Спасцігаць невядомае, тварыць і перамагаць

- 17:06Адукацыйная прастора

На Віцебшчыне праходзіць заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па пяці вучэбных прадметах. Фіналістаў па грамадазнаўстве, рускай мове і літаратуры прымае Лужасна, па фізіцы і атраноміі — Полацк.

Урачыстае адкрыццё заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, рускай мове і літаратуры адбылося ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы. У спаборніцтва ўступілі без малага 200 пераможцаў абласных і Мінскага гарадскога этапаў алімпіяды. Прадстаўнікі Ліцэя БДУ па рускай мове і літаратуры выступаюць у складзе каманды сталіцы, па грамадазнаўстве — асобна. Ад імя кіраўніцтва і педагагічнай грамадскасці Віцебскай вобласці ўдзельнікаў павітаў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.

— Для кагосьці веснавыя канікулы — час адпачыць, сабрацца з сіламі і думкамі на ўдалае завяршэнне навучальнага года. Для вас гэта сур’ёзны іспыт, па выніках якога будуць названыя лепшыя з лепшых, — звярнуўся да юных талентаў Дзмітрый Леанідавіч. — Невыпадкова, што сёння мы ладзім заключны этап алімпіяды на Віцебшчыне — зямлі гераічнай і слаўнай, якая з’яўляецца калыскай беларускай дзяржаўнасці, радзімай сусветна вядомых паэтаў і пісьменнікаў, палітыкаў, вучоных, дзеячаў культуры і мастацтва. Нам ёсць чым ганарыцца. А заўтрашні дзень нашай Беларусі залежыць ад кожнага з вас. Стварэнне спрыяльных умоў, усебаковая падтрымка таленавітай моладзі — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, навука і адукацыя — вядучыя фактары прагрэсу і цывілізацыі. Адукацыя становіцца не проста сродкам самарэалізацыі асобных маладых людзей, а магутным рэсурсам развіцця рэгіёнаў і ўсёй краіны. Алімпіяда дасць вам магчымасць паказаць веды, раскрыць талент, пазнаёміцца і пасябраваць, навучыцца чамусьці новаму. Мы ўпэўнены, што ў вас не знікне жаданне і далей упарта працаваць, атрымліваць новыя веды, спасцігаць невядомае, тварыць і перамагаць.

Мэтанакіраваная праца, цярплівасць, цікаўнасць і несумненны талент да вывучэння прадметаў дапамаглі фіналістам алімпіяды наблізіцца да самай вяршыні інтэлектуальнага алімпу. Пакарыць яе — задача на найбліжэйшы час. Ад імя Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь разумнікаў і разумніц павіншавала і пажадала поспехаў кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Анжэла Кудаярава. Яна падкрэсліла: наступае вельмі адказны і хвалюючы час — і арганізатары падзяляюць гэтыя пачуцці. Таму ў складзе журы працуюць лепшыя выкладчыкі вядучых устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны з усіх рэгіёнаў, гатовыя “журыць” справядліва і кампетэнтна.

Старшыня журы алімпіяды па грамадазнаўстве, намеснік дэкана юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Андрэй Шыдлоўскі адзначыў: у заданнях прадстаўлены многія кірункі, у тым ліку права, сацыялогія, міжнародныя адносіны, паліталогія, філасофія. Тыя, хто выбраў нялёгкі шлях грамадазнаўства, вельмі смелыя. Спаборнічаць у алімпіядным фармаце адразу ў комплексе прадметаў сацыяльна-гуманітарнага кірунку — дарагога варта і, безумоўна, заслугоўвае павагі. Аднак, у поўнай адпаведнасці са словамі Дэмакрыта, важна не мнагаведанне, а мнагадуманне. Эрудыцыя і глыбокае веданне прадмета — неабходныя ўмовы перамогі. Разам з тым найперш вітаюцца інавацыі, арыгінальныя ідэі і падыходы. Заключны этап алімпіяды хутчэй не барацьба, а конкурс пераможцаў, у якім галоўная задача кожнага — пераўзысці самога сябе, выйсці на новы ўзровень у асабістым развіцці.

— Мне асабліва радасна вітаць фіналістаў на маёй радзіме, Віцебшчыне. Прыемна сустрэць даўніх знаёмых, якія неаднаразова выходзілі на заключны этап, былі яго пераможцамі і прызёрамі, а таксама наша новае папаўненне – чакаю, што з гэтымі маладымі людзьмі мы пазнаёмімся бліжэй, пасябруем і ў будучыні, магчыма, станем калегамі, — падзяліўся ўражаннямі старшыня журы алімпіяды па рускай мове і літаратуры, дэкан філалагічнага факультэта, прафесар кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, доктар педагагічных навук Сяргей Нікалаенка. — Штораз у падобныя моманты адчуваю вялікі гонар за нашу моладзь. Юнакі і дзяўчаты выдатна падрыхтаваныя, эрудзіраваныя. Яны здольныя напружана і плённа працаваць, умеюць спаборнічаць. Кожны настроены на перамогу, таму што разумее: гэта важна не толькі для яго асабіста — за ім, навучэнцам, — праца і надзеі педагогаў, бацькоў, роднай школы, горада, раёна, вобласці. Жадаю ўсім і асабліва адзінаццацікласнікам сканцэнтравацца і выдаць нагара ўсё, што ведаюць, умеюць, вывучылі, напісалі. Каб прыйсці да поспеху, трэба верыць у свае сілы, імкнуцца быць лепшымі. І разам з тым не забываць, што алімпіяда — значны, але, тым не менш, толькі эпізод жыцця: наперадзе — вялікі шлях, новыя спаборніцтвы і выпрабаванні, перамогі і дасягненні.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.