Спартыўныя амбіцыі

- 8:05Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Настаўніку фізічнай культуры і здароўя Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Анджэю Занеўскаму прысвоена званне “Чалавек года Гродзеншчыны”. 

Анджэй Рышардавіч Занеўскі стаў лаўрэатам прэміі Гро­дзенскага аблвыканкама, якая штогод прысуджаецца лепшым працаўнікам рэгіёна за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці.

— Галоўнае багацце Гро­дзеншчыны — гэта людзі, мэтанакіраваныя, добрасумленныя, вельмі працавітыя, якія любяць свой край, — падкрэсліў, віншуючы лаўрэатаў прэміі, старшыня Гро­дзенскага аблвыканкама Ула­дзімір Каранік. — Усе дасягненні вобласці, яе дынамічнае развіццё забяспечваюцца працай простых работнікаў. Гэта тычыцца і развіцця эканомікі, сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, аховы здароўя, адукацыі. Традыцыя ўшанавання найбольш яркіх прадстаўнікоў рэгіёна — гэта магчымасць яшчэ раз сказаць вялікі дзякуй тым, хто на працягу года дасягнуў найбольш значных поспехаў, а ў іх асобе і калектывам, якія стаяць за іх спінай.

— Анджэй Рышардавіч — таленавіты педагог, майстар сваёй справы, — адзначыў дырэктар Гудзевіцкай сярэдняй школы Сяргей Мармыш. — Ён ведае, як праца­ваць з дзецьмі і знайсці падыход да кожнага. На працягу апошніх трох гадоў выхаванцы гэтага настаўніка становяцца дыпламантамі на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Ву­чыць дзяцей займацца фізкультурай і спортам, фарміраваць здаровы лад жыцця — гэта яго прызванне. Дзеці да яго цягнуцца, з задавальненнем ходзяць на ўрокі і трэніроўкі, ён умее іх заматываваць. 

Для Анджэя Занеўскага Гудзевіцкая сярэдняя школа стала першым месцам працы, і, як аказалася — назаўжды. Сюды ён прыйшоў настаўнікам фізкультуры ў 1998 годзе пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дзе вучыўся па спецыяльнасці “Фізічная культура і масавая фізкультурна-аздараўленчая работа”. З дзяцінства захапляўся фізкультурай, рухавымі гульнямі, таму і выбраў такую спецыяльнасць. Два гады давялося папрацаваць намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ў ЗАТ “Гудзевічы”. Але, як прызнаецца педагог, пацягнула назад у родную школу, таму і вярнуўся. Школа знаходзілася праз дарогу, цяжка было не звяртаць увагі на тое, што там адбываецца, не ўспамінаць сваіх выхаванцаў.

— Памятаю, як упершыню прыйшоў у школу ў якасці педагога, як цяпер разумею, “зялёным”, з недахопам вопыту і ведаў, але са сваімі амбіцыямі, жаданнем нечага дасягнуць, — расказвае Анджэй Рышардавіч. — Цяпер ёсць ужо і вопыт, і дасягненні, аднак спыняцца на гэтым не хочацца. Тым больш што сённяшніх дзяцей дастаткова складана зацікавіць заняткамі фізічнай культурай, яны хутка стамляюцца, бо шмат часу праводзяць за гаджэтамі і мала рухаюцца. Я ўжо інакш падыходжу да арганізацыі ўрокаў, трэніровачнай дзейнасці, чым пяць­дзесяць гадоў назад. Усё прыйшло з вопытам.

Педагог адказна падыхо­дзіць да падрыхтоўкі школьных каманд па валейболе. Калі раней спадзяваўся толькі на сябе, то цяпер ён выкарыстоўвае і вопыт калег, назірае за іншымі школьнымі камандамі і гульнямі прафесіяналаў. На аснове атрыманай інфармацыі выпрацоўвае сваю стратэгію работы. Настаўнік уважліва сочыць за дзецьмі, імкнецца заўважыць перспектыўных спартсменаў, а ў сельскай школе з колькасцю навучэнцаў да ста чалавек зрабіць гэта не так проста. Калі, напрыклад, у класе 8—9 чалавек і з іх тры хлопчыкі, то складана сабраць каманду з 8 чалавек аднаго ўзросту.

У 2018 годзе ўпершыню каманда хлопчыкаў Гудзевіцкай сярэдняй школы выйграла абласныя спаборніцтвы па валейболе ў праграме спартакіяды сярод сельскіх жыхароў “Каласок”, а затым заняла 1-е месца і на рэспубліканскіх спаборніцтвах.

— Кожны год мы не можам рыхтаваць каманду, гэта вельмі складана, — прызнаецца Анджэй Рышардавіч. — Неабходна, каб дзіця сур’ёзна займалася пэўным відам спорту на працягу трох-пяці гадоў. У мінулым го­дзе нам усё ж удалося выставіць на спаборніцтвы каманды і юнакоў, і дзяўчат. Абедзве выйгралі абласныя спаборніцтвы ў рамках спартакіяды па месцы жыхарства “Спорт для ўсіх” сярод дзяцей і падлеткаў. І потым адправіліся на рэспубліканскую спартакіяду сярод сельскіх жыхароў “Каласок”, якая праходзіла ў Навагрудку. Там каманда дзяўчынак заняла 2-е месца, а хлопчыкі сталі пераможцамі. Восенню мінулага года наша каманда па валейболе прадстаўляла Гродзенскую вобласць на спартакіядзе школьнікаў Расіі і Беларусі, якія жы­вуць у сельскай мясцовасці, і заняла 3-е месца.

Перамогі натхняюць не толькі дзяцей, але і ўсю школу, а таксама бацькоў юных спартсменаў. Так склалася, што ў Гудзевіцкай сярэдняй школе валейболам зай­маюцца многія пакаленні. Калі на пляцоўку выхо­дзіць каманда валейбалістаў, то за іх хварэ­юць бацькі, старэйшыя браты і сёстры, бо яны таксама прайшлі гэты шлях. А малодшых школьнікаў гэта толькі матывуе займацца спортам.

— Я заўсёды стараюся расказваць дзецям пра перамогі нашых каманд, паказваю кубкі, якія яны заваявалі, каб зацікавіць іх займацца фізічнай культурай, трэніравацца, хадзіць на секцыі па валейболе, лёгкай атлетыцы. У нашай школе большасць дзяцей займаецца фізкультурай у вольны час. Ёсць добрыя вынікі. Вось і на нядаўніх спаборніцтвах у Навагрудку каманда хлопчыкаў 2006 года нараджэння заняла 1-е месца, — расказаў настаўнік. 

Добрыя вынікі гудзевіцкія школьнікі паказваюць на Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Два гады назад Ангеліна Эйсмант атрымала дыплом II ступені на заключным этапе алімпіяды. Сёлета Роберт Эйсмант таксама заваяваў на заключным этапе дыплом II ступені. На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды дыпломамі розных ступеняў узнагароджаны Роберт Эйсмант і Ксенія Кудрына, а на раённым — Аляксандра Маляўка, Мацвей Маляўка, Марыя Шчарбіна і Ксенія Кудрына. Дарэчы, Ксенія літаральна днямі вярнулася з рэспубліканскіх спаборніцтваў па мнагаборстве “Здароўе”, дзе ў асабістым першынстве заняла 2-е месца. Другі год запар пераможцам рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы” становіцца Арсеній Ядэйка.

Заняткі фізкультурай не абмяжоўваюцца школьным урокам. Дзеці з задавальненнем прыхо­дзяць у спартыўную залу, на стадыён і падчас канікул. Сельская школа забяспечана ўсім неабходным, каб дзеці маглі развівацца і займацца спортам. Дапамогу аказвае ўпраўленне адукацыі Мастоўскага райвыканкама, мясцовая гаспадарка “Гудзевічы”. Ініцыятывы педагога падтрымлівае кіраўніцтва школы.

Матэрыялы Ірыны АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва А.Р.Занеўскага.