Спадарожнага ветру!

З 1 чэрвеня на базе Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі працуе аздараўленчы лагер “Юны тэхнік”. Туды ходзяць дзеці 10—13 гадоў з усяго горада. Сярод іх — выхаванцы Святланы Слівы, якія займаюцца стэндавым мадэлізмам. Пагутарылі з педагогам і даведаліся, куды трапляе мадэль карабля пасля заканчэння, як паставіць яе ў бутэльку і што такое дыярама.

— Як вы сталі педагогам і чаму выбралі стэндавы мадэлізм?

— 10 гадоў я працавала ў дзіцячым садзе і ўжо 20 гадоў працую ў сістэме дадатковай адукацыі. За гэты час у мяне былі розныя напрамкі дзейнасці гурткоў. Мы вывучалі рыцарскія даспехі, выраблялі розныя віды транспарту, плавалі на шлюпках. Спачатку я працавала ў Цэнтры пазашкольнай работы, зараз ён называецца Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. У нас былі караблі, на якіх мы з выхаванцамі летам хадзілі ў паходы, і свая база, дзе яны плавалі на ялах. Потым я перайшла ў Цэнтр тэхнічнай творчасці і ўбачыла на выставе паруснікі, зробленыя са шпону. Яны мне спадабаліся, я стала вывучаць, як іх ствараць, і прымяняць у сваёй рабоце.

— Што для вас стэндавы мадэлізм — хобі, рамяство, мастацтва?

— Па вызначэнні многіх экспертаў — гэта мастацтва, хоць стэндавым мадэлізмам можна займацца на розных узроўнях. Спачатку гэта проста хобі. Па меры набыцця тэарэтычных ведаў, вопыту і навыкаў захапленне можа стаць прафесійным заняткам. Для мяне гэта стан душы, занятак, які прыносіць вялікую радасць і задавальненне.

Стэндавы мадэлізм — справа тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія валода­юць выдатнай доляй цярпення і ўседлівасці. Навучэнцам гэтых якасцей бракуе, ім хочацца імгненнага выніку, што немагчыма. Праца патрабуе ўвагі і карпатлівасці: спачатку вызначаемся з караблём, знаёмімся з яго гісторыяй, а толькі потым прыступаем да мадэлявання. Гэта працяглы працэс, паколькі трэба выбрац­ь адпаведны матэрыял, падрыхтаваць корпус, належныя дэталі — ад высечак да штурвала і якара.

— З якіх этапаў складаецца стварэнне мадэлі?

— Першая задача — навучыць дзіця працаваць рукамі, што часам складана ў эпоху камп’ютараў і робатаў. Базавыя навыкі працы з нескладаным інструментам — лобзікам, надфілем, шліфавальнай паперай — выхаванцы атрымліваюць менавіта ў нашым гуртку. Самае важнае на занятках — акуратна апрацаваць матэрыя­л, сабраць мадэль карабля і афарбаваць яе.

Другая задача — гістарычнае і тэхнічнае развіццё асобы. Мы ж не проста вырабляем караблі, а вывучаем гісторыю стварэння прататыпаў нашых работ, іх выкарыстанне ў ваенным і мірным жыцці, тэхнічныя характарыстыкі і прынцыпы работы.

— Што адбываецца з мадэллю, калі яна скончана?

— Мода на мадэлі караблёў ідзе з даўніх часоў. Напрыклад, у Расіі яшчэ пры Пятры І багатыя людзі імкнуліся абзавесціся хоць бы адной. Пятроўскі флот стаў інструментам прызнання гэтай краіны як вялікай марской дзяржавы, і мець у сябе дома мадэль карабля было не толькі паказчыкам дабрабыту, але і высокага становішча. Сёння мадэлі красуюцца ў офісах кампаній і арганізацый, выступаюць у якасці іміджавага атрыбута, які сведчыць аб паспяховасці і росквіце.

Мае выхаванцы першыя мадэлі караблёў пакідаюць сабе на памяць, а наступныя адпраўляюць на выставы і конкурсы. Калі возьмуць прызавое месца, могуць паехаць у НДЦ “Зубраня” або Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, што матывуе працаваць яшчэ лепш. Пасля выстаў і конкурсаў работу можна прадаць і так зарабіць свае грошы. Гэта стымулюе ствараць новыя мадэлі, бо прыемна, калі тваю працу шануюць.

— Вы робіце не толькі класічныя мадэлі, але і мадэлі караблёў у бу­тэльках. Як прыйшла такая ідэя?

— Прапанавалі выхаванцы. Гэтае рамяство ўзнікла ў Еўропе ў XVII — XVIII стагоддзях. У той час у бутэлькі змяшчалі не толькі мадэлі караблёў, але і сцэнкі на рэлігійныя, бытавыя тэмы. Сёння такі занятак — папулярнае ва ўсім свеце хобі. Работы, створаныя па гэтай тэхналогіі, прынеслі нам нямала перамог у конкурсах.

Ёсць некалькі спосабаў змясціць мадэль карабля ўнутр бутэлькі. Першы — разрэзаць ніткай бутэльку і паставіць у яе карабель. Просты — стварыць складны паруснік. Так мачту можна апусціць, прасунуць мадэль праз рыльца бутэлькі і, пацягнуўшы за нітачкі, надаць караблю стандартны выгляд. Складаны спосаб — гэта калі карабель па частках збіраецца ў бутэльцы.

Адзін з апошніх кірункаў нашай дзейнасці — выраб дыярам. Дыярама — гэта стужка-карціна, паверхню якой займае жывапіс, а гарызантальную плоскасць перад ёй — прадметны план з бутафорскімі і рэальнымі прадметамі. Ствараць дыярамы складана і доўга, бо трэба не толькі па-майстэрску ажывіць мадэль карабля, але і правільна размясціць яе на паверхні.

— Калі навучэнцы заканчваюць школу, яны застаюцца ў стэндавым мадэлізме?

— Так, у тым годзе ў мяне былі выхаванцы, якія паступілі ў каледж і пры­ходзілі на заняткі, каб скончыць мадэль карабля. З многімі выпускнікамі мы падтрымліваем сувязь, бо я набіраю групу ў 4 класе і вяду да 11-га, дзеці становяцца для мяне такімі ж роднымі, як і для школьных настаўнікаў.

Віталіна Музычэнка:

“Я пачала займацца стэндавым мадэлізмам у 11 гадоў. Да таго моманту некалькі маіх аднакласнікаў хадзілі на гурток ужо не першы год і гаварылі пра яго толькі станоўчае. Таму калі аднакласніца паклікала мяне туды, я вырашыла паспрабаваць. Стэндавы мадэлізм аказаўся вельмі займальным заняткам, які патрабаваў шмат цярпення і стараннасці. Мяне падтрымлівалі, ва ўсім дапамагалі і неабходнае тлумачылі. Пасля я ўжо сама разумела, што трэба рабіць, даведалася назвы ўсіх важных частак карабля.

За 5,5 года я зрабіла 4 мадэлі караблёў і выступала з імі на розных конкурсах і выставах. Працэс вырабу адрозніваецца ў залежнасці ад памеру і складанасці мадэлі, таксама ўплывае стараннасць вучня. На першую работу я патраціла 7 месяцаў. Яна была невялікая, таму што пачаткоўцам даюць сярэднія па памеры караблі.

Сваю апошнюю мадэль VOJN рабіла амаль тры гады. Карабель VOJN пачаў службу ў Балтыйскім моры, працягнуў у Міжземным і Чорным морах. Ён ахоўваў гандлёвыя судны ад піратаў, патапіў адно пірацкае судна, а другое ўзяў у палон. Мадэль складаецца з дзвюх частак: самога карабля і імітацыі вады. Для вырабу корпуса я выкарыстоўвала наборны спосаб, які ўяўляе сабой замацаваныя на кілявой раме шпангоўты, абшытыя палоскамі са шпону. Пасля абшыла барты корпуса, выразала ў ім гарматныя парты і скончыла апрацоўчыя работы на бартах. Затым зрабіла палубы, усталявала; зрабіла гарматы, усталявала на верхнюю палубу іх і леерныя агароджы, трапы. Зрабіла і паставіла мачты, рэі, ветразі, працягнула бягучы і стаячы такелаж. Імітацыю воднай паверхні на дыяраме стварыла з дапамогай эпаксіднай смалы і зацвярджальніка. У смалу для колеру дадала акрылавую фарбу, сіліконам зрабіла імітацыю хваль.

Мой любімы этап стварэння мадэлі — гэта выраб дробных дэталей, дзе патрабуецца шмат цярпення і вопыту. Самы цяжкі — гэта абшыўка корпуса шпонам. Шпон трэба разрэзаць на роўныя палоскі, а затым прыклеіць паступова да корпуса. Галоўнае — зрабіць усё акуратна, не запэцкаць лішнія ўчасткі клеем, нічога не сапсаваць”.

Віталіна Міхальчанка:

“Я даведалася пра гурток ад сяброў, зацікавілася і захацела паспрабаваць. Пачала ха­дзіць толькі ў гэтым навучальным годзе. Мне падабаецца, што мы працуем у сяброўскай атмасферы, з намі займаецца выдатны педагог, які дапаможа, калі нешта не атрымліваецца.

Каб вызначыцца, якую мадэль рабіць, я выслухоўваю прапановы Святланы Рыгораўны, даю ёй свае варыянты, мы разам прыходзім да адзінага рашэння, я ўношу свае пажаданні, і мы пачынаем тварыць. Пакуль я скончыла толькі адну работу — дыяраму пад назвай “Белеет парус одинокий”. Рабіць менавіта дыярамы прапанавала Святлана Рыгораўна. Я вывучыла працэс, праглядзела магчымыя варыянты і пагадзілася. На стварэнне пайшло каля 5 месяцаў. Мне трэба было зрабіць невялікую мадэль карабля і водную паверхню. Для стварэння воднай паверхні я змяшала гіпс, ваду і клей ПВА. На падручніку абмалявала корпус мадэлі карабля і выразала гэтае месца. Прыклеіла наверх фольгу (гэта імітацыя вады), пакрыла раней змешанай кансістэнцыяй, пасля засыхання пакрыла растворам клею з вадой, каб замацаваць. Потым расфарбавала паверхню, прыклеіла кнігу да падстаўкі, а карабель да кнігі. У канцы празрыстым герметыкам і палачкай стварыла імітацыю хваль. Я задаволена сваім вынікам, лічу, што для першага разу ў мяне атрымалася добра.

Зараз працую над мадэллю вялікага карабля. Спадзяюся, яна атрымаецца не горшай за дыяраму і стане прызёрам конкурсаў”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва С.Р.Слівы.