“Спартыўны” вакал Глеба ЖАБКО

- 15:35Культура

У Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, сталічнай дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 10 імя Я.А.Глебава і Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” вучыць спяваць юных беларусаў малады педагог па вакале Глеб ЖАБКО, да якога з павагай ставяцца і навучэнцы, і калегі. Бо да кожнага свайго вучня ён заўсёды падыходзіць індывідуальна, улічваючы музычныя здольнасці і густы, а да старэйшых калег прыслухоўваецца, пераймаючы іх вопыт і веды.

Бесперапыннае навучанне

Глеб Жабко скончыў Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, затым Інстытут сучасных ведаў імя А.М.Шырокава па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)”, атрымаўшы кваліфікацыю кіраўніка вакальнага ансамбля і выкладчыка. Педагогам па вакале працуе 9 гадоў, за гэты час яго вучні станавіліся неаднаразовымі лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

Гаворачы пра сваіх педагогаў, Глеб прыгадаў Уладзіміра Валер’евіча Глушакова — былога мастацкага кіраўніка капэлы хлопчыкаў гімназіі-каледжа, які прывіў яму “любоў да заходняга гучання хору”. Другім адметным выкладчыкам у гімназіі-каледжы стала для яго Ларыса Андрэеўна Шымановіч, якая дзялілася азамі харавога дырыжыравання. “Па праўдзе сказаць, яна вельмі вылучалася сярод астатніх выкладчыкаў сваім нестандартным падыходам да нас, навучэнцаў, бо ёй удавалася праявіць увагу да кожнага. Яна вельмі тонка знаходзіла патрэбныя словы, каб скіраваць нашу ўвагу на вучобу і будучую прафесію”, — з цеплынёй у голасе ўспамінае былую выкладчыцу Г.Жабко.

Методыка заняткаў Глеба Жабко ўключае ў сябе пастаноўку голасу і дыхання, развіццё дыяпазону, навучанне імправізацыі і правільнаму інтанаванню, зняцце галасавых заціскаў і эмацыянальнага, псіхалагічнага напружання, адпрацоўку дыкцыі і пачуцця рытму, а таксама работу над рэпертуарам.

Затым у Інстытуце сучасных ведаў яму пашанцавала вучыцца ў Пятра Ялфімава. “Менавіта яго методыку выкладання эстраднага мастацтва ў пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці я ўзяў за аснову. Пётр даваў нам пэўны сімбіёз музычных ведаў, як класічных, так і сучасных, якія ён чэрпаў на інтэрнэт-рэсурсах заходніх школ. Але калі я быў проста яго студэнтам, то гэта ўспрымалася на адным узроўні, а калі сам пачаў выкладаць, то зусім на іншым, — прызнаецца педагог. — Сёння ўжо мае студэнты натхняюць мяне на тое, каб пастаянна вывучаць новыя школы і прыёмы, сачыц­ь за развіццём заходняга эстраднага мастацтва. Бо цяпер класічная акадэмічная школа нясе не больш чым базу і ні ў якім разе не з’яўляецца пастулатам. Зараз многія выкладчыкі вучацца ў сваіх калег з усяго свету пры дапамозе інтэрнэту, і я не бачу ў гэтым нічога дрэннага”.

Ад кантыленнасці да мелізматыкі

Хоць Глеб Жабко — педагог даволі малады, аднак ён даўно дакладна вызначыўся, у якім кірунку працаваць з юнымі талентамі. “Мая асноўная спецыялізацыя — дробная тэхніка. Я выдатна разумею, маючы як класічную харавую адукацыю, так і эстрадную, наколькі цяжка яе развіваць і наколькі яна слаба запатрабавана ў нашай музычнай культуры. Праблема яшчэ і ў тым, што мелізматыка патрабуе пастаяннага трэнінгу, але, на жаль, нам не заўсёды цікава займацца адным і тым жа доўгі час, тым больш што гэтага, можа, ніхто і ніколі не ацэніць. Але я абсалютна перакананы, што дробная тэхніка дае свой плён, і не толькі на прыкладзе маёй сястры Настассі. У мяне шмат выдатных навучэнцаў, сярод іх і Эліна Трафімчык, якая выступае пад псеўданімам Elline Day. Яна спрабавала свае сілы ў нацыянальным адборы для “Еўрабачання”, мы запісалі з ёй шмат цікавых, адметных кавераў, якія высока ацанілі ў Еўропе”, — адзначыў педагог.

У каледж мастацтваў прыходзяць розныя навучэнцы, і кожнаму неабходна падабраць сваю песню і тэмбральна, і жанрава. Таму Глеб вельмі шмат увагі ўдзяляе менавіта выбару твора: “Стараюся падбіраць песні, якія маглі б не толькі ўразіць і здзівіць, але і мелі б адукацыйны аспект, каб вакаліст, выконваючы яе, нечаму навучыўся. Да таго ж шмат часу мы адводзім на практыкаванні па мелізматыцы, бо гэта якраз тая сфера, па якой вельмі мала нагляднай практычнай інфармацыі, а тая, што ёсць у тым жа інтэрнэце, хутчэй падмена паняццяў, бо там не мелізмы, а ў лепшым выпадку пасажы. Я выпрацаваў свае практыкаванні, якія раздаю вучням у запісаным на дыктафон выгля­дзе, каб яны маглі ў любым тэмпе іх праслухаць і развучыць. Прынамсі, мелізмы бываюць простыя і камбінаваныя, калі сярод мелодыі раптам узнікае кампанент элементарнай гамы, што пераплятаецца з пентатонікай. Іх разнавіднасцей вельмі шмат — я іх і камбіную, і з варыяцый раблю практыкаванні. Бо, па сутнасці, вакалісту неабходна мець у навыку 6—7 варыянтаў мелізмаў, якія ён затым зможа выстаўляць блокам у песні. Калі ў юных выканаўцаў з’яўляюцца вось такія веды, уменні і навыкі, то яны пачынаюць разумець, што рэпертуар можа складацца не толькі з кантыленных баладных твораў, але і з даволі “спартыўнай” музыкі”.

Менавіта малодшая сястра Настасся сваімі выдатнымі конкурснымі вынікамі натхніла старэйшага брата і па сумяшчальніцтве педагога па вакале Глеба Жабко стаць прафесійным выкладчыкам.

Паказваючы любое вакальнае практыкаванне, Г.Жабко заўсёды падрабязна тлумачыць сваім вучням, для чаго яно патрэбна і дзе будзе сустракацца. “На жаль, шмат выкладчыкаў проста без тлумачэнняў даюць практыкаванне, а іх вучні слепа вераць ім, не разумеючы, для чаго яны гэта робяць, — дадае педагог. — З першай развучанай песні я выяўляю хібы вучня, якія можна ператварыць у вартасці. Так, у многіх не хапае дыхання, асабліва на вялікіх рэчытатывах. І тут два варыянты: або развіваць яго, што зойме нямала часу, або пачац­ь выконваць песні з люфтам, прыдыханнем, як быццам так і было задумана, што надасць пэўнай манернасці. І ўсё гэта неверагодна цікава, вакал для мяне нібы хімічная лабараторыя”.

Творчы сямейны тандэм

Глеб шмат гадоў з’яўляецца педагогам па вакале і сваёй роднай сястры Настассі Жабко, якая ў свае 14 гадоў даволі вядомая спявачка ў нашай краіне. У 2016 годзе Насця стала лаўрэатам 1 прэміі на ХIV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск-2016” у межах “Славянскага базару”, у 2017-м і 2019-м была ў дзясятцы фіналістаў нацыянальнага адбору на дзіцячае “Еўрабачанне”, стала паўфіналісткай Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі “Дзіцячая Новая хваля — 2017”, а ў канцы мінулага года стала пераможцай рэспубліканскага тэлевізійнага конкурсу “Талент краiны” і конкурсу “Маладыя таленты Беларусi”. Дзяўчына паспела паказаць сябе ў 15 знакамітых конкурсах, і на ўсіх адзначалі яе бездакорнае выкананне.

“Я спяваю з 5 гадоў. Гэта і нядзіўна: наша сям’я музычная, усе іграюць на фартэпіяна. Спачатку мой музычны патэнцыял заўважыла бабуля — кампазітар і паэтэса Яніна Жабко — і расказала матулі — музычнаму кіраўніку дзіцячага садка, і, зразумела, тая пачала займацца са мной. Але пасля 6 гадоў педагагічную эстафету перахапіў мой старэйшы брат, з якім мы пачалі працаваць спачатку над эстрадным жанрам, а пасля і над джазавым”, — расказала Насця. Сёння яна вучаніца 9 класа сталічнай гімназіі № 16, выпускніца дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Я.А.Глебава і выхаванка студыі эстраднага вакалу ЦДАДіМ “Кантакт”.

Розніца ва ўзросце паміж братам і сястрой — 16 гадоў. Але гэта ім толькі дапамагае лепш разумець адно аднаго. І калі Насці неабходна парада старэйшых, то Глеб заўсёды побач: “Спачатку я думаў, што такая вялікая розніца — гэта дрэнна, але па жыцці атрымліваецца, што, наадварот, вельмі добра. Насця можа падзяліцца са мной любымі сваімі перажываннямі, думкамі, спадзяваннямі, і я яе зразумею лепш, чым бацькі, падкажу, што рабіць у складанай сітуацыі, заўсёды знайду для яе словы падтрымкі”.

Кожная новая перамога для творчага тандэма Глеба і Настассі Жабко становіцца стымулам для руху наперад: напісання аўтарскіх песень і пробы сябе ў новых музычных жанрах.

“У нас выдатны творчы тандэм! Глеб вельмі крэатыўны і таленавіты. Думаю, той факт, што ён мой брат, толькі дапамагае нам, таму што ў нас выдатнае ўзаемаразуменне, ён як ніхто іншы разумее і адчувае мяне. Я пераканана, што з родным чалавекам займацца прасцей, бо мы роднасныя душы”, — дадала Настасся.

Зараз старэйшы брат як педагог робіць упор таксама на “спартыўную” музыку: “Мы па-ранейшаму працягваем працаваць у двух фарматах: займаемся і сучаснай, больш фарматнай музыкай, якая не патрабуе вялікіх галасавых затрат і вакальных навыкаў, і ў той жа час развіваем разнажанравасць, кантыленную музыку, джаз і мелізматыку, якую я і называю “спартыўнай”, — патлумачыў педагог. — На сённяшні дзень мы ўсё больш займаемся аўтарскай музыкай, бо Насця ў тым узросце, калі сама спрабуе пісаць музыку і даволі паспяхова гэта робіць, часам нават выпраўляе нейкія мае кампазіцыі. Прынамсі, мы супрацоўнічаем з Уладам Чыжыкавым, і наш сямейны дуэт часта перарастае ў трыа”.

Ліберальны падыход

“У мяне дастаткова ліберальны падыход да навучэнцаў: да мяне ўсе звяртаюцца на “ты” незалежна ад узросту. Пры гэтым хачу адзначыць, што мне пашанцавала, бо ў мяне выхаваныя дзеці і студэнты, і яны ніколі не пераходзілі рамкі дазволенага. І такое наша супрацоўніцтва давала толькі станоўчы вынік, бо здымаўся пэўны бар’ер скаванасці. А колькі разоў па-сяброўску даводзілася тлумачыць сваім вучням, што эстраднае мастацтва сінтэтычнае, а таму трэба прыгожа рухацца, і раіў пайсці, напрыклад, займацца танцамі або акцёрскім майстэрствам, і яны прыслухоўваліся”, — адзначыў педагог.

“Хочацца пажадаць калегам мысліць крэатыўна, не баяцца працаваць і вучыцца ў старэйшых. Бо часам маладыя не заўважаюць, што сталыя педагогі яшчэ неверагодна крэатыўныя і з вялікім багажом ведаў. А таму будзьце смялейшымі і вучыцеся ў іх з удзячнасцю!”

Такі педагагічны падыход дае плён: вучні рэгулярна паказваюць высокія вынікі на розных творчых спаборніцтвах. У чым жа залог іх поспеху? “Канечне, у скрупулёзнай працы, аднак вельмі важны фактар шанцавання. У сукупнасці пажадана, каб побач знаходзіліся крэатыўныя людзі, ад якіх можна зара­джацца натхненнем і смеласцю, каб далей самому ісці ў нагу з часам, не баючыся эксперыментаваць. Бо, я лічу, асноўны фактар няўдачы —  гэта страх нешта мяняць, эксперыментаваць і быць асуджаным калегамі і грамадствам. Таму я ўвесь час эксперыментую, часам нават з некаторымі няўдачамі”, — сказаў Глеб Жабко. Сваіх выхаванцаў ён заўсёды вучыць па-філасофску ставіцца да любых няўдач. Хоць, канечне, для яго самае прыемнае ў педагагічнай дзейнасці — “бачыць падзяку і шчасце ў вачах дзяцей” пасля чарговай перамогі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Глеба ЖАБКО.