Больш за паўтысячы гадоў назад на нашай зямлі запрацаваў першы друкарскі станок. Францыск Скарына паклаў першыя літары на новых старонках гісторыі нашай краіны. І пяць стагоддзяў ужо друкары працягваюць яго слаўную справу.
Сучасны сімвал друкарства ў Беларусі — Беларускі дом друку. Хто не ведае гэты будынак на вуліцы Сурганава ў сталіцы ля аднайменнага прыпынку? Менавіта тут агромністыя бабіны паперы ператвараюцца ў кнігі, газеты, брашуры. У розных цэхах працуе зладжаная каманда спецыялістаў. І многіх з іх падрыхтаваў для прадпрыемства Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж паліграфіі імя В.З.Харужай.
Вось завіхаецца ля станка Аляксандр Салагук. Ён скончыў паліграфічны каледж 10 гадоў назад і за гэты час праявіў сябе як цудоўны спецыяліст, якога паважаюць і цэняць у Доме друку. Сёння, у дзень свайго прафесійнага свята, Аляксандр атрымае на прадпрыемстве ўзнагароду “Лепшы малады рабочы”.
— Я з 7 класа ведаў, што хачу быць друкаром і прыйсці сюды працаваць, — пачынае аповед пра сябе Аляксандр. — Пра каледж паліграфіі даведаўся ад суседкі, у якой тут вучыўся сын. Мае бацькі мяне падтрымалі, сказалі, што прафесія сапраўды годная. Тая база ведаў, што была атрымана ў каледжы, дапамагла хутка ўвайсці ў рабочы працэс, ды і сёння дапамагае мне ў рабоце.
У Дом друку юнак спачатку прыйшоў на практыку, з гэтага і пачалася яго працоўная гісторыя:
— Добра памятаю, як упершыню трапіў у цэх. Быў уражаны яго памерамі. У каледжы, канечне, былі і спецыяльныя памяшканні, і станкі, аднак не такіх маштабаў. А тут: цэхі — агромністыя, машыны — гіганцкія! Тады загадчык афсетнага цэха Франц Іванавіч прывёў мяне да другога друкара і кажа яму: “Вось практыкант, трэба зрабіць з яго добрага работніка”. Той, відаць, паслухаўся, бо ўжо праз два месяцы, калі вызвалілася месца ў брыгадзе, мне прапанавалі папрацаваць другім друкаром.
Усяго ў брыгадзе працуюць па трое. Галоўны ў гэтай камандзе — першы друкар, ён адказвае за ўсю работу цалкам, арганізуе працэс. Яго правая рука — другі друкар, задача якога — наладзіць друкарскую машыну, кантраляваць расход фарбаў і якасць друку. Трэці друкар кантралюе падачу паперы і гатовы выраб на выхадзе. У іх розныя разрады, у першага друкара — самы высокі, у трэцяга — самы нізкі. Відавочна, што Аляксандру ўдалося выдатна сябе праявіць, бо яму прапанавалі адразу месца другога друкара, а ён у той час яшчэ нават каледж не скончыў, быў практыкантам. Вось такі бадзёры атрымаўся
старт.
Аляксандр у рабоце заўсёды быў цікаўны і не баяўся асвойваць новае. Паспрабаваў працаваць на розных тыпах абсталявання, з рознымі відамі друку. Зараз працуе і на ўчастку флексаграфскага друку, і на ўчастку ліставых друкавальных машын, з лёгкасцю пераключаючыся на розныя віды работы, хоць абсталяванне і матэрыялы зусім розныя. Гаворыць, што, па-першае, так больш цікава працаваць, а па-другое, яму падабаецца, што ведае сваю справу з розных бакоў. Дарэчы, гэта падштурхнула яго і да атрымання вышэйшай адукацыі.
— Я меў дачыненне толькі да непасрэднага друкавання, а мне хацелася вывучыць увесь працэс — ад дадрукарскай падрыхтоўкі да адпраўкі гатовага вырабу заказчыку. Так прыйшло рашэнне пайсці вучыцца далей. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і атрымаў спецыяльнасць “Інжынер-тэхнолаг”, — расказвае Аляксандр.
Друкарская работа не для слабых. За змену брыгада можа перанесці да 3 тон паперы, так што спатрэбіцца шмат фізічных сіл. Аднак і розуму тут адпачываць няма калі. Аляксанр перакананы, што гэтая работа патрабуе ўдумлівасці і засяроджанасці.
Яму давялося друкаваць мноства розных вырабаў — ад звычайных школьных сшыткаў да вялікіх карт свету, ад бланкаў да рэкламных афіш. Работа атрымліваецца вельмі разнастайная, а таму нясумная.
Сёння каледж — адзіная ўстанова адукацыі ў Беларусі, якая рыхтуе рабочыя кадры для паліграфічнай галіны краіны. Тут вядзецца падрыхтоўка кадраў на двух узроўнях — прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
— У кожным заказе розныя фарматы, шчыльнасць, тып паперы. А ў друкарскай машыне мноства рэгулёвак, якія трэба выставіць у адпаведнасці з задачамі друку. Працэс няпросты, працаёмкі і, канечне, адказны. Бывае, што даводзіцца прымяняць кемлівасць і крэатыў, калі, напрыклад, трэба працаваць з нестандартным матэрыялам. Тады трэба “ўключаць Кулібіна”, — так Аляксандр гаворыць пра сваю прафесію.
А побач з маладым, але ўжо вопытным друкаром — моладзь. Гэта Мікіта Матулін і Аляксандр Янкоўскі. Яны заканчваюць каледж у гэтым годзе і некалькі дзён назад атрымалі размеркаванне ў Дом друку, пасля таго як паспяхова прайшлі тут практыку. Іх прафесійныя здзяйсненні яшчэ наперадзе, а пакуль яны рады таму, што Дом друку сустрэў іх па-добраму.
— Канечне, ідучы сюды на практыку, крыху хваляваўся, — прызнаецца Мікіта Матулін. — Усё ж такі сапраўдная вытворчасць, ды яшчэ такое вядомае прадпрыемства. Аднак усё прайшло добра — веды, якія атрымаў у каледжы, не падвялі. Ды і старэйшыя таварышы дапамагалі, калі было трэба, падтрымлівалі, тлумачылі, і работа ладзілася.
Каледж паліграфіі стаў для ўсіх гэтых маладых друкароў стартам у прафесію. Сёння каледж — адзіная ўстанова адукацыі ў Беларусі, якая рыхтуе рабочыя кадры для паліграфічнай галіны краіны. Тут вядзецца падрыхтоўка кадраў на двух узроўнях — прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Каб выпускнікі былі мабільныя і канкурэнтаздольныя на рынку працы, у каледжы ствараюць усе неабходныя ўмовы. Каб мець больш шырокі спектр уменняў і ведаў, навучэнцы атрымліваюць дзве інтэграваныя кваліфікацыі: “аператар электроннага набору і вёрсткі і пераплётчык”, “аператар лічбавага друку і пераплётчык”, “друкар плоскага друку і друкар флексаграфскага друку”.
У сувязі з пастаянным развіццём тэхналогій і тэхнікі ў паліграфіі ў каледжы пастаянна працуюць над удасканаленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы вучэбных майстэрань каледжа. Тут ёсць інтэрактыўныя дошкі, шматфункцыянальныя прылады і самае галоўнае — сучасныя лічбавыя друкарскія машыны.
Свае першыя практычныя навыкі навучэнцы каледжа атрымліваюць на занятках па вытворчым навучанні на ўчастку электроннага набору і вёрсткі, у друкарскім і брашуровачна-пераплётным цэхах, у цэху белавых тавараў. Атрымаўшы такую базу навыкаў, яны адпраўляюцца на практыку на вытворчасць. У каледжа наладжана цеснае супрацоўніцтва з шэрагам прадпрыемстваў краіны. Менавіта там, у рэальных умовах, канчаткова выспяваюць прафесійныя навыкі навучэнцаў. Дарэчы, толькі арганізацыяй практыкі ўзаемадзеянне каледжа з заказчыкамі кадраў не абмяжоўваецца — спецыялісты і кіраўнікі прадпрыемстваў бяруць удзел у складзе камісій на выпускных кваліфікацыйных іспытах, дзяржаўных экзаменах, удзельнічаюць у распрацоўцы вучэбнай праграмнай дакументацыі.
У дзень свайго прафесійнага свята Аляксандр Салагук атрымае на прадпрыемстве ўзнагароду “Лепшы малады рабочы”.
Вялікая ўвага ўдзяляецца прафесійнай накіраванасці працэсу падрыхтоўкі з боку педагогаў, майстроў вытворчага навучання. Паспяховай прафесійнай падрыхтоўцы навучэнцаў садзейнічае і тое, што ў каледжы працуе высокапрафесійны калектыў. Дарэчы, больш за шэсцьдзясят працэнтаў педагагічнага калектыву — выпускнікі гэтай установы адукацыі.
Атрымаўшы падрыхтоўку на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, маладыя спецыялісты па размеркаванні ідуць працаваць тэхнікамі, майстрамі ўчасткаў, маюць магчымасць атрымаць больш высокі разрад па прафесіі.
Выпускнікі каледжа запатрабаваны на паліграфічных прадпрыемствах і ў арганізацыях рознай формы ўласнасці. Штогод усе сто працэнтаў выпускнікоў размяркоўваюцца на прадпрыемствы галіны, задавальняючы патрэбы заказчыкаў кадраў.
— Практычна ўсе друкары нашай установы — выхадцы з каледжа. Навучэнцы атрымліваюць добрыя базавыя веды і навыкі ў каледжы, што дазваляе ім стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Яны прыходзяць у цэх з 3-м разрадам і ўдасканальваюць свае ўменні, даходзяць да самага высокага — 6-га разраду, — расказвае загадчык афсетнага цэха Беларускага дома друку Франц Іванавіч Куцько.
Так год ад году калектыў папаўняецца новымі кадрамі.
— Яшчэ падчас практыкі мы прыглядаемся да навучэнцаў. Амаль адразу відаць, з каго атрымаецца добры работнік. Такіх юнакоў імкнёмся пакінуць у нас працаваць, — працягвае Франц Іванавіч. — У гэтым годзе далі заяўку на чатырох чалавек, сярод іх Мікіта Матулін і Аляксандр Янкоўскі. Яны на практыцы добра сябе праявілі — было бачна іх старанне, жаданне працаваць і ўдасканальваць свае ўменні. Добрымі друкарамі будуць!
Дар,я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.