Спартыўны дух умацоўвае сувязі

- 10:28Навіны рэгіёнаў

25 каманд з усіх раёнаў Гомельшчыны і зборная каманда ўстаноў вышэйшай адукацыі ўзялі ўдзел у VIII абласной спартакіядзе работнікаў адукацыі і навукі. Яе арганізатарамі выступілі галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскі абласны камітэт Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Спаборніцтвы праходзілі па васьмі відах спорту: плаванні, валейболе, стральбе, дартсе, гіры, лёгкай атлетыцы, більярдзе, настольным тэнісе. Па выніках сур’ёзнай барацьбы ў агульнакаманд­ным заліку на першым месцы — каманда Чыгуначнага раёна (на здымку), на другім — каманда Навабеліцкага раёна Гомеля, а на трэцім — каманда Жлобінскага раёна.

Высокі ўзровень падрыхтоўкі паказалі таксама спартсмены Рэчыцкага раёна і зборная каманда ўстаноў вышэйшай адукацыі. Баявы дух і волю да перамогі прадэманстравалі каманды Брагінскага і Веткаўскага раёнаў, якія значна павялічылі сваё майстэрства пасля папярэдняй VII абласной спартакіяды. Дыпломы пераможцаў і прызёраў атрымалі спартсмены ў кожным відзе спорту.

Гомельскі абласны камітэт галіновага прафсаюза выказаў падзяку адміністрацыям і прафсаюзным камітэтам дзяржаўных устаноў адукацыі, на базе якіх былі арганізаваны спаборніцтвы: сярэднім школам №№ 67, 59, 72 і 44 Гомеля.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.