Спартыўныя шляхі вядуць на факультэт фізічнага выхавання

- 12:59Кампетэнтна

Факультэт фізічнага выхавання — адзін з самых маладых у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Створаны ён у 2009 годзе ў выніку рэарганізацыі факультэта народнай культуры. Тым не менш ён ужо добра вядомы ў краіне сваімі выпускнікамі, якія працуюць як у школах, так і ў лячэбна-аздараўленчых цэнтрах, а таксама ў сферы турызму і арганізацыі спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Славіцца ён і сваімі спартсменамі. 
Аб асаблівасцях падрыхтоўкі на самым фізічна падрыхтаваным факультэце галоўнай педагагічнай установы адукацыі краіны нам расказаў яго дэкан Міхаіл Міхайлавіч КРУТАЛЕВІЧ.

Школа, турызм і рэжысура

Такую разнастайнасць магчымых сфер працы Міхаіл Міхайлавіч патлумачыў наяўнасцю пяці спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка на факультэце. Пасля заканчэння педагагічнай, якая гучыць як “Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць”, выпускнікі часцей за ўсё становяцца настаўнікамі фізічнай культуры ў школе.
Метадысты па аздараўленчай і метадысты па лячэбнай фізічнай культуры атрымліваюцца са студэнтаў спецыяльнасці “Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (аздараўленчая)” і “Фізічная культура (лячэбная)”.
На спецыяльнасці “Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)” рыхтуць менеджараў па турызме. Будучыя менеджары-рэжысёры спартыўна-масавых мерапрыемстваў вучацца на спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)”. Менавіта таму, што на абедзвюх спецыяльнасцях рыхтуюць менеджараў, набор сюды вядзецца па агульным конкурсе.
Некаторыя выпускнікі факультэта фізічнага выхавання ідуць працаваць у Міністэрства ўнутраных спраў, хтосьці — у ваенную сферу. Іншых шлях прывядзе ў турыстычныя фірмы. Аднак большасць усё роўна працуе ў школе, тым больш што такую магчымасць маюць выпускнікі пяці спецыяльнасцей. Ва ўсіх у дыпломе будзе пазначана, што яны атрымалі кваліфікацыю “выкладчык фізічнай культуры”. Ды і неабходнасць у настаўніках фізічнай культуры вельмі вялікая, таму праблем знайсці працу не будзе. Пра запатрабаванасць такіх педагогаў сведчыць той факт, што на сёлетняе размеркаванне запыты прыслалі больш як 100 устаноў сярэдняй адукацыі.

Творчасць і спорт

У размове з Міхаілам Міхайлавічам папрасіла яго больш падрабязна спыніцца на спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)”, падрыхтоўка па якой спалучае розныя сферы чалавечай дзейнасці.
“Спецыялісты гэтай спецыяльнасці глыбока ведаюць праблему мастацтва ў фізічнай культуры і спорце. Як правіла, сюды паступаюць людзі з творчым пачаткам. Многія з іх заканчвалі музычныя школы, хадзілі ў гурткі танцаў”, — паведаміў Міхаіл Міхайлавіч.
Асвоіць рэжысёрскую справу студэнтам дапамагаюць творчыя дысцыпліны па стварэнні музычнага і дэкаратыўнага афармлення спартыўных свят.
“Кожны год нашы студэнты выступаюць у ролі асістэнтаў рэжысёраў на мерапрыемствах дзяржаўнага ўзроўню, якія ладзяцца ў Мінску. Нядаўна ў якасці валанцёраў яны дапамагалі арганізоўваць турніры на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя. Штогод удзельнічаюць і ў правядзенні спаборніцтваў, арганізаваных Беларускай лігай танцаў, — адзначыў дэкан факультэта фізічнага выхавання. — Безумоўна, рэжысёраў мерапрыемстваў такога ўзроўню шмат не трэба. Аднак арганізатары спартыўных свят вельмі патрэбны ў школе, дзе таксама праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы”, — дадаў Міхаіл Міхайлавіч.

Конны, парашутны ці нейкі іншы від спорту?

Спецыяльнасці, па якіх ідзе навучанне на факультэце, розныя, аднак у іх ёсць шмат агульнага. Так, студэнты ўсіх спецыяльнасцей абавязкова павінны ўмець не толькі самі гуляць, але і ўмець навучыць гуляць іншых у баскетбол, футбол, валейбол і гандбол.
Ёсць магчымасць займацца і яшчэ адным відам спорту — тым, які найбольш падабаецца. Такое права прадастаўляецца ў рамках прадмета “Павышэнне спартыўнага майстэрства” на педагагічнай спецыяльнасці “Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць”.
На іншых спецыяльнасцях таксама ёсць падобны прадмет, аднак заняткі па ім прывязваюцца да кірунку спецыяльнасці. Напрыклад, будучыя рэжысёры спартыўна-масавых мерапрыемстваў хутчэй за ўсё будуць вучыцца фітнесу ці пілатэсу.
“Калі на факультэце мы не можам арганізаваць месца для трэніроўкі па пэўным відзе спорту, дамаўляемся аб гэтым з арганізацыяй, якая гэта зробіць. На пытанне сёлетняй абітурыенткі на дні адкрытых дзвярэй, ці можам мы забяспечыць ёй трэніроўкі па конным спорце, я даў станоўчы адказ. Наша задача — заключыць неабходнае пагадненне”, — патлумачыў Міхаіл Міхайлавіч.
Так, напрыклад, на факультэце фізічнага выхавання вучылася чэмпіёнка свету па суднамадэльным спорце Наталля Філіповіч. У межах прадмета “Павышэнне спартыўнага майстэрства” па гэтым відзе спорту яна трэніравалася ў ДТСААФ па дамоўленасці з факультэтам.

Майстэрства высокага палёту

Каля 60 студэнтаў факультэта фізічнага выхавання ўваходзяць у склад нацыянальных і зборных каманд Рэспублікі Беларусь па розных відах спорту, нават па такіх, здаецца, рэдкіх, як суднамадэльны, парашутны і радыёспорт.
“Вялікіх поспехаў студэнты факультэта дасягаюць у барацьбе, асабліва ў дзюдо і самба. Прычым гэта адносіцца да барцоў жаночага полу. Дастойныя вынікі яны паказваюць не толькі на рэспубліканскім, але і міжнародным узроўні”, — адзначыў Міхаіл Міхайлавіч.
Сваё спартыўнае майстэрства студэнты павышаюць на базе Дома барацьбы імя Аляксандра Мядзведзя. Да таго ж на факультэце працуюць прызнаныя ў краіне трэнеры, у прыватнасці, заслужаныя трэнеры Рэспублікі Беларусь Валянцін Мурзінкоў і Эрнест Міцкевіч. Не так даўно трэніраваў студэнтаў факультэта і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў Валерый Цыленьць.
“Як правіла, студэнты факультэта — гэта людзі, якія абралі спорт у якасці свайго далейшага жыццёвага шляху. Да нас яны прыходзяць свядома. Адзіная праблема для іх — навучыцца якасна спалучаць заняткі спортам і вучобу”, — расказаў дэкан факультэта фізічнага выхавання.
Студэнтам, якія дабіваюцца значных поспехаў у спорце, кіраўніцтва ўніверсітэта ідзе насустрач. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, па хадайніцтве Міністэрства спорту і турызму і хадайніцтве спартыўных федэрацый, рэктар штогод прымае рашэнне аб пераводзе таго ці іншага студэнта на індывідуальнае навучанне. Безумоўна, такі навучэнец абавязаны засвоіць прадметы вучэбнага плана. Аднак індывідуальнае навучанне прадугледжвае, што ён мае магчымасць атрымліваць заданні загадзя ці, напрыклад, здаваць іспыты і залікі не са сваёй групай.

Не варта баяцца ўнутранага іспыту

Самы час пагаварыць і аб умовах паступлення на факультэт фізічнага выхавання. Абітурыентаў гэтага факультэта чакае ЦТ па мове (беларускай ці рускай) і па біялогіі, а таксама ўнутраны іспыт па фізічнай культуры. Пры падачы дакументаў, акрамя сертыфікатаў ЦТ, у прыёмную камісію трэба прынесці медыцынскую даведку ўстаноўленага ўзору з запісам, што пэўнаму хлопцу ці дзяўчыне не супрацьпаказана займацца па спецыяльнасці “Фізічная культура”.
Унутраны іспыт па фізічнай культуры складаецца з шасці выпрабаванняў. Баяцца іх не трэба, бо яны адпавядаюць школьнай праграме ўрока фізічнай культуры і здароўя. Прычым пры здачы нарматываў існуе альтэрнатыва, калі, напрыклад, можна выбіраць паміж падцягваннем ці адцісканнем на брусах. За ўсе выпрабаванні ставіцца агульная адзнака.
“Любы абітурыент, які нават мэтанакіравана і не рыхтуецца да здачы нарматываў, як паказвае практыка, атрымае хутчэй за ўсё станоўчую адзнаку”, — пракаменціраваў унутраныя выпрабаванні Міхаіл Міхайлавіч.
Некаторыя абітурыенты могуць паступаць і без экзаменаў. Такое правіла распаўсюджваецца на ўдзельнікаў Алімпійскіх гульняў, прызёраў і пераможцаў чэмпіянатаў свету, Еўропы, а таксама першынстваў Рэспублікі Беларусь. Майстры спорту ў адпаведнасці з правіламі прыёму вызваляюцца ад здачы ўнутранага іспыту і аўтаматычна атрымліваюць за яго найвышэйшы бал.

Святлана ШЫЯН.
Фота прадастаўлена факультэтам фізічнага выхавання БДПУ.