Многафункцыянальны спарткомплекс на месцы былога стадыёна сярэдняй школы № 28 адкрылі напярэдадні прафесійнага свята настаўнікаў у Віцебску.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, старшыня Віцебскага гарвыканкама Вадзім Заранкін, педагогі, навучэнцы і іх бацькі, жыхары мікрараёна.
— Аб’ект унікальны, доўгачаканы. Я часта бываю ў гэтым раёне і ведаю, як патрэбна тут спартыўная пляцоўка, — адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. — Апошнім часам у нас з’явілася характэрная тэндэнцыя: у сярэдзіне жніўня мы здалі выдатны спартыўны комплекс у ВДУ імя П.М.Машэрава, 1 верасня — у сярэдняй школе № 47 Віцебска, цяпер — у сярэдняй школе № 28. Мы імкнёмся, каб сучасныя спартыўныя пляцоўкі былі ва ўсіх мікрараёнах школ. Гэта актуальна і запатрабавана, важна не толькі для ўстаноў адукацыі, але і для мясцовага насельніцтва. Вядома, пандэмія ўносіць у планы свае карэктывы. Тым не менш названыя задачы не знімаюцца — будзем працягваць абнаўляць стадыёны як у абласным цэнтры, так і ў раёнах.
У спарткомплексе прадугледжаны сучасныя поле для міні-футбола, пляцоўкі для баскетбола, валейбола і варкаута, вулічныя трэнажоры і бегавыя дарожкі, сектары для скачкоў у даўжыню і кідання спартыўных снарадаў, тэнісны корт з траўмабяспечным гумабітумным пакрыццём, спартыўны гарадок для малодшых школьнікаў і заняткаў груп прадоўжанага дня — атрымаўся шыкоўны падарунак для школы і ўсіх аматараў актыўнага адпачынку. Віншуючы ўстанову адукацыі са значнай падзеяй, Вадзім Заранкін акцэнтаваў увагу на дасягненнях яе навучэнцаў, настаўнікаў і выказаў упэўненасць: адноўленае “Юнацтва” стане цэнтрам спартыўнага прыцягнення і развіцця, бо тое, што закладваецца ў школьным спорце, застаецца на ўсё жыццё і дарагога варта. Сімвалічны ключ ад аб’екта дырэктару школы Алене Мацвеевай уручыў начальнік філіяла “Будаўніча-мантажны поезд № 715” ААТ “Трэст Белтрансбуд” Мікалай Пашкевіч.
— Менш як год назад быў закрыты на рэканструкцыю наш самы звычайны школьны стадыён, а сёння ад яго засталася адна
назва — “Юнацтва”, і мы знаходзімся ў цудоўным сучасным спартыўным комплексе, які напоўнены ўсім неабходным для фізічнага развіцця нашых навучэнцаў, далучэння да спорту і здаровага ладу жыцця, — падзялілася ўражаннямі Алена Антонаўна. — Праекціроўшчыкі ўлічылі пажаданні нашага калектыву, у тым ліку настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, дарэчы, мы самі выбіралі колеравае рашэнне штучных пакрыццяў. Безумоўна, магчымасці фізкультурна-спартыўнай работы, правядзення мерапрыемстваў шостага школьнага дня ў школе вельмі пашырацца. Будзе даступны спарткомплекс і для жыхароў мікрараёна. Наша ўстанова адукацыі — адна з тых пяці ў вобласці, якія носяць ганаровае званне “школа міру”. Адзін з напрамкаў дзейнасці ў праекце — мір праз спорт. Ён сапраўды выступае тым інструментам, што садзейнічае аб’яднанню людзей, узаемаразуменню, справядлівасці. Упэўнена: наша пляцоўка будзе аб’ядноўваць дзяцей і бацькоў, навучэнцаў і педагогаў, усіх, хто неабыякавы да спорту.
Святочны настрой падарылі ўсім прысутным паказальныя выступленні гімнастаў, таэквандзістаў і акрабатаў, яркія канцэртныя нумары ў выкананні юных танцораў і спевакоў. У працяг свята ўсіх яго ўдзельнікаў запрасілі асабіста пратэсціраваць абсталяванне спарткомплексу.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.