Спартыўны энергазабег

- 16:22Нам пішуць

Хоць лета — доўгачаканая і любімая пара года, час канікул, ды тоіць шмат небяспекі, калі дзеці без нагляду дарослых. Таму вельмі важна растлумачыць і нагадаць дзецям неабходныя правілы бяспекі. Прафілактыка дзіцячага электратраўматызму — адна з галоўных задач устаноў адукацыі. Таму ў сярэдняй школе № 2 Слоніма напярэдадні летніх канікул правялі спартыўнае свята электрабяспекі “У гасцях у Электрычнасці”.

У спартыўным энергазабегу змагаліся чатыры каманды 3—4 класаў: “Навальніца”, “Маланка”, “Лямпачкі”, “Светлячок”. Школьнікі вучацца гуляючы, таму новыя карысныя веды засвойваліся з гульнямі, загадкамі, разгадваннем крыжаванак, каманднымі спаборніцтвамі, а парады па энергабяспецы казачных герояў Лямпачкіна і ката Леапольда спрыялі павышэнню ўзроўню ведаў па электрабяспецы сярод навучэнцаў.

Цікавымі і запамінальнымі былі эстафеты: “Лямпачкі”, “Рознакаляровыя лямпачкі”, “Энергетычны ланцуг”, “Правядзі у свой дом электрычнасць”, “Каска”, “Ліст з будучыні” (хто хутчэй расшыфруе пасланне з будучыні?), конкурс для капітанаў. У гульнёвай форме замацавалі веды “Электрычнасць на вуліцы” і “Хатняя электрычнасць”.

Спартыўны энергазабег “У гасцях у Электрычнасці” даў магчымасць дзецям даведацца шмат цікавага аб правілах энергабяспекі. Свята атрымалася яркім, запамінальным, вясёлым і пазнавальным. Усе каманды паказалі спрыт, сілу, хуткасць. А галоўнае — атрымалі карысныя веды, зарад бадзёрасці і шмат станоўчых эмоцый!

Па выніках энергазабегу каманды былі ўзнагароджаны дыпломамі, памятнымі падарункамі.

Тамара КРАМНІК,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 2 Слоніма.