Спартакіяда аб’яднала Свіслач

Педагогі Свіслацкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна актыўна далучаюць да здаровага ладу жыцця не толькі вучняў школы і іх бацькоў, але і работнікаў СВК “Свіслач” і птушкафабрыкі.

Здаровы лад жыцця заўсёды з’яўляўся важным аспектам работы згаданай установы адукацыі. І не толькі з пункту гледжання выхавання падрастаючага пакалення ў правільным кірунку, але і як цудоўная магчымасць згуртаваць усіх жыхароў аграгарадка Свіслач. Аднак немагчыма прывіць любоў да спорту толькі словамі. Асабісты прыклад дае большы эфект. Гэта паспрабаваў даказаць малады дырэктар Свіслацкай сярэдняй школы І.В.Лябецкі.

Іван Васільевіч прыйшоў у школу пяць гадоў назад. Здаецца, невялікі адрэзак часу, але педагог унёс вялізны ўклад у развіццё ўстановы адукацыі. Малады настаўнік матэматыкі не толькі павышае ўзровень ведаў вучняў па сваім прадмеце, але і з вялікай ахвотай займаецца фізічным выхаваннем школьнікаў. Ва ўстанове праводзіцца шмат займальных і карысных спартыўных мерапрыемстваў, якія дзеці заўсёды наведваюць з вялікай ахвотай.

Адным з дасягненняў Івана Васільевіча можна назваць ідэю арганізаваць штогадовую спартакіяду, якую назвалі “Спартакіяда аграгарадка Свіслач”.

Спартакіяда праводзілася ў школе дзесяць гадоў назад, па невядомых прычынах яе правядзенне было спынена. Іван Васільевіч, старшыня СВК “Свіслач” Васіль Мікалаевіч Густыр і выконваючы абавязкі кіраўніка аддзялення “Свіслач” ААТ “Агракамбінат Скідзельскі” (філіял Скідзельскай птушкафабрыкі) Андрэй Ігаравіч Варэнік разам прынялі рашэнне аднавіць гэтае спаборніцтва.

Пачынаць новы год спартакіядай ужо стала традыцыяй у аграгарадку. Праводзіцца яна з сярэдзіны студзеня і да пачатку лютага.

Сёлета на адкрыцці спартакіяды прысутнічалі ганаровыя госці: старшыня СВК “Свіслач” Васіль Мікалаевіч Густыр і старшыня Квасоўскага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Іванавіч Гідравец. Васіль Мікалаевіч выказаў словы ўдзячнасці ўдзельнікам, адміністрацыі школы, СВК і птушкафабрыкі за магчымасць правядзення спартакіяды. Ён упэўнены, што арганізоўваць такія мерапрыемствы неабходна. Па-першае, гэта ўмацоўвае камандны дух, а па-другое, дае магчымасць паспаборнічаць у розных відах спорту, правесці час з карысцю і даведацца пра свае магчымасці непасрэдна на “полі бою”.

У спартакіядзе прымалі ўдзел 5 каманд: каманда школы, птушкафабрыкі і тры каманды СВК “Свіслач” (жывёлаводы, інжынеры і паляводы). Пачалася яна з футбола. Кожная каманда старалася паказаць сябе з лепшага боку. У той вечар у спартыўнай зале школы было горача. Кожнаму хацелася перамагчы і стаць чэмпіёнам. З асаблівай увагай назіралі гледачы за гульнёй каманд школы і паляводаў. Балельшчыкі каманды школы выдыхнулі з палёгкай пасля фінальнага свістка. Маладосць і дзіцячы спрыт перамаглі. У гэтым туры каманда школы ўзяла верх, на 2-м месцы апынулася каманда паляводаў, на 3-м — інжынеры.

Наступны тур складаўся з некалькіх відаў спорту: настольнага тэніса, шашак і шахмат. Калі ў настольным тэнісе ўсё прайшло хутка і аператыўна, то з шашкамі і шахматамі была зусім іншая гісторыя. Прадстаўнікі каманд вельмі захапіліся гульнёй — кожны хацеў паказаць свой розум і неардынарны падыход. У настольнім тэнісе лепшай стала каманда школы, на 2-м месцы апынулася каманда паляводаў, на 3-м — каманда птушкафабрыкі. У шашках 1-е месца заваявала каманда жывёлаводаў, 2-е — птушкафабрыкі, 3-е — школы. У шахматах пераможцай стала каманда паляводаў, другімі аказаліся інжынеры, трэцюю прыступку заняла каманда школы.

На наступным этапе куманды гулялі ў баскетбол. Тут пераможцай стала каманда жывёлаводаў, на 2-м месцы апынулася каманда школы, на 3-м — паляводы.

Завяршыўся турнір валейболам. Спаборніцтвы па гэтым відзе спорту працягваліся два дні. Кожная каманда выкладвалася на ўсе сто працэнтаў, напружанне нарастала з кожным днём. Безумоўна, каманды не выступілі б на такім высокім узроўні, калі б у іх не было заўзятых балельшчыкаў. Цяжкія ўздыхі ад прапушчанага мяча і радасныя воклічы ад забітага гучалі ў спартыўнай зале на працягу ўсіх спаборніцтваў. У выніку ў валейболе 1-е месца заняла каманда школы, 2-е — птушкафабрыкі, 3-е — жывёлаводаў.

Кіраўнікі каманд таксама прысутнічалі на гульнях і назіралі за імі. Калі В.М.Густыр і А.І.Варэнік давалі парады на перапынках, то І.В.Лябецкі прымаў удзел у кожнай гульні і не адыходзіў ад каманды ні на крок на працягу ўсёй спартакіяды.

Асобныя словы падзякі выказвалі Васілю Мікалаевічу і Андрэю Ігаравічу за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства. Прыемна, што СВК і школу звязваюць не толькі працоўныя адносіны, але і сумесны адпачынак.

Па агульных выніках 3-е месца заняла каманда жывёлаводаў, на 2-м месцы апынулася каманда паляводаў, а 1-е — у каманды школы. Як сапраўдны кіраўнік Іван Васільевіч змагаўся разам са сваёй камандай і ў выніку прывёў яе да перамогі.

Наталля ЖУКОЎСКАЯ,
настаўніца хіміі і біялогіі Свіслацкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна;
Вікторыя ВЕЙКШНЕР,
студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы.