“Спартанцы” выхоўваюць характар

Чатыры гады ў сярэдняй школе № 2 Салігорска працуе цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі. За гэты час тут прайшлі навучанне больш за 60 хлопчыкаў, многія з якіх вырашылі вучыцца далей ва ўстановах вышэйшай адукацыі на ваенных спецыяльнасцях. Аляксандр Мікалаевіч Міхнюк — кіраўнік цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі, ён жа і настаўнік фізічнай культуры і здароўя. Да фізвыхавання і дысцыплін ваеннай справы ставіцца адказна, гэтага ж патрабуе і ад хлопцаў. У выключна мужчынскім калектыве ўзаемаадносіны будуюцца на поўным даверы.

Сёння цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі аб’ядноўвае 100 ча­лавек, гэта вучні з 5 па 11 клас. Старшакласнікі дэманстру­юць веды па дапрызыўнай падрыхтоўцы на адзнаку, якая ідзе ў атэстат. У іх лепшыя паказчыкі ў маладзёжных ваенна-патрыятычных гульнях “Бастыёны мужнасці” і “Наперад, хлопцы, будучыя салдаты!”. Так што тут усё сур’ёзна. На стале ў выкладчыка падручнікі, па якіх падапечныя праходзяць навучанне. Тут жа і іншы матэрыял, важны для вывучэння прадмета. Для Аляксандра Мікалаевіча, былога вайскоўца, студэнта інстытута фізічнай культуры і курсанта Ваеннай акадэміі, гэта даўно пройдзены матэрыял, а для яго падапечных, будучых салдат, — азы навукі.

“Хлопцы прыходзяць, вядома, розныя, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Мая задача — выхаваць у іх характар, адказнасць, сілу духу. Зрабіў добра — малайчына, зрабіў дрэнна — адкажы за свой учынак. Адгаворкі кштал­ту “не паспеў”, “не хачу” не прымаюцца. І дзеці ўсё разуме­юць, яны мяняюцца. Я ж з імі працую на працягу шасці гадоў і ўпэўнены, што хлопцы, якія прайшлі дапрызыўную падрыхтоўку, будуць і маральна, і фізічна гатовы служыць у войску”.

Мне давялося пабываць на занятках. Адчуваліся тон настаўніка і хваляванне навучэнцаў. Іх крыху насцярожыла прысутнасць госця, кожнаму хацелася паказаць сябе з лепшага боку. Мы пазнаёміліся бліжэй. Сярод хлопчыкаў ёсць пакуль што невялікі, з чатырох чалавек, атрад “Спартанцы”. Усе вучацца ў 7 класе і сябруюць паміж сабой. Іх аб’ядноўвае адна мара — стаць афіцэрамі, а магчыма, і генераламі. Але да гэтай вышыні шлях яшчэ далёкі. Зараз перад “спартанцамі” стаіць задача добра вучыцца, выхоўваць у сабе спартанскі характар, і тады ўсё атрымаецца.

Вельмі блізкія да сваёй мэты Данііл Тоўсцік і Яраслаў Бельскі. Пасля 7 класа яны вырашылі паступаць у кадэцкае вучылішча. Раман Санюковіч і Улад Кудраўцаў маюць намер пасля 11 класа паступіць у Акадэмію МУС. У рабоце з будучымі вайскоўцамі Аляксандр Мікалаевіч вялікую ўвагу ўдзяляе фізічнай падрыхтоўцы. Які ж ты ваенны без сілы і мускулаў? Прымушаць займацца хлопцаў не трэба. На занятках фізкультуры яны паказваюць лепшыя вынікі, ёсць секцыі рукапашнага бою і інш.

Асаблівае стаўленне ў настаўніка і дзяцей да школы выжывання. У гэтай групе тыя, хто любіць паходы. Хлопцы пешшу ідуць па партызанскіх сцежках Салігоршчыны, арганізоўваюць паходы выхаднога дня. У паходах са сваім настаўнікам ім цікава ўсё. Яны самі ставяць палаткі, самі гатуюць ежу. А таксама праводзяць раскопкі, сустракаюцца з вяскоўцамі, запісваюць іх аповеды. Патрэбны матэрыял размяшчаюць у школьным інфармацыйным кабінеце, тут жа — фотаздымкі герояў-землякоў. Наогул, паходы — гэта самы любімы занятак хлопцаў, і зімовае надвор’е з маразамі або адлігай не перашкода.

Ад сустрэчы з будучымі афіцэрамі ў мяне засталіся добрыя ўражанні. Яны хоць не выдатнікі вучобы і не пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд, але ў іх ужо зараз пазнаюцца характар і імкненне да мэты. Хацелася б, каб усе іх мары спраўдзіліся. Я ўпэўнена, што шансы вялікія.

Таццяна МАРОЗАВА,
педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна.
Фота аўтара.