“Спадчына” для прафтэха

- 11:09Выхаванне

На Гомельшчыне завяршыўся ІV Абласны конкурс сярод навучэнцаў і работнікаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па патрыятычным выхаванні “Спадчына”.

Арганізаваны разам упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскай абласной арганізацыяй РГА “Белая Русь”, конкурс атрымаў падтрымку з боку абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру”, абласнога камітэта БРСМ, абласной газеты “Гомельская праўда”. Сёлета да гэтай кагорты партнёраў далучылася і “Настаўніцкая газета”.

Папулярызацыя рабочых прафесій сярод моладзі — вось галоўная мэта абласнога спаборніцтва. Пры гэтым яна разглядаецца праз прызму выкарыстання форм і метадаў, якія запатрабаваны ў маладзёжным асяроддзі, а значыць, цікавыя сучасным юнакам і дзяўчатам. Тым больш што юныя таленты ў галіне сацыяльна значнай і навукова-даследчай дзейнасці, якія выяўляюцца дзякуючы конкурсу, атрымліваюць падтрымку арганізатараў у далейшым развіцці сваіх здольнасцей.

За чатыры гады існавання конкурс паказаў, як шмат таленавітых і зацікаўленых дзяцей ідзе ў прафтэх, якія творчыя і ініцыятыўныя педагогі працуюць у каледжах і ліцэях.

— Пачынаць было не вельмі проста, таму што для ўстаноў прафтэхадукацыі гэта было нязвыкла, звычайна яны абмяжоўваюцца конкурсамі прафесійнага майстэрства, а тут — нешта зусім іншае, — дзеліцца намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Мамрукова. — Сёння ж сітуацыя карэнным чынам змянілася. І педагогі, і навучэнцы ўжо чакаюць гэтае мерапрыемства, адказна рыхтуюцца да яго.

Як адзначыў адзін з членаў журы, калі напачатку педагагічныя распрацоўкі на конкурс прадстаўлялі ў асноўным метадысты і сацыяльныя педагогі, то зараз усё больш работ, якія выконваюць намеснікі дырэктараў па вучэбнай і выхаваўчай рабоце. Пастаянна павялічваецца і колькасць удзельнікаў, пашыраецца геаграфія ўстаноў адукацыі. У гэтым годзе ў пяці намінацыях абласнога конкурсу ўдзельнічала 226 работ з 54 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гомельшчыны.

Штогод тэматыка конкурсу мяняецца. Так, першыя два гады ён прысвячаўся святкаванню 70-годдзя перамогі, у мінулым годзе — Году культуры. Сёлета арганізатары вырашылі наблізіць творчыя і даследчыя работы да аб’яўленага ў краіне Года навукі. У дзвюх намінацыях — “Прафесійная адукацыя сёння — стабільная будучыня заўтра” і “Я ў будучай маёй прафесіі” — педагогі спрабавалі адлюстраваць у сваіх работах сістэму дзейнасці ўстаноў па арганізацыі прафарыентацыйнай работы са школьнікамі і па арганізацыі другаснай прафарыентацыі з навучэнцамі сваіх устаноў. Галоўным крытэрыем адбору лепшых работ была сістэмнасць і вынікі.

Навучэнцы мелі магчымасць праявіць сябе ў трох намінацыях. Дзве з іх — творчыя: харэаграфічны нумар, які абавязкова павінен быў адлюстроўваць прафесіі ўстановы, і ода, у якой усхваляліся рабочыя прафесіі. У намінацыі “Прафесія, табе я прысвячаю жыццё!” навучэнцы і педагогі абаранялі даследчыя работы аб прадстаўніках працоўных дынастый.

Для журы было нялёгка выбраць пераможцаў і прызёраў, бо было шмат цікавых распрацовак і творчых работ.

У намінацыі “Я ў будучай маёй прафесіі” 1-е месца заняла кіраўнік педагагічнай практыкі Лоеўскага педагагічнага каледжа Таццяна Цішкова. На 2-м — намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі Яніна Зарэцкая. 3-е месца журы прысудзіла сумеснай працы, якую выканалі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання Таццяна Бязрукіх і метадыст гэтай установы Юлія Юрчанка.

У намінацыі “Прафесійная адукацыя сёння — стабільная будучыня заўтра” перамагла выкладчык Гомельскага прафесійнага тэхналагічнага ліцэя Лідзія Зіноўева. 2-е месца — у намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Жлобінскага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання Ірыны Фаменка. 3-е — у выкладчыкаў Мазырскага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Святланы Каленік і Алены Шубянок.

Лепшай у намінацыі “Прафесія, табе я прысвячаю жыццё” названа работа выкладчыка Гомельскага машынабудаўнічага каледжа Расціслава Кабашнікава “Працоўная дынастыя сям’і Кабашнікавых”. 2-е месца журы прысудзіла навучэнцу Лельчыцкага прафесійнага ліцэя Валерыю Гаўрыленку, які ў сваёй рабоце “Педагагічная радаслоўная дынастыі Ігнатоўскіх — Сакаловых — Трэйкале — Пароцкіх — Дашкевіч” расказаў пра дынастыю сваёй першай настаўніцы. На 3-м месцы — навучэнец Рэчыцкага аграрнага каледжа Арцём Нахімаў “Працоўная дынастыя сям’і Аляксейчык”.

“Ода ліцэю”, напісаная Вадзімам Гапоненкам з Прыбарскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя заняла 1-е месца. 2-е месца падзялілі творы Ірыны Бабанавай з Гомельскага прафесійнага ліцэя рачнога флоту і Таццяны Масленчанка з Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву. 3-е месца прысуджана навучэнцу Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага Андрэю Баранаву.

Дзіўнымі харэаграфічнымі нумарамі ўразілі будаўнікі. 1-е і 2-е месцы — у Рагачоўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў і Гомельскага прафесійнага ліцэя будаўнікоў адпаведна. 3-е падзялілі Жлобінскі металургічны і Лоеўскі педагагічны каледжы. Гран-пры ў намінацыі “Свет прафесій у рытме танца” дасталася прафесіяналам — Гомельскаму каледжу мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.