Спартыўны дух Палаца творчасці

- 12:08Навіны рэгіёнаў

Больш за тысячу дзяцей займаюцца спортам у Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Цудоўным падарункам для іх стала адкрыццё абноўленай спартыўнай базы.

Палац творчасці наведваюць амаль 3 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, трэць з іх выбралі спартыўныя аб’яднанні па інта­рэсах. Дзюдо, гімнастыка, плаванне, шахматы і многія іншыя віды спорту даступныя для шырокага кола школьнікаў і нават зусім маленькіх гродзенцаў. З уводам у эксплуатацыю ў кастрычніку мінулага года пасля капітальнага рамонту басейна, а цяпер яшчэ і сучаснай спартыўнай залы, магчымасцей для заняткаў стала яшчэ больш.

Чаму дзеці наведваюць спартыўныя секцыі менавіта тут? Паразмаўляўшы з баць­камі і педагогамі дадатковай адукацыі, а толькі спартыўны кірунак прадстаўляюць каля 30 чалавек, даведалася, што ў Гродне вырасла цэлае пакаленне выхаванцаў Палаца творчасці дзяцей і моладзі, ці Палаца піянераў, як ён называўся раней. Былыя піянеры і акцябраты сёння водзяць сюды на заняткі не толькі сваіх дзяцей, але ўсяго нават і ўнукаў. Ім імпануе высокі ўзровень трэнерскага складу. Многія бацькі пытаюцца, ці працуе яшчэ трэнер, што прывіў ім самім некалі любоў да спорту. І абавязкова мараць аддаць сваіх дзетак менавіта пад яго апеку.

Як расказала метадыст аддзела спартыўна-аздараўленчай работы абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Жанна Жвалеўская, толькі ў спартыўным кірунку працуюць 82 аб’яднанні па інтарэсах. Ёсць магчымасць выбраць пэўны від спорту — ад асноў рукапашнага бою і каратэ да эстэтычнай гімнастыкі. Шмат гадоў адным з вядучых напрамкаў застаюцца шахматы. Тут жа праходзяць абласныя і гарадскія спаборніцтвы па гэтым відзе спорту. На базе Палаца творчасці адкрыты абласны рэсурсны цэнтр па спартыўным арыен­таванні. З мінулага года тут можна займацца дзюдо. Юныя спартсмены, якія займаюцца менавіта гэтым відам спорту, па сутнасці і адкрывалі новую спартыўную залу. На татамі выйшлі ўдзельнікі алімпійс­кіх дзён моладзі Гродзенскай вобласці па дзюдо. Арганізатары спаборніцтваў адзначылі высокі ўзровень спартыўнай базы, створаныя цудоўныя магчымасці для заняткаў. Цяпер баць­кі юных спартсменаў могуць камфортна сачыць за іх выступленнямі.

Спартыўныя аб’яднанні па інтарэсах вельмі запатрабаваныя сярод школьнікаў. Задаволены і бацькі. Многія запісваюць сваіх дзяцей адразу ў некалькі аб’яднанняў. А педагогі стараюцца так скласці іх расклад, каб дзіця магло, напрыклад, пасля плавання адразу заняцца маляваннем ці іншай справай, каб не прыязджаць на заняткі некалькі разоў.

Безумоўна, усе вельмі чакалі, калі адкрыецца пасля рамонту басейн. І гэтая цудоўная спартыўная пляцоўка апраўдала ўсе чаканні. Сёння жадаючых займацца тут вельмі шмат.

45 гадоў вучыць дзяцей плаванню Юрый Мешчаракоў — басейн тут быў адкрыты ў 1976 годзе. У 1978 годзе займацца плаваннем сюды прыйшла першакласніца Ала. А сёння Ала Гурына разам са сваім былым трэнерам займаецца з дзецьмі ў Палацы творчасці.

— Наш басейн дае цудоўную магчымасць займацца плаваннем дзецям абласнога цэнтра, — расказала Ала Гурына. — Нягледзячы на тое, што гэта дадатковая адукацыя, а не спартыўная школа, нашы выхаванцы ўздымаюцца на п’едэстал на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. З дзецьмі старэйшага ўзросту, хто выканаў першы юнацкі разрад, на павышаным узроўні працуюць педагогі дадатковай адукацыі Аляксандр Баравікоў і Юрый Мешчаракоў.

У мінулым годзе былі ўзнагароды на спаборніцтвах міжнароднага і рэспуб­ліканскага ўзроўню. Ксенія Норман заняла 1-е месца на XVIII Міжнародным шахматным турніры “Орша—2020” і на адборы да анлайн-чэмпіянату па шахматах сярод дзяўчынак да 14 гадоў, 2-е месца — на адборачным турніры да анлайн-чэмпіянату Еўропы. Спартсменка стала трэцяй на першынстве Рэспублікі Беларусь па шахматах сярод юніёрак да 20 гадоў, а таксама на чэмпіянаце Беларусі па шахматах сярод жанчын (вышэйшая ліга).

Артур Жлоба стаў трэцім на VIII Міжнародным турніры “Шахматы без меж”. Дар’я Свірыд заваявала 1-е і 3-е месцы на Еўрапейскай лізе плавання. На віртуальным чэмпіянаце свету па тансудо The First World TangSooDo Virtual Championship у ліку пераможцаў Уладзіслаў Лявіцкі, Ян Церабей і Мацвей Суцягін.

У рэспубліканскіх спаборніцтвах адкрытага турніру “Дзіцячая ліга плавання” ў ліку пераможцаў Дар’я Свірыд і Валянцін Андрэйчык. А ў турніры па боксе памяці майстра спорту Алега Пашкевіча на найвышэйшую прыступку п’едэстала ўзняўся Яраслаў Шымко.

Калектыў Палаца творчасці ганарыцца поспехамі юных спартсменаў. Аднак галоўнае, што ў яго сценах маюць магчымасць займацца любімымі відамі спорту ўсе жадаючыя, сярод іх і дзеці, якія не пла­нуюць сваю будучыню звязаць са спортам.

— Школьнікі з задавальненнем наведваюць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах, а мы робім усё магчымае для таго, каб разнастаіць іх вольны час, зрабіць яго цікавым, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Дана Рэмша. — З уводам новых басейна і спартыўнай залы маштабныя работы па рэканструкцыі будынка не завершаны. З прымяненнем новых тэхналогій вядзецца рамонт хола, шэрага кабінетаў, прылеглай тэрыторыі. Паступова палац набывае сучаснае аблічча. І, як было на працягу многіх гадоў, карыстаецца папулярнасцю сярод дзяцей і іх бацькоў. Нашы дзверы для іх заўсёды адчынены.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Палацам творчасці дзяцей і моладзі.