцоўкай для правядзення раённых і абласных спартыўных спаборніцтваў. Навучэнцы школы з’яўляюцца пастаяннымі пераможцамі і прызёрамі розных спартыўных спаборніцтваў. Каманда “Кадзінскія львы” — неаднаразовая пераможца абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Трэніруе дзяцей настаўнік фізічнай культуры і здароўя Леанід Афанасьевіч Камароў.

Ужо сталі візітнай карткай балі, якія замянілі для старшакласнікаў банальныя дыскатэкі. У суботні вечар на мясцовы баль нават не ўсе ахвотныя могуць трапіць. Ужо адгучалі Пушкінскі, Шэкспіраўскі, Гусарскі, Лермантаўскі, Купалаўскі, Франтавы, Пакроўскі, Тургенеўскі. Навучэнцы рыхтуюць не толькі касцюмы (уборы заўсёды здзіўляюць пышнасцю!), але і вучаць вершы, спаборнічаюць у віктарыне, рэпеціруюць танцы, выконва­юць музычныя творы той эпохі, якой прысвечаны баль. Нашы выпускнікі ўмеюць танцаваць мазурку, паланэз, кадрылю.

Бацькі з радасцю прыходзяць у школу, бо большасць з іх тут вучыліся і не па чутках ведаюць пра школьнае жыццё. Традыцыйна кожную чвэрць праводзяцца спартландыі з бацькамі: з мамамі да Дня маці — “Лепшай за маму ў свеце няма!”, з татамі да Дня абаронцаў Айчыны — “Мой тата самы-самы”, да Каляд — “Сустракаем свята ўсёй сям’ёй” і інш. Удзельнічаюць бацькі і ў спартыўна-масавых мерапрыемствах, і ў творчых конкурсах, і ў турыстычных паходах.

— А якой вы бачыце сваю школу ў найбліжэйшай будучыні?

— Школа будучыні — гэта асяроддзе, якое пастаянна развіваецца, дзе камфортна дзіцяці і настаўніку, дзе ўлічваюцца інтарэсы ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, дзе створаны ўмовы для асобаснага росту і вучня, і настаўнікаў, дадзены старт усім пачынанням дзіцяці.

Сёння мы гаворым пра новую эпоху лічбавых магчымасцей. Думаю, што адукацыйная ўстанова павінна мець усю неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу, якая дазволіць нам стварыць школу новага пакалення. У маім бачанні гэта электронныя падручнікі ў шырокім доступе, добра абсталяваныя лабараторыі, спартыўныя залы і іншыя кабінеты і, вядома ж, падрыхтаваны да новых умоў работы кадравы склад. Адзна­чу, што педагогі актыўна асвойва­юць новаўвядзенні, перавучваюцца, імкнуцца самарэалізавацца, а гэта дарагога варта ў нашай працы.

У перспектыве плануем рэалізаваць новы інавацыйны праект, звязаны з 3D-мадэляваннем. Павышэнне ўзроўню сфарміраванасці лічбавых кампетэнцый у сферы тэхнікі і тэхналогій школьнікаў дазволіць павысіць іх матывацыю і ўсвядомленасць выбару прафесіі. Практычнае знаёмства з сучасным узроўнем тэхналогій дасць магчымасць забяспечыць пераемнасць паміж установамі агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Людзі самі стваральнікі сваіх лёсаў. Наша будучыня цалкам залежыць ад дзеянняў у сучаснасці. Стварэнне ідэальнай школы будучыні павінна пачацца ўжо сёння. Усё ў нашых руках!

— Вялікі дзякуй за размову. Поспехаў у рэалізацыі вашых планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.