Спектаклі для пабудовы сацыякультурнай камунікацыі

У нашай школе дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Казка”, кіраўніком якога я з’яўляюся. Мэта аб’яднання — вывучэнне асноў тэатральнага мастацтва, а таксама практычная тэатральная дзейнасць на рускай, беларускай і англійскай мовах. Ластаўкай пастановак бягучага навучальнага года стаў спектакль “Аднойчы ў Дзень маці” (на рускай і англійскай мовах), у якім дзеянне адбываецца ў Лондане.

У пастаноўцы ўдзельнічалі вучні 7 і 8 класаў. Галоўныя ролі Майкла і Вэндзі выканалі Арцём Ермакоў і Вераніка Зельманчук (7 “В” клас). Сцэнарый пастаноўкі аўтарскі.

Трэба адзначыць, што мае навучэнцы вельмі творчыя людзі. Сумесна мы неаднойчы абмяркоўвалі сцэнарый, дапаўнялі яго. Важна, што падлеткі не толькі творча папрацавалі, але і замацавалі свае веды ў галіне літаратуры. Спектакль быў пастаўлены ў жанры фэнтэзі. А, як вядома, тэмы Reading і Cinema вывучаюцца ў адпаведнасці з праграмай па замежных мовах у 6 і 8 класах. Больш за тое, у пастаноўцы былі выкарыстаны міжпрадметныя сувязі. Школьнікам абавязкова спатрэбяцца гэтыя веды пры вывучэнні рускай і беларускай літаратур.

Сцэнарый спектакля быў цесна звязаны з сюжэтамі рамана Джэймса Бары “Пітэр Пэн” і аповесці А.Волкава “Чараўнік Смарагдавага горада”. Каб паставіць спектакль вучням, якія яшчэ не былі знаёмы з гэтымі творамі, давялося прачытаць іх, праглядзець іх кіна- і мультыплікацыйныя версіі, што, бясспрэчна, садзейнічала развіццю ў дзяцей любові да чытання і кінамастацтва. Акрамя таго, мы з вучнямі была абмеркавалі казку Лаймена Баума “Дзівосны чараўнік з краіны Оз”, якая з’яўляецца праасновай “Чараўніка Смарагдавага горада”.

Такім чынам, вывучаючы амерыканскі твор і яго перапрацоўку, раман англійскага пісьменніка Джэймса Бары “Пітэр Пэн”, вучні развівалі навыкі сацыякультурнай камунікацыі, параўноўваючы адрозненні паміж амерыканскай, англійскай і айчыннай літаратурамі.

Напрыканцы спектакля дзве актрысы нашага тэатра выканалі песню “Ты мая” спявачкі Валерыі, прысвечаную любові да маці. А ў канцы ўсе акцёры спусціліся ў глядзельную залу і падарылі сваім мамам кветкі.

Пазакласная работа вучняў у тэатральным напрамку не толькі спрыяе павышэнню матывацыі і сацыякультурнай камунікацыі, крэатыўнасці, замацаванню ведаў па многіх школьных дысцыплінах, але і садзейнічае развіццю лепшых чалавечых якасцей: любові да бацькоў, умення працаваць у камандзе, трымацца перад публікай, упэўненасці ў сабе.

Усім настаўнікам жадаю развіваць у сваіх вучнях станоўчую матывацыю, каб ім хацелася працаваць не толькі на ўроках, але і па-за імі. Прычым працаваць настолькі плённа, каб радасць ад вынікаў атрымлівалі і яны, і настаўнікі, і бацькі, а таксама ўсе наведвальнікі тэатральных пастановак.

Святлана СЁМІНА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 24 Брэста.