Спалучэнне традыцый і навацый

81-ы дзень нараджэння адзначыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел выкладчыкі і студэнты, ветэраны працы, калегі з іншых універсітэтаў. Сярод ганаровых гасцей свята былі намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Пранюк, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2005—2013 гадах  Яўген Роўба.

Віншуючы супрацоўнікаў і студэнтаў са святам, Віктар Пранюк назваў ГрДУ імя Янкі Купалы кузняй кадраў для Гродзенскай вобласці.

— Органы ўлады задаволены падрыхтоўкай кадраў, якія сёння пры­ходзяць у нашы ўстановы адукацыі, сацыяльнай абароны і інш. Гэта выдатныя юрысты, эканамісты, педагогі — са­праўдныя прафесіяналы. Новыя спецыяльнасці, адкрытыя ў Купалаўскім універсітэце, фактычна апярэджва­юць час. Мы разумеем, што ў найбліжэй­шай будучыні робататэхніка стане важнай сферай дзейнасці і будзе вызна­чаць далейшае развіццё прамысловасці Беларусі, а ўніверсітэт ужо сёння рыхтуе такіх спецыялістаў. Студэнты атрымліваюць глыбокія веды, але самае галоўнае,  што яны амбіцыйныя, займаюцца грамадскай дзейнасцю, творчасцю, спортам. Газета ГрДУ ў мінулым годзе атрымала “Залатую ліцеру”, — адзначыў Віктар Пранюк.

У мінулым годзе Купалаўскі ўніверсітэт святкаваў юбілей, падво­дзячы пэўныя вынікі і адзначаючы по­спехі на ніве адукацыі. Сёлетняе свята хоць і не звязана з круглай датай, але не менш значнае для ўстановы вышэйшай адукацыі. Ёсць чым і кім ганарыцца, нямала зроблена за апошні год.

— Год быў няпростым, свае карэктывы ўнёс кавід, але гэта не пера­шкодзіла нам зрабіць сапраўды значны крок наперад, — падкрэсліла рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. — За год мы адкрылі чатыры новыя спецыяльнасці, якія запатрабаваны зараз ва ўсёй рэспубліцы, далі старт праграме падрыхтоўкі магістрантаў з Кітая, упершыню ў перыяд уступнай кампаніі арганізавалі ва ўніверсітэце лічбавую прыёмную камісію. Мы пабудавалі новы інтэрнат, рашэнне аб узвядзенні якога было прынята па выніках візіту кіраўніка дзяржавы ў Гродна.

Гаворачы аб дасягненнях, якімі варта ганарыцца, рэктар таксама падкрэсліла, што Купалаўскі ўніверсітэт не спыняецца на дасягнутым. Прыняты карпаратыўны кодэкс. У снежні мінулага года адбылася вельмі важная падзея: была зацверджана стратэгія апераджальнага развіцця ўніверсітэта на 2021—2025 гады і ў перспектыве да 2030 года. Вызначаны арыенціры развіцця ўніверсітэта. Вельмі важна, што яны арганічна ўпісваюцца ў тыя, што былі агучаны на VI Усебеларускім народным сходзе. Віншуючы ўсіх су­працоўнікаў, студэнтаў, ветэранаў, выпускнікоў універсітэта, Ірына Кітурка падкрэсліла, што толькі разам, агульнымі намаганнямі можна дасягнуць новых перамог.

Падчас святочнага мерапрыем­ства былі ўзнагароджаны лепшыя выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта, студэнты. Таксама былі падведзены вынікі штогадовага рэйтынга прафесарска-выкладчыцкага складу ГрДУ імя Янкі Купалы. Канцэртную праграму падрыхтавалі студэнты.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.