Спадарожнага ветру, выпускнікі!

- 10:23Адукацыйная прастора

30 мая для 145 тысяч вучняў 9 і 11 класаў беларускіх школ прагучаў апошні званок. У вольнае плаванне адправіла выпускнікоў і сярэдняя школа № 59 Мінска.

Са сцен сталічнай школы ў дарослае жыццё адправіліся вучні двух 11-х і пяці 9-х класаў. Яны прымалі пажаданні ад усіх, хто стаў ім за гады вучобы такім родным: настаўнікаў, сяброў і кіраўніцтва школы. Сказаць свае прывітальныя словы выпускнікам прыйшлі і ганаровыя госці — намеснік міністра адукацыі нашай краіны Раіса Станіславаўна Сідарэнка і старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Уладзіміравіч Мірончык.

— Дарагія выпускнікі! Апошні званок — асаблівае свята, у якім пераплятаюцца і лёгкі сум, і ўрачыстасць, — звярнулася да выпускнікоў Раіса Станіславаўна. — Шмат зроблена за гады вучобы настаўнікамі, якія ўвесь гэты час рыхтавалі вас да дарослага жыцця. І зараз ужо ад вас залежыць будучыня вашай сям’і, вашых бацькоў, вашай школы і вашай краіны.

Заўсёды будзьце ўпэўнены: дзверы школы для вас гасцінна адчынены. Вазьміце ў дарослае жыццё адчуванне таго, што вам тут увесь час рады і чакаюць не толькі на вечары сустрэч выпускнікоў, але і проста ў госці. Спадзяюся, вашы партрэты і матэрыялы пра вас абавязкова з’явяцца ў школьным музеі алімпійскай славы, якім ганарыцца школа. Са святам надзеі, аптымізму, веры ў будучыню!

Для дырэктара навучальнай установы Наталлі Віктараўны Чухманавай сёлетні выпуск першы на пасадзе дырэктара, таму для яе гэтае свята ўдвая хвалюючае. За вернасць педагагічным ідэям і высокі прафесіяналізм дырэктар падзякавала і настаўнікам навучальнай установы:

— Вы, як заўсёды, незаўважна хаваецеся за вучнямі, але я добра ведаю, колькі ведаў і ўменняў вы ўкладаеце ў сваіх выхаванцаў. Спадарожнага ветру нашаму вялікаму караблю! Са святам апошняга школьнага званка і першага званка дарослага жыцця!

Галоўныя героі мерапрыемства атрымалі вершаваныя пажаданні і ад першакласнікаў. Традыцыйна школы абмяняліся з імі падарункамі і разам далі апошні школьны званок.

Пасля ўрачыстасцей ганаровых гасцей мерапрыемства запрасілі ў школьны музей спартыўнай славы “Зорны алімп”, дзе пазнаёмілі з экспазіцыяй і расказалі, як патэнцыял алімпійскага музея паспяхова выкарыстоўваецца ў выхаванні школьнікаў. Напрыклад, у рамках школьных навуковых чытанняў навучэнцы распрацавалі праект, у якім супаставілі алімпійскія і агульнаграмадскія каштоўнасці і прыйшлі да высновы, што яны будуюцца на адных і тых жа прынцыпах. Элементы алімпізму настаўнікі стараюцца прымяняць на кожным уроку. Школа развівае супрацоўніцтва з беларускай алімпійскай акадэміяй, алімпійскім камітэтам.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.