Спасцігнуць і пазнаць свае карані

У яслях-садзе № 19 Наваполацка з лютага 2015 года рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўстанове дашкольнай адукацыі” пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Людмілы Мікалаеўны Варанецкай. Педагагічную дзейнасць мы будуем, абапіраючыся на спадчыну беларускага народа, яго традыцыі, мову, мінулае.

Вельмі важна з ранняга ўзросту закласці маральна-патрыятычныя асновы асобы, сфарміраваць у дзяцей правільныя ўяўленні пра наваколле і даць адчуць сябе грамадзянінам. На дапамогу прыйшла музейная педагогіка. Педагогі дашкольнай установы лічаць, што музей — крыніца сацыяльна-маральнага і асабістага развіцця дзіцяці, паколькі з’яўляецца сховішчам гісторыі, дзе зберагаецца назапашаны вопыт пакаленняў. Гэта адзін са спосабаў пазнання навакольнага свету. Дзеля ўзбагачэння дзяцей уражаннямі, ведамі аб незнаёмых прадметах у яслях-садзе № 19 Наваполацка быў створаны этнаграфічны музей “Беларуская хата”. Выхаванне падрастаючага пакалення немагчыма без выкарыстання педагагічнага вопыту продкаў. Гэта і вызначыла работу нашага музея па трох кірунках.

Першы кірунак — “Знаёмства з побытам беларускага народа”. Падарожнічаючы з дамавіком па беларускай хаце, дзеці знаёмяцца з яе абсталяваннем і інтэр’ерам. У цікавай форме выхаванцы даведваюцца пра значэнне печы. Для прыцягнення ўвагі выкарыстоўваюцца разнастайныя прыёмы: прыход гаспадыні, магчымасць патрымаць рэчы хатняга ўжытку (чыгунок, калаўрот, каромысел і г.д.). Выкарыстоўваем сюрпрызны момант з куфрам, калі дзеці даведвацца, што ў ім захоўвалі адзенне, бялізну, тканіну, розныя каштоўнасці.

Другі кірунак — “Знаёмства з рамёствамі беларусаў”. “Гліняны пеўнік” запрашае дзяцей у госці да ганчара. У даступнай форме выхаванцы знаёмяцца з працай ганчара, уласцівасцямі гліны, разнастайнасцю ганчарных вырабаў. Разглядаючы вырабы майстроў саломапляцення, дзеці даведваюцца пра “цуда-саломку” і яе ўласцівасці. Як свецяцца радасцю і здзіўленнем вочы дзяцей, калі саламяныя трубачкі ператвараюцца ў прамяністае сонейка, пацешнага павучка, незвычайную кветку. На занятках дзеці знаёмяцца з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам і самі выступаюць у ролі народных майстроў-умельцаў. Вырабляюць лялек з нітак і тканіны, спасцігаюць першыя ўрокі ткацтва. Асаблівую ўвагу ўдзяляем знаёмству выхаванцаў з беларускім арнаментам. Кожнае дзіця ўпрыгожвае вырабы беларускім узорам, праяўляе творчасць, далучаецца да культуры беларускага народа.

Трэці кірунак работы этнамузея — знаёмства з беларускім фальклорам. Асаблівую ўвагу мы ўдзеляем знаёмству дзяцей з народнымі святамі і традыцыямі. Незвычайна для сучасных дзяцей быць удзельнікамі народных святаў. Апранаючы нацыянальныя касцюмы, яны адчуваюць сябе сапраўднымі беларусамі і знаёмяцца з абрадамі свайго народа. Ужо стала традыцыяй сустракаць гасцей з іншых дашкольных устаноў у нашым музеі, дзе выхаванцы выступаюць у ролі экскурсаводаў і на роднай мове знаёмяць равеснікаў з экспанатамі этнамузея.

Педагогі дзіцячага сада імкнуцца, каб дзеці авалодалі беларускай мовай у працэсе спецыяльна арганізаванай дзейнасці і ў паўсядзённым жыцці. Таму ў нашай дашкольнай установе ствараем моўнае асяроддзе, якое спрыяе гарманічнаму развіццю. Гледзячы на сваіх дзяцей, бацькі далучаюцца да гісторыі краіны, спазнаюць культуру беларускага народа.

Наталля ХІХІЧ,
загадчык ясляў-сада № 19 Наваполацка;
Вольга ДАВЫДАВА,
выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.