Спартыўнае свята з бацькамі

Вялікая каштоўнасць кожнага — здароўе. Вырасціць дзіця моцным і здаровым — жаданне бацькоў і адна з вядучых задач установы дашкольнай адукацыі. Лепшая прапаганда здаровага ладу жыцця — заняткі фізкультурай і спортам.

Нішто так не збліжае педагогаў, бацькоў і дзяцей, як сумесныя святы і забавы. Менавіта таму ў нашай дашкольнай установе адукацыі “Нягневіцкі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна” стала традыцыяй правядзенне сумесных спартыўных святаў.

На старт спартландыі “Тата, мама, я — спартыўная сям’я” выйшлі 3 сям’і выхаванцаў рознаўзроставай № 1 групы: Веранікі Гесць, Маргарыты Гушчынскай і Максіма Сапліцы. Дзеці і іх бацькі з захапленнем удзельнічалі ў вясёлых гульнях, конкурсах і эстафетах. Спартыўны запал і жаданне дамагчыся перамогі для сваёй каманды захоплівалі дзяцей настолькі, што яны не заўважалі таго, што адбывалася навокал. Усе стараліся з усіх сіл прыйсці да фінішу першымі.

У завяршэнні свята дарослыя атрымалі падзякі ад адміністрацыі ўстановы, а самыя маленькія — падарункі і салодкія прызы ад Карлсана. Няхай гэтае самае першае спартыўнае мерапрыемства ў жыцці маленькіх выхаванцаў стане пачаткам сумесных сямейных спраў, ад якіх будзе толькі задавальненне і радасць.

Алена БЕРЗУХ,
кіраўнік фізічнага выхавання Нягневіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна.