Спецыялісты нарасхват

- 10:29Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Абласны конкурс прафесійнага майстэрства выявіў лепшых слесараў і электраманцёраў па рамонце аўтамабіляў.

Спаборніцтва праходзіла на базе Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага з удзелам навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, якія атрымліваюць прафесіі слесар па рамонце аўтамабіляў і электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання.

У мінулым годзе на базе каледжа паспяхова прайшоў абласны конкурс слесараў па рамонце аўтамабіляў, таму мерапрыемства вырашылі праводзіць штогод. Летась дабавілі яшчэ адну спецыяльнасць — “Электраманцёр”.

— Як паказала практыка, конкурс быў вельмі цікавы работадаўцам, асабліва тым, каму патрэбны слесары па рамонце аўтамабіляў. Многія падчас выканання ўдзельнікамі конкурсных заданняў адбіралі сабе работнікаў. За асобных з іх разгарэлася сапраўдная барацьба. Увогуле, усе навучэнцы прафесійна-тэхнічных устаноў паказалі добрую падрыхтоўку. Дзякуючы конкурсу навучэнцы падцягнулі свае навыкі. Многія ўстановы спе­цыяльна набылі электраінструмент, абсталяванне, якое спатрэбіцца ў вучэбным працэсе, — расказаў намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага Анд­рэй Аляксейчанка.

Па выніках конкурсу лепшым аўтаэлектрыкам стаў Мікалай Пагарэльчук, а слесарам па рамонце і абслугоўванні тармазной сістэмы — Андрэй Рэй­шэль з Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага. Званне лепшага слесара па рамонце рухавікоў заваяваў Цімафей Доўгун са Скідзельскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, а электраманцёра — Аляксей Карабач з Воранаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці.

Шматлікім удзельнікам конкурсу паступілі прапановы аб далейшым працаўладкаванні па прафесіях, якія яны асвойваюць ва ўстановах адукацыі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена
Гродзенскім дзяржаўным электратэхнічным каледжам
імя Івана Шчаснага.