Спартыўныя падарункі для сельскай школы

- 12:04Актуально, Апошнія запісы

Падарункі, якія стануць добрай дапамогай для развіцця спорту і арганізацыі фізкультурна-масавай работы, умацавання здароўя, атрымалі навучэнцы і настаўнікі Гальшанскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна. Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка ўручыў навучальнай установе камплект спартыўнага інвентару — мячы, лыжы, тэнісны стол.

Міністр адукацыі пабываў на спартыўным свяце “Мы разам”, азнаёміўся з арганізацыяй вучэбнага працэсу ў школе, спартыўнымі дасягненнямі яе выпускнікоў і сённяшніх навучэнцаў.

— Мне прыемна прысутнічаць на вашым свяце, — сказаў І.В.Карпенка на ўрачыстасці. — Фізкультурна-аздараўленчая ра­бота — неад’емная частка адукацыйнага працэсу. Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” дазволіла сабраць значныя сродкі, якія былі накіраваны на набыццё спартыўнага інвентару для сельскіх агульнаадукацыйных школ. У іх лік увайшла і ваша ўстанова адукацыі. У Беларусі ствараюцца ўсе ўмовы, каб дзеці былі адукаванымі і паспяховымі. Жадаю вам зрабіць правільны выбар у жыцці і с­таць годнымі грамадзянамі нашай краіны.

За час рэалізацыі дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” было сабрана 30 тысяч рублёў, якія накіравалі на ўмацаванне спартыўнай базы сельскіх навучальных устаноў краіны. Міністр адукацыі адзначыў, што ў гэтым годзе па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь будзе абноўлена спартыўная база звыш 3 тысяч навучальных устаноў, у тым ліку закуплена 12 тысяч пар лыж. Разглядаецца пытанне аб унясенні ў Дзяржайную праграму “Адукацыя і маладзёжная палітыка” падпра­грамы аб забеспячэнні сярэдніх школ спартыўным інвентаром і трэнажорамі як праз цэнтралізаваныя закупкі, так і праз мясцовыя органы кіравання.

Гальшанская школа — адна з самых буйных сельскіх школ Ашмянскага раёна.

— Школа сёння з’яўляецца месцам прыцягнення ў Гальшанах і для дзяцей, і для дарослых, — адзначыла дырэктар школы Марына Гайдукевіч. — На зяняткі спортам мы запрашаем і бацькоў нашых вучняў, і супрацоўнікаў мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Гальшаны”. У тым ліку ў суботу. Новы спартыўны інвентар будзе ў нас з карысцю выкарыстоўвацца.

Вучні школы актыўна ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах “Снежны снайпер”, у першынст­вах па зімовым і летнім мнагаборстве “Здароўе” і паказваюць высокія вынікі. Навучэнка 9 класа Ілона Кабак займаецца лёгкай атлетыкай, з’яўляецца прызёрам рэспубліканскай спартакіяды па выкананні нарматываў фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Пасля заканчэння школы марыць паступіць у Гро­дзенскае вучылішча алімпійскага рэзерву. А выпускніца школы Наталля Міцкевіч, студэнтка 3 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, кандыдат у майстры спорту па біятлоне, у гэты дзень прыехала ў Гальшаны, каб паўдзельнічаць у значнай падзеі і падзякаваць роднай навучальнай установе за тое, што дала ёй пуцёўку ў вялікае спартыўнае жыццё. Такі шлях у спорт атрымліваюць і навучэнцы спартыўнага класа, які быў адкрыты ў Гальшанскай сярэдняй школе ў мінулым го­дзе. Гэта другі такі клас у раёне.

І.В.Карпенка азнаёміўся з работай школы, у прыватнасці з дзейнасцю бізнес-кампаніі, матэрыяльна-тэхнічнай базай, арганізацыяй вольнага часу дзяцей. Пабываў у народным гісторыка-краязнаўчым музеі імя Эдуарда Корзуна.          

У гэты дзень гальшанскую школу наведалі і самыя актыўныя ў вучобе, спорце, грамадскіх справах вучні Ашмяншчыны. Ва ўстанове прайшоў круглы стол, падчас якога школьнікі змаглі задаць пытанні міністру адукацыі.

— Ці давяраеце вы сваім настаўнікам? — задаў пытанне Ігар Васільевіч дзецям. І, пачуўшы сцвяр­джальны адказ, прадоўжыў: — Я сёння такі ж настаўнік, і вы можаце задаць мне любое пытанне.

Навучэнцы не ўпусцілі такую магчымасць. Яны цікавіліся пра ўступныя выпрабаванні ва УВА, цэнтралiзаванае тэсцiраванне, экзамены ў школе, пра якасць зместу падручнікаў. Былі і асабістыя пытанні накшталт таго, ці марыў Ігар Васільевіч быць міністрам, што чытае і як ставіцца да інтэрнэту.

— Сістэма агульнай сярэдняй адукацыі павінна не столькі падрыхтаваць выпускніка да цэнтралiзаванага тэсцiравання і паступлення, колькі стварыць умовы, каб любы навучэнец пасля заканчэння школы быў гатовы да выхаду ў сама­стойнае жыццё, — адзначыў міністр адукацыі, а таксама дадаў, што яму вельмі прыемна бываць у сельскіх школах, бо менавіта ў невялікай сельскай школе ў Полацкім раёне ён пачынаў свой прафесійны шлях.

У падарунак ад міністра адукацыі напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ашмянскія школьнікі артымалі кнігі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і, канечне, зрабілі фота на памяць.

І.В.Карпенка сустрэўся ў гэты дзень з дырэктарамі навучальных устаноў раёна і педагагічнай грамадскасцю. На сустрэчы ў сярэдняй школе № 3 Ашмян прысутнічалі таксама начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская, старшыня Ашмянскага райвыканкама Міраслаў Саросек, начальнік упраў­лення адукацыі Ашмянскага рыйвыканкама Святлана Баркоўская.

Размова на сустрэчы ішла пра якасць адукацыі, работу з педагагічнымі кадрамі, метадычнае су­праваджэнне адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, мадэль арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі вучняў 10-х класаў, дзейнасць сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай служб. Міністр адукацыі І.В.Карпенка адказаў на пытанні прысутных.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.