Спартыўным школам неабходна вызначыць для сябе прыярытэтныя віды спорту

- 10:59Інфармацыйная гадзіна

Падрыхтоўка дзяцей у спартыўных школах павінна быць нацэлена на спорт найвышэйшых дасягненняў. Аб гэтым заявіла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава ў час наведвання Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы.

Наталля Качанава адзначыла, што ў шматлікіх спартыўных школах створаны аддзяленні лёгкай атлетыкі. Для рэгіёнаў гэта даволі зручна, паколькі ўсюды ёсць неабходная база — стадыёны. “Але калі ў спартыўнай школе няма трэнера па лёгкай атлетыцы, няма вынікаў і дасягненняў, то навошта ў гэтай школе ўтрымліваць аддзяленне па лёгкай атлетыцы? Ды і не кожнае дзіця можа быць спартсменам, калі ў яго няма фізічных даных. Гэта павінны разумець бацькі”, — лічыць яна.
Разам з тым займацца фізкультурай павінны ўсе дзеці. Добрай дапамогай для гэтага з’яўляецца сярэдняя школа або фізкультурна-спартыўны клуб па месцы жыхарства. Тут і нагрузка не такая высокая, як у спартыўных установах.
У той жа час эфектыўнасць работы дзіцячых спартыўных школ, якасць спартыўнай падрыхтоўкі ў іх па розных відах спорту неабходна павышаць.
“Галоўная мэта — вызначыць прыярытэтныя віды спорту ў такіх школах. У гэтыя ўстановы павінны прыйсці хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх будуць рыхтаваць да спорту найвышэйшых дасягненняў”, — сказала намеснік прэм’ер-міністра. Цяпер Мінспорту праводзіць атэстацыі дзіцячых спартыўных школ, каб вызначыць, якія віды спорту аптымальна развіваць у тым ці іншым рэгіёне, і менавіта па іх будзе ўзмоцнена работа школ пры падрыхтоўцы спартсменаў.
Наталля Качанава закранула кадравае пытанне. “Матэрыяльна-тэхнічная база, вядома, павінна быць дастойнай, і мы павінны яе паляпшаць. Але не заўсёды добрае абсталяванне дае вынік. Павінен быць трэнер, які можа арганізаваць вучэбна-трэніровачны працэс такім чынам, каб дзецям гэта было цікава і яны бачылі перспектывы ў дасягненні вынікаў”, — падкрэсліла яна.
Непасрэдна ад якасці работы трэнера залежыць і яго заработная плата, адзначыла намеснік прэм’ер-міністра. Акрамя таго, калі кіраўнік дзіцячай спартыўнай школы або вучылішча алімпійскага рэзерву зацікаўлены, каб у яго былі спецыялісты, ён зробіць усё, каб падтрымаць іх і матэрыяльна.
Наталля Качанава мае намер наведаць усе рэспубліканскія цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі, у першую чаргу па тых відах спорту, па якіх ідзе падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра. У прыватнасці, плануецца ацаніць эфектыўнасць работы ўстаноў, матэрыяльна-тэхнічную базу, умовы падрыхтоўкі спартсменаў. У снежні плануецца правядзенне алімпійскага сходу, дзе будуць разгледжаны пытанні развіцця спорту ў краіне.