Спадчына WorldSkills International — у музеі

- 10:50World Skills

Як вядома, наступны, 46-ы, Міжнародны чэмпіянат WorldSkills пройдзе ў Шанхаі (Кітай) у 2021 годзе. Краіна загадзя рыхтуецца да такой знамянальнай падзеі. Упершыню за ўсю гісторыю руху WorldSkills плануецца адкрыць музей, экспанаты якога будуць адлюстроўваць этапы развіцця WorldSkills.

У Шанхаі нядаўна быў прадстаўлены эксклюзіўны папярэдні прагляд унікальных артэфактаў, сабраных для новага музея: чатыры медалі, прысуджаныя чэмпіёнам і ўдзельнікам WorldSkills 60-х гадоў. Таксама будучаму музею прадастаўлена рэдкая фатаграфія 1952 года заснавальніка WorldSkills Францыска Альберта Відала. Акрамя гэтага, падабраны відэаролікі спаборніцтваў пачынаючы з 1949 года.

Музей WorldSkills стане першым у свеце, які бу­дзе прысвечаны прафесійным талентам людзей, занятых у вытворчай сферы, і стане пацвярджэннем супрацоўніцтва паміж WorldSkills International і WorldSkills Shanghai — 2021.

Артэфакты, якія зоймуць месца ў новым музеі, будуць своеасаблівым адлюстраваннем руху WorldSkills, яго значнасці ў развіцці прафесійнай адукацыі і фарміраванні працоўных рэсурсаў самай высокай кваліфікацыі. Будучы музей стане выдатнай пляцоўкай для прафарыентацыі маладых лю­дзей і натхніць іх на прафесійны выбар, вызначальны ў далейшай прафесійнай кар’еры.

Паралельна са стварэннем музея спецыяльнай групай даследчыкаў будзе распрацаваны зборнік, які раскажа гісторыю прафесійнага майстэрства ў 82 краінах — членах WorldSkills International на прыкладах дасягненняў маладых прафесіяналаў у розных сферах дзейнасці.

Папярэдне адзначаецца, што музей WorldSkills зойме чатырохпавярховы будынак, а ўваход будзе бясплатным.

Цяпер арганізатары музея звяртаюцца да краін — удзельніц WorldSkills, непасрэдна да канкурсантаў з просьбай збіраць экспанаты для музея. Свой уклад у стварэнне першай экспазіцыі ўнеслі арганізатары Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills, які нядаўна прайшоў у Казані.

Ала КЛЮЙКО.