SPARE: да іннавацый разам

- 13:00Выхаванне, Рознае

На тры дні Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства стаў адукацыйнай пляцоўкай для ўдзельнікаў Міжнароднай школы педагагічнага майстэрства ў рамках праекта SPARE. Яго партнёрамі ў правядзенні такога маштабнага мерапрыемства сталі Нарвежскае таварыства аховы прыроды і Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Экапраект “Партнёрства”.
Павышэнню педагагічнага майстэрства ў рамках міжнароднага адукацыйнага праекта SPARE ўдзяляецца самая пільная ўвага. Педагогі ўжо не першы год звяртаюць увагу сваіх выхаванцаў на праблемы змянення клімату, энергазберажэння і энергаэфектыўнасці, таму ўвесь час знаходзяцца ў пошуку шляхоў фарміравання матывацыі ў навучэнцаў не толькі засваення тэорыі, але і практычных дзеянняў у гэтай галіне. Як дасягнуць гэтага, як сфарміраваць прафесійнае майстэрства ў педагогаў, як сканструяваць сістэму партнёрскіх узаемаадносін з навучэнцамі — гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі каардынатары праекта SPARE і педагогі з Беларусі, Расіі, Украіны і Малдовы.

Ад тэорыі да практыкі

“Тое, што месцам сустрэчы быў абраны Мінск, невыпадкова, — гаворыць каардынатар праекта SPARE ва ўстановах адукацыі Беларусі намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Паўлаўна Каліноўская. — Нягледзячы на тое, што Беларусь апошняй далучылася да гэтага праекта, мы маем ледзь не самы багаты вопыт у яго вядзенні сярод краін СНД і не толькі. Галоўная прычына поспеху, як адзначылі ўсе ўдзельнікі, — гэта падтрымка праекта Міністэрствам адукацыі, чым не могуць пахваліцца іншыя ўдзельнікі праекта. Гэта дазваляе без перашкод праводзіць адукацыйную і выхаваўчую работу ў школах. Усе матэрыялы SPARE атрымалі грыф Міністэрства адукацыі і выкарыстоўваюцца як факультатывы ў школах. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзейнічае свая праграма, разлічаная на 144 гадзіны. З каласальным вопытам Беларусі завочна знаёмыя і ўдзельнікі сустрэчы, бо ён знаходзіцца ў шырокім доступе на сайце. Але галоўная іх мэта — паглядзець, як гэта працуе на практыцы”.
Знаёмства з гэтым вопытам пачалося ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. На дзвюх дэмастрацыйных пляцоўках былі праведзены майстар-класы. На пляцоўцы “Прыродныя рэсурсы і энергія”, якая размясцілася ў засені яблынь і груш, удзельнікі сустрэчы ўбачылі, як можна праводзіць утылізацыю сухога галля, як з яго атрымліваць шчэпкі. Былі прадэманстраваны арт-аб’екты з адходаў вытворчасці піларам. Стылізаваная карова — гэта яшчэ адзін прыклад безадходнай вытворчасці, пачынаючы ад прадуктаў яе жыццядзейнасці, якія выкарыстоўваюцца ў агародніцтве, і да малочных прадуктаў. Так, напрыклад, навукова-даследчая група з секцыі касмічнай біялогіі правяла эксперымент: паспрабавала з сыроваткі здабыць метан. Вынікам эксперымента стала вытворчасць з сыроваткі і сцёкавых вод метану на Вілейскім малочным камбінаце, які раней сыроватку проста выліваў. Уразіла і выкарыстанне здольнасцей каліфарнійскага чарвяка: педагогі ўбачылі на свае вочы, як чарвякі перапрацоўваюць усе кухонныя адходы і адходы палімернай вытворчасці. А прадуктам гэтай перапрацоўкі, які ў чарвякоў дояць (!), падкормліваюць батат: ім харчуюцца касманаўты ў час палётаў.
Акрамя таго, усе папрацавалі з абсталяваннем па ветраной энергетыцы, на салярных устаноўках. Выклікала рэзананс і яшчэ адно ноу-хау — сонечная пляцоўка — сумесны праект Беларусі з Галандыяй і Нарвегіяй. Асабліва зацікавіла гэтая пляцоўка географаў з Расіі, Малдовы і Украіны. Яны дапоўнілі свае веды, атрымалі нешта новае.
Прадоўжылася азнаямленне з вопытам Беларусі на базе Мінскага інстытута развіцця адукацыі, дзе прайшла сустрэча ўдзельнікаў школы педагагічнага майстэрства з навучэнцамі пачатковай школы № 103. Дзеці малявалі лістоўкі аб праблеме складзіравання смецця, асабліва актуальнай восенню ў час лістападу. Дзеці вырашалі, на якія мэты збіраць лісце, ці мэтазгодна ўбіраць іх там, дзе ніхто не ходзіць. Магчыма, ёсць сэнс пакінуць іх на кампост для росту дрэў вясной. Цікавым для педагогаў было наведванне музея прыроды і музея энергазберажэння, створаных навучэнцамі ў гімназіі № 25 Мінска.

“Метадычка” замежных калег

Пра тое, як праходзіць праект SPARE ў іншых краінах, пра пераадоленне перашкод і пра свае поспехі расказалі іншыя ўдзельнікі сустрэчы. Так, Наталля Халаім, прадстаўнік Рэспубліканскага дзіцяча-юнацкага цэнтра GUTTA-CLUB (Малдова), нацыянальны каардынатар праекта SPARE ў Малдове, зазначыла, што на яе радзіме праект мае параўнальна невялікі ахоп: з 1397 агульнаадукацыйных устаноў далучыліся да яго ўсяго толькі 280. Дарэчы, сістэма адукацыі тут рэзка адрозніваецца ад беларускай, рускай і ўкраінскай. Так, у Малдове ёсць пачатковыя школы, гімназіі і ліцэі, але няма сярэднеадукацыйных школ, няма і такіх устаноў, як цэнтры дадатковай адукацыі. Таму работа тут будуецца інакш: толькі асобныя элементы праекта ўключаны ва ўрокі прыроднага цыкла на занятках гуртковай работы пры дзіцячых цэнтрах, станцыях турыстаў, у факультатыўныя курсы, у дзейнасць экаклубаў, летніх экашкол. А ў бліжэйшы час плануецца, згодна са стандартам ЕС, што ў старшым звяне ўвогуле не будзе фізікі, біялогіі, хіміі, геаграфіі, будзе толькі прадмет “Прыродазнаўства”.
Затое ў Малдове добра наладжана работа ў партнёрскіх праектах, напрыклад, “Энергія і біямаса ў Малдове”. Ажыццяўляецца ён пры падтрымцы ЕС і ўрада Рэспублікі Малдова. У рамках гэтага праекта паспяхова дзейнічае летні экалагер, які штогод збірае аднадумцаў з розных краін, якія разам вынаходзяць узнаўляльныя крыніцы энергіі. Добра зарэкамендаваў сябе “Дзень без аўтамабіля”, які праводзіцца штогод 22 кастрычніка ў Гагаузіі. У гэты дзень на дарогах замест звычайных аўто можна бачыць самыя розныя транспартныя сродкі на сонечнай энергіі. Актыўна пераабсталёўваюцца сельскія школы, дзе ўстанаўліваюцца паліўныя катлы на біямасе. Добра наладжана праектная дзейнасць навучэнцаў: на міжнародным конкурсе “Энергія і асяроддзе пражывання” навучэнцы з Малдовы не раз падымаліся на першыя прыступкі п’едэстала. Н.Халаім па-дзялілася галоўным поспехам бягучага года: “Нягледзячы на тое, што Міністэрства асветы не падпісвае з намі мемарандум, усё ж быў выдадзены першы ў Малдове падручнік “Экалогія” для пачатковых класаў, які дазволена апрабаваць у школах. Калі для Беларусі гэта норма, то для нас гэта — прарыў”.
Сваімі дасягненнямі ў рамках праекта SPARE падзялілася каардынатар ва Украіне Алена Мельнікава. “Апошнія гады ШПІРЭ стаў шырэй інтэгравацца ў дзяржаўную сістэму адукацыі, — гаворыць яна. — Мы ганарымся сумеснай з Інстытутам падрыхтоўкі энергаменеджараў распрацоўкай факультатыўнага курса. Яго матэрыялы могуць быць інтэграваны ў прадметы прыроднага цыкла — гэта найбольш верагоднае яго выкарыстанне. Але галоўны наш гонар — сістэма трэнінгаў. У нас іх тры асноўныя: метадычны —“Адукацыя як сродак прыцягнення дзяцей да дзейнасці па энергазберажэнні”, для настаўнікаў пачатковай школы — “Энергія ў гульнях і адчуваннях”, для работы са старшакласнікамі — “Экаэтычны падыход да вырашэння праблем спажывання”. І сёння мы прыйшлі да таго, што не самі прапаноўваем правесці трэнінг ва ўстановах па энергаэфектыўнасці, а прымаем заяўкі ад гарадскіх саветаў, дзяржструктур, абласных аддзяленняў.
Шырока разгарнулася наша супрацоўніцтва з настаўнікамі Адэскай вобласці, у прыватнасці з лагерам “Маладая гвардыя”. Мы з калегамі з Малдовы распрацавалі метадычныя рэкамендацыі для правядзення тэматычнай змены лагера. Лагер — гэта тая форма, якую трэба выкарыстоўваць пры першай магчымасці. Ніякі падручнік, ніякая лекцыя не дадуць тых уражанняў, якія дзіця само атрымае, калі пасмажыць яечню на сонечнай печцы або запаліць ліхтарык, выпрацаваўшы электраэнергію з лімона ці бульбіны. Гэта бяспройгрышная форма работы з дзецьмі”.
У Расіі галоўнае дасягненне — інтэрактыўныя заняткі. Але ўвогуле праект тут не набыў шырокай папулярнасці. Усяго толькі 650 школ і 18 000 дзяцей прымаюць у ім больш-менш актыўны ўдзел.
“Хоць мы і працуем у SPARE з самага пачатку праекта — ажно з 1996 года, але павінна прызнаць, што нашы партнёры — Беларусь, Малдова і Украіна вырваліся далёка наперад, і мы многаму ў іх вучымся, — гаворыць каардынатар праекта ў Расіі Вольга Мікалаеўна Сяннова. — Напрыклад, варта пераняць візітоўку Малдовы — маладзёжныя лагеры з экалагічнымі практыкумамі, канструяваннем уласных узнаўляльных крыніц энергіі. Ва Украіне цікавыя педагагічныя распрацоўкі для малодшай школы. А метадалогія настаўніцкіх трэнінгаў можа стаць асновай для такіх трэнінгаў у кожнай з нашых краін.
У Беларусі энергазберажэнне стала агульнай справай, прызнанай прыярытэтнай на самых высокіх узроўнях. Безумоўна, гэта натхняе педагогаў і дапамагае рабіць іх дзейнасць больш практыка-арыентаванай. Шчыра кажу: мы вам зайздросцім. Нашы педагогі працуюць толькі на энтузіязме і ўдзел у праекце часта выкарыстоўваюць для карыслівых мэт. Напрыклад, трэба ім пераатэставацца, яны робяць з навучэнцамі праект па энергазберажэнні. Пераатэставаліся — і праект на гэтым скончыўся”.

Працуем не столькі з дзецьмі, колькі з іх бацькамі

На сутнасці даследчай работы ў гэтай галіне і на ўсіх яе нюансах і практычных парадах зрабіў акцэнт метадыст вышэйшай катэгорыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцін Аляксеевіч Пятроў: “Праекты-даследаванні ў галіне энергазберажэння па сваёй структуры, сэнсе і характары нічым не адрозніваюцца ад прадметных праектаў-даследаванняў. Але тым не менш яны маюць шэраг адметных рыс. Па-першае, у энергазберажэнні галоўнае не канчатковы вынік, а развіццё дзіцяці ў працэсе даследавання, і наша задача — змяніць яго паводзіны, светапогляд. Даўно вядома, што набольш эфектыўныя праекты ў галіне энергазберажэння — тыя, якія ажыццяўляюцца на базе сям’і. Мы можам інструментальна праверыць эфектыўнасць нашай работы: паглядзець паказчыкі лічыльнікаў расходу электраэнергіі, гарачай і халоднай вады. І калі педагог разгарнуў бурную дзейнасць у школе, у навучэнца — аўтара даследавання — мноства грамат, дыпломаў і прызоў, чым задаволена кіраўніцтва, а лічыльнікі дома не зрэагавалі, то грош цана такой рабоце. Па-другое, хоць мы займаемся з дзецьмі, асноўны аб’ект уздзеяння — не дзіця, а яго сям’я. Як жа навучыць дарослага чалавека энергазберагальным паводзінам? Як педагогу выклікаць у яго жаданне дапамагчы ў гэтым свайму дзіцяці? Прывяду прыклад. Настаўніца фізікі правяла бацькоўскі сход і пасля яго ўжо ў дзвярах (вялікая актрыса!) гаворыць: “Забылася сказаць, што на працягу трэцяй чвэрці кожнае дзіця класа будзе выконваць працу, сэнс якой будзе заключацца ў энергаэфектыўным аўдыце ў кватэры”. Потым гаворыць шмат чаго, але сэнс такі: работа вельмі важная, і без яе выканання дзіцяці будзе складана засвоіць далейшую праграму. Нават калі дзіця не хацела выконваць праект, яно яго цудоўна выканае, бо былі зматываваны бацькі. Так, педагог разумее, што зробіць яго мама або тата, але навучыцца на справе энергаэфектыўнасці само дзіця: чаго мы і дабіваліся”.

Галоўны конкурс у новым фармаце

Абмеркаваць усё пачутае, абмяняцца распрацоўкамі ў рамках сустрэчы педагогі змаглі падчас круглага стала. Акрамя таго, яны абмеркавалі новую рэдакцыю міжнароднага конкурсу “Энергія і асяроддзе пражывання”.
“Так, як конкурс праходзіў раней, ён праходзіць ужо не будзе, — тлумачыць змяненні Лідзія Паўлаўна Каліноўская. — Сама па сабе форма правядзення для нас не новая і нагадвае правядзенне міжнародных алімпіяд. Удзельнікі цяпер не будуць завочна ацэньвацца членамі журы: у кожнай намінацыі будуць па тры ўдзельнікі ад краіны, і яны будуць абараняць свае работы каля стэнда на рускай і англійскай мовах. Плануецца, што конкурс будзе працягвацца некалькі дзён і будзе мець фармат лагера, што дазволіць удзельнікам у нязмушанай абстаноўцы дзяліцца сваімі напрацоўкамі ў галіне энергазберажэння, паказваць, як яны працуюць на практыцы. Такая цесная камунікацыя дасць непараўнальна больш, чым завочны ўдзел. Акрамя таго, да гэтага часу заставалася рызыка ацэнкі работы не самога ўдзельніка, а яго “кансультанта”: часам гэта адчувалася па перанасычанасці дарослымі думкамі. Плануецца, што першым прыме конкурс у новым фармаце Рэспубліка Казахстан”.
Абмяркоўваліся і рэспубліканскія этапы гэтага конкурсу. У прыватнасці, агульныя падыходы да ацэнкі пераможцаў, каб на міжнародным узроўні свае праекты прадстаўлялі сапраўды самыя перспектыўныя прэтэндэнты. Плануецца, што ўжо ў самыя кароткія тэрміны яны будуць перагледжаны і абмеркаваны больш дэталёва, бо старт конкурсу будзе дадзены напрыканцы месяца.
Каардынатар праекта ў Малдове Н.Халаім выказала прапанову ўключыць у праект і дашкольнікаў, бо, па яе перакананні, пачынаць выхаванне экалагічна граматнага чалавека неабходна з маленства. Для гэтага яна прапанавала распрацаваць для педагогаў дашкольных устаноў дапаможнікі. Прычым, па яе меркаванні, неабавязкова ўносіць гэта асобна ў вучэбны працэс, дастаткова выкарыстоўваць толькі элементы падчас развіцця маўлення, заняткаў па маляванні і іншых.
Дарэчы, яшчэ 5 гадоў назад такое навучанне Нарвежскім таварыствам аховы прыроды прапаноўвалася пачынаць з 5 класа. Але па прапанове Беларусі з гэтага навучальнага года ўключылася і пачатковая школа. І, як аказалася на справе, гэтая ідэя сябе цудоўна апраўдала.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Валерыя ВАЛЧКОВА.