Спецыялісты для ІТ-краіны

- 11:09Вышэйшая школа

Уступная кампанія для маладых людзей — з’ява незабыўная, асабліва калі табе ўручае падарункі рэктар установы, куды збіраешся паступаць. 12 ліпеня Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі ветліва адчыніў свае дзверы перад абітурыентамі.

Рэктар БДУІР Міхаіл Батура адзначыў, што прагноз на ўступную кампанію аптымістычны. Гэта, па словах Міхаіла Паўлавіча, звязана з дзвюма знакавымі падзеямі, якія адбыліся ва ўніверсітэце. Першая з іх — падвоены выпуск (сёлета БДУІР выпусціў спецыялістаў, якія вучыліся па пяці- і чатырохгадовых праграмах). 4152 чалавекі атрымалі дыпломы і былі забяспечаны працоўнымі месцамі. Другая — пасяджэнне прыёмнай камісіі па залічэнні ў магістратуру. Так, на другую ступень навучання паступіла каля трэці выпускнікоў. “Беларусь — гэта ІТ-краіна. І задача ўніверсітэта — рыхтаваць для яе высокапрафесійныя кадры”, — выказаў думку рэктар.

Каб паскорыць і спрасціць працэс падачы дакументаў, у БДУІР працуе аўтаматызаваная сістэма. У яе межах на сайце priem.bsuir.by абітурыенты ствараюць свой кабінет, дзе, акрамя асабістых даных, указваюць пералік спецыяльнасцей у парадку прыярытэту. Іх колькасць можа вар’іравацца ў залежнасці ад жадання абітурыента ад адной да трыццаці. Распрацоўшчыкі сістэмы сёлета прапануюць некалькі новаўвядзенняў. Па-першае, у абітурыентаў з’явілася магчымасць аформіць адразу дзве заявы — на бюджэтную форму навучання і на платную. Гэта зберагае час маладых людзей, якія не будуць залічаны на бюджэт. Па-другое, заявы рэгіструюцца ў электронным журнале, што дазваляе пазбягаць вялікіх чэргаў. Сістэма функцыянавання такога журнала вельмі простая: штодня яго будуць раздрукоўваць, завяраючы неабходнымі подпісамі і пячаткамі.

“Пры залічэнні камп’ютарная сістэма сама размяркуе студэнтаў па месцах, якія суадносяцца з іх пажаданнямі і набранымі баламі. Як правіла, чым больш спецыяльнасцей у спісе, тым большая верагоднасць стаць студэнтам БДУІР. Але, нягледзячы на аўтаматызаваную сістэму размеркавання, ад абітурыента патрабуецца падаць дакументы ў прыёмную камісію асабіста”, — падкрэсліў намеснік старшыні прыёмнай камісіі ўніверсітэта Барыс Нікульшын.

Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУІР Васіля Бандарыка, сёлета на бюджэтную форму навучання (дзённае і завочнае аддзяленні) будуць прыняты 1260 абітурыентаў. “У мінулым годзе самыя высокія балы былі на ІТ-спецыяльнасці. Чым больш “айцішнай” была спецыяльнасць, тым вышэйшы быў прахадны бал. Так, найбольш запатрабаваным аказаўся факультэт камп’ютарных сістэм і сетак (напрыклад, на спецыяльнасць “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання” прахадны бал складаў 373 з 400 магчымых)”, — расказаў Васіль Міхайлавіч.

Аляксандр Панкрацьеў, які стаў адным з першых абітурыентаў БДУІР і атрымаў падарунак з рук рэктара Міхаіла Батуры, рыхтаваўся да паступлення без рэпетытараў, з дапамогай шольных настаўнікаў. У выніку хлопец набраў 336 балаў. “Я даўно цікаўлюся ІТ-сферай, а БДУІР — найбуйнейшая ўстанова адукацыі, якая спецыялізуецца ў гэтым напрамку”, — патлумачыў юнак выбар універсітэта.

У першы дзень падала дакументы і Дар’я Арлова. Дзяўчына скончыла Мінскі каледж бізнесу і права і ў далейшым плануе працаваць у сферы эканомікі. “Хацелася б працягваць навучанне менавіта ў БДУІР, бо гэты ўніверсітэт мае высокі рэйтынг сярод устаноў вышэйшай адукацыі”, — падзялілася абітурыентка.

У пятніцу, нягледзячы на тое, што да канца ўступнай кампаніі засталося тры дні, ужо вылучыліся прыярытэтныя спецыяльнасці. Так, па стане на 15 гадзін на спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)” (факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання) на 10 бюджэтных месцаў заявы падалі 52 чалавекі; на спецыяльнасць “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання” (факультэт камп’ютарных сістэм і сетак) на 50 месцаў пададзена 126 заяў, прычым 21 абітурыент паступае без экзаменаў; на “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” (факультэт камп’ютарных сістэм і сетак) на 70 месцаў прэтэндавалі 159 абітурыентаў.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.